Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Картэр: Расея рэалізуе ў Сырыі «пройгрышную стратэгію»


Міністар абароны ЗША Эштан Картэр у Мадрыдзе, 5 кастрычніка 2015 году
Міністар абароны ЗША Эштан Картэр у Мадрыдзе, 5 кастрычніка 2015 году

Паводле словаў кіраўніка Пэнтагона, прэзыдэнт Пуцін «прывязвае Расею да карабля, які тоне», чым зьяўляецца рэжым Асада.

Заява кіраўніка Пэнтагона прагучала на фоне ўзмацненьня напружанасьці ў сувязі з парушэньнем паветранай прасторы Турцыі расейскім зьнішчальнікам.

На мінулым тыдні Масква пачала бамбаваньне сырыйскай тэрыторыі, заяўляючы, што ўдары скіраваныя супраць джыхадзістаў «Ісламскай дзяржавы». Аднак Пэнтагон сьцьвярджае, што пад ўдарамі расейскіх вайскоўцаў апынуліся іншыя паўстанцкія групоўкі, і тым самым Масква аказвае падтрымку рэжыму прэзыдэнта Башара Асада.

«Дзеяньні Расеі прывялі да эскаляцыі грамадзянскай вайны, што стала новай пагрозай пэрспэктывам палітычнага ўрэгуляваньня і захаваньня структуры будучага дзяржаўнага кіраваньня Сырыі, хоць менавіта гэтага, паводле словаў Расеі, яна дамагаецца», — заявіў Картэр у Мадрыдзе, дзе пачалося яго пяцідзённае эўрапейскае турнэ.

«Я ўсё яшчэ спадзяюся, што Ўладзімер Пуцін убачыць, што прывязваць Расею да карабля, які тоне, — гэта пройгрышная стратэгія».

Мэта паездкі Картэра — падзякаваць хаўрусьнікам па кааліцыі, якую ён узначальвае ў ЗША і якая наносіць штодзённыя ўдары з самалётаў і бесьпілётнікаў па пазыцыях «Ісламскай дзяржавы» ў Іраку і Сырыі.

У чацьвер Картэр возьме ўдзел у нарадзе НАТО на ўзроўні міністраў. Чакаецца, што, акрамя інцыдэнту ў Турцыі, яны абмяркуюць шэраг іншых пытаньняў, уключаючы агрэсію Расеі на ўсходзе Ўкраіны.

«Мы будзем і далей выразна заяўляць, што калі Расея хоча выйсьці зь міжнароднай ізаляцыі і лічыцца адказнай глябальнай дзяржавай, яна павінна спыніць агрэсію ва Ўсходняй Украіне», — сказаў ён.

«Мы прымем усе неабходныя крокі, каб стрымаць згубны і дэстабілізуючы ўплыў Расеі, яе агрэсію і прымяненьне сілы, уключаючы спробы падарваць стратэгічную стабільнасьць і аспрэчыць ваенны балянс у Эўропе», — дадаў кіраўнік Пэнтагона, якога цытуе «Голас Амэрыкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG