Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі «Права выбару» за першы дзень падалі 54 скаргі


Датэрміновае галасаваньне ў Менску, 6 кастрычніка 2015 году
Датэрміновае галасаваньне ў Менску, 6 кастрычніка 2015 году

У першы дзень датэрміновага галасаваньня па выбарах прэзыдэнта Беларусі 1344 актывісты грамадзкай кампаніі назіраньня за выбарамі «Права выбару-2015» ахапілі 672 выбарчыя ўчасткі, — паведамляецца на афіцыйным сайце кампаніі.

Паводле дадзеных назіральнікаў, яўка на выбарчых участках склала ад 0,3% да 23,2%.

Участкам-рэкардсмэнам стаў выбарчы ўчастак № 21 у Слуцку, на якім у першы дзень прагаласаваў 141 чалавек з 607 (23,2%). Найменшая колькасьць людзей, якія прагаласавалі, была зафіксаваная ў Барысаве на выбарчым участку № 27 — усяго 3 чалавекі. У тым самым дыяпазоне знаходзяцца і працэнтныя дадзеныя камісіяў.

Аднак, на некаторых участках лічбы разыходзяцца і даволі істотна. Найбольшае разыходжаньне было выяўлена на выбарчым участку № 67 у Берасьці. Тут, паводле падліку назіральнікаў, прагаласавалі 83 чалавекі, а паводле дадзеных камісіі — 183. У Магілёве на выбарчым участку № 5, паводле дадзеных назіральнікаў, прагаласавалі 35 чалавек, паводле дадзеных камісіі — 115. У Менску на выбарчым участку № 58 адпаведныя лічбы выглядзяць так: 386 і 443.

У справаздачы назіральнікаў адзначаецца таксама, што ў 276 выпадках камісіі адмовіліся апячатваць памяшканьні, дзе застаюцца на ноч скрыні для галасаваньня. Гэта ёсьць парушэньнем артыкулу 53 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь аб забесьпячэньні старшынём участковай выбарчай камісіі захаванасьці скрыняў для галасаваньня. На думку каардынатараў кампаніі, гэта сьведчыць пра тое, што як сам працэс галасаваньня, так і будучы падлік галасоў будуць праходзіць непразрыста.

6 кастрычніка назіральнікі кампаніі «Права выбару-2015» падалі 54 скаргі на парушэньне выбарчага заканадаўства. Так, яны зафіксавалі прымусовае галасаваньне на шэрагу выбарчых участкаў, дзе знаходзяцца навучальныя ўстановы, а таксама інтэрнаты.

Адзін з каардынатараў кампаніі «Права выбару-2015» Алесь Сілкоў лічыць, што ўжо ў першы дзень датэрміновага галасаваньня некаторыя камісіі паставілі крыж на свабодных, сумленных і адкрытых выбарах:

Алесь Сілкоў
Алесь Сілкоў

«Зьвесткі, якія мы атрымліваем з выбарчых участкаў ад нашых назіральнікаў сьведчаць пра тое, што выбары ў краіне адбываюцца па ўжо загадзя адладжаным сцэнары. Ніякіх істотных зьменаў у працэсе арганізацыі і правядзеньня выбараў няма. Як і раней, назіральнікі назіраюць зь цяжкадаступных месцаў, лічбы назіральнікаў і сябраў выбарчых камісіяў аб колькасьці людзей, якія прагаласавалі, разыходзяцца, зафіксаваныя выпадкі прымусовага галасаваньня».

«Права выбару — 2015» выставіла найбольшую колькасьць назіральнікаў ад беларускіх дэмакратычных структураў на гэтых выбарах. У кампанію ўваходзяць восем палітычных структураў. Гэта — партыі БНФ і БСДП («Грамада»), Беларуская партыя «Зялёныя», аргкамітэты па стварэньні партыяў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і Свабоды і прагрэсу, рух «За свабоду», кампанія «Гавары праўду», Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG