Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праваабаронцы фіксуюць беспрэцэдэнтны ўзровень маніпуляцыяў зь яўкай


На выбарчым участку падчас датэрміновага галасаваньня ў Менску, 6 кастрычніка 2015 году

На выбарчым участку падчас датэрміновага галасаваньня ў Менску, 6 кастрычніка 2015 году

У першы дзень датэрміновага галасаваньня назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» зафіксавалі значнае завышэньне дадзеных яўкі з боку выбарчых камісіяў, а таксама шмат выпадкаў прымусу да ўдзелу ў галасаваньні.

Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода паведаміў праваабаронца Ўладзімер Лабковіч.

Як адзначае Лабковіч, калі ня ўлічваць цяперашні ўзровень завышэньня яўкі, у цэлым першы дзень датэрміновага галасаваньня вельмі супадае з тым, што назіральнікі бачылі на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах. Акрамя таго, актывісты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» фактычна не сутыкаліся з такімі парушэньнямі, як нядопуск назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі.

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч

«Але застаецца тое, што мы заўсёды крытыкуем, бо датэрміновае галасаваньне ў прынцыпе закрытае для назіраньня. Мы не кантралюем таго, што адбываецца з гэтымі выбарчымі бюлетэнямі, скрынямі падчас перапынку альбо ў начны час. Абсалютна відавочна, што гэта дае магчымасьць маніпуляваць і фальсыфікаваць вынікі. Практыку таго, што не адбываецца належнага грамадзкага кантролю за захоўваньнем выбарчых скрынь, мы лічым адным з элемэнтаў магчымых фальсыфікацыяў і таму ацэньваем нэгатыўна», — тлумачыць Лабковіч.

У першы дзень датэрміновага галасаваньня праваабаронцы зафіксавалі шмат выпадкаў прымусу да ўдзелу ў галасаваньні.

«Мы фіксавалі ў масавым парадку выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу і прымусу да ўдзелу ў галасаваньні. Гэта ў Беларусі набывае ўжо пэўныя гратэскныя формы — у якім выглядзе людзей заганяюць на датэрміновае галасаваньне. Вельмі часта гэта адбываецца пад прымусам, што незаконна, і мы папярэджваем пра гэта: гэтыя дзеяньні груба парушаюць беларускае заканадаўства, бо прымус людзей да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні забаронены. І мы вельмі шмат такіх фактаў фіксуем», — падкрэсьлівае Лабковіч.

Праваабаронцы таксама зафіксавалі значную розьніцу ў яўцы паміж зьвесткамі ад назіральнікаў і афіцыйнымі дадзенымі.

«На некаторых участках розьніца ў яўцы была вельмі высокая. Напрыклад, на Баранавіцкім выбарчым участку № 20 розьніца была ў разы: нашы назіральнікі зафіксавалі, што ўдзел у галасаваньні ў першы дзень узялі 39 выбарцаў, а камісія выдала інфармацыю пра 143 чалавек, якія прагаласавалі, што, безумоўна, сьведчыць пра пэўныя маніпуляцыі і фальшаваньне яўкі. У цэлым па краіне, на тых участках, якія мы назіраем і дзе мы вядзем бесьперапынны падлік яўкі, мы назіраем розьніцу 5,5% паміж рэальнай яўкай і дадзенымі выбарчых камісіяў. Гэта, безумоўна, трывожная тэндэнцыя, бо бачна, што адбываецца як прымушэньне людзей браць удзел у датэрміновым галасаваньні, так і спампоўваньне з паветра гэтых выбарцаў, якія рэальна на выбарчыя ўчасткі і пад прымусам не прыйшлі. Гэта, вядома, выклікае вялікую занепакоенасьць», — адзначае Лабковіч.

Пры гэтым узровень маніпуляцыяў зь яўкай па выніках першага дня галасаваньня вышэйшы, чым гэта было ў мінулыя выбарчыя кампаніі. Звычайна розьніца паміж дадзенымі назіральнікаў і выбарчых камісіяў у першы дзень складала 1–2%, а асноўны разрыў фіксаваўся ў пятніцу — да 30%.

«Ён (узровень маніпуляцыяў. — РС) вышэйшы для першага дня, чым гэта было ў 2010 годзе, на папярэдніх парлямэнцкіх і мясцовых выбарах. Ён можа зьменшыцца, можа застацца нязьменным, але канчатковы вынік мы зможам даць толькі ў суботу ўвечары і даць нашу ацэнку датэрміноваму галасаваньню. Пакуль асноўныя моманты, на якія мы зьвяртаем увагу, — гэта прымушэньне да ўдзелу ў галасаваньні і вось гэтая розьніца ў яўцы», — кажа Лабковіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG