Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казакі адхрысьціліся ад Улаховіча


Казацкія атаманы заклікалі галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах 11 кастрычніка за Аляксандра Лукашэнку.

Пра гэта гаворыцца ў заяве, прынятай Усебеларускім аб’яднаным казацтвам.

У ёй адзначаецца, што інфамрацыя пра вылучэньне казакамі вярхоўнага атамана кандыдатам у прэзыдэнты не адпавядае рэчаіснасьці. Насамрэч казакі на Вялікім крузе аднагалосна вырашылі падтрымаць на выбарах ганаровага вярхоўнага атамана Аляксандра Лукашэнку:

«Гэтае рашэньне можа камусьці падабацца ці не падабацца, але гэта рашэньне казакоў, і мы будзем бяспрэчна яму падпарадкоўвацца».

Казакі таксама заклікалі ўсіх грамадзянаў Беларусі аб’яднацца і падтрымаць на выбарах Лукашэнку.

«Спрадвеку казакі Беларусі служылі Айчыне, народу і веры праваслаўнай! Сваім традыцыям мы ня здрадзім! Застанемся адданымі салдатамі Радзімы і ўсімі сіламі дапаможам прэзыдэнту, вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, ганароваму вярхоўнаму атаману Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку захаваць мір і стабільнасьць на нашай роднай беларускай зямлі!», гаворыцца ў заяве.

Кіраўнік прэс-цэнтру Казацтва Рэспублікі Беларусь палкоўнік Іван Машчанка сказаў БелаПАН, што прадстаўнікі казацкіх рухаў не падтрымліваюць вылучэньне Мікалая Ўлаховіча кандыдатам у прэзыдэнты.

Казакі Беларусі на Вялікім крузе ўсіх казакоў з прысутнасьцю таго самага Ўлаховіча прынялі рашэньне, што будуць падтрымліваць дзейнага прэзыдэнта

«Не маглі падтрымаць вылучэньне Ўлаховіча, бо для таго, каб атаман балятаваўся і зваўся атаманам, яму неабходна рашэньне кругу казакоў ці хоць бы пасяджэньня Савета атаманаў. Ні тое, ні другое зроблена не было. Людзей проста ўвялі ў зман, што вярхоўны атаман ідзе на выбары. Мы хацелі, каб людзі ведалі, што Аляксандр Рыгоравіч зьяўляецца ганаровым вярхоўным атаманам, і казакі Беларусі на Вялікім крузе ўсіх казакоў з прысутнасьцю таго самага Ўлаховіча прынялі рашэньне, што будуць падтрымліваць дзейнага прэзыдэнта», — падкрэсьліў Машчанка.

Паводле Машчанкі, Улаховіч даў інтэрвію як вярхоўны атаман і ўводзіць людзей у зман заявамі, што зьяўляецца вярхоўным атаманам казакоў:

«Ён мог вылучацца як грамадзянін, але не як казак. Калі ён вылучаецца, скажам, як вярхоўны атаман і ў яго няма падтрымкі ад казакоў, ён павінен напісаць заяву, скласьці паўнамоцтвы, як гэта робяць кіраўнікі дзяржавы падчас перадвыбарчай кампаніі, — растлумачыў Машчанка. — А тут, разумееце, дзяржава нас пачала біць за тое, што ён пачаў даваць інтэрвію і ў гэтых інтэрвію пісаць, што ён фінансуецца за кошт казакоў. А гэта не так. Без рашэньня Савета атаманаў ніводнае дзеяньне не можа адбывацца».

Паводле Машчанкі, за падобныя паводзіны Улаховіча могуць выгнаць з казацтва і гэта адбудзецца пасьля выбараў.

Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся па камэнтар да кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Ўлаховіча. Ён адрэагаваў вельмі коратка:

«Вы ведаеце што, у нас гэтых казакоў даволі многа. Таму ніякіх камэнтароў ня будзе».

На гэтым спадар Улаховіч выключыў тэлефон.

XS
SM
MD
LG