Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атаман Улаховіч: «Ня трэба лічыць мяне драбнатой»


Мікалай Улаховіч

Мікалай Улаховіч

Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта казацкі генэрал Мікалай Улаховіч патлумачыў Свабодзе, чаму ён удзельнічае ў выбарах і як ставіцца да Аляксандра Лукашэнкі.

Сярод першых патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, хто сёньня атрымаў у Цэнтравыбаркаме пасьведчаньне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, быў адзін з кіраўнікоў Менскага абласнога спажывецкага саюзу, заснавальнік аб’яднаньня «Беларускае казацтва» Мікалай Улаховіч.

У інтэрвію Радыё Свабода чыноўнік і «вярхоўны атаман» выказаў стаўленьне да тых, хто ператварае палітычную кампанію ў балаган, параіў ня ўпісваць яго ў сярэднеазіяцкі фармат выбараў, а таксама выказаў гатовасьць заняць высокую дзяржаўную пасаду.

— Спадар Улаховіч, кім вы пазыцыянуеце сябе на прэзыдэнцкіх выбарах — чыноўнікам аблспажыўсаюзу, кіраўніком патрыятычнай партыі ці вярхоўным атаманам беларускага казацтва?

— Самае галоўнае, каб людзі не ўспрымалі мяне «засланым казачком», не глядзелі толькі як на вярхоўнага атамана. Напэўна, менш за ўсё я справіўся б да канца з пасадай прэзыдэнта так, як Аляксандар Рыгоравіч, у якога ёсьць вялізны досьвед. Відаць, пасьля вярхоўнага атамана было б лягчэй быць вярхоўным галоўнакамандуючым, правільна? Таму пытаньне складанае — кім я сябе пазыцыяную. Па вялікім рахунку, я чалавек, які пражыў не адно, а два жыцьці. Тое першае, вайсковае жыцьцё даўно мінула, скончылася ў 1992 годзе і было, скажам так, інжынэрнае. Я будаваў ваенна-прамысловы комплекс, будаваў на «вялікі Саюз», але ніколі ня быў «паркетным» палкоўнікам. Я заўсёды быў афіцэрам, які знаходзіўся на самых складаных пазыцыях. 12 пераездаў, 12 вялікіх будоўляў, аб’езьдзіў практычна ўсе ракетныя палігоны, так што дасталося як будаўніку. Увесь гэты час мяне суправаджала сям’я, былі шматлікія праблемы — вучоба, школа. І калі вярнуўся ў Менск, дзецям давялося наноў вывучаць беларускую мову. Дарэчы, я вельмі рады, што яны гэта зрабілі.

— Якім бачыце свой электарат — гэткі ж, як і ў Аляксандра Лукашэнкі?

— Не, не зусім, мой электарат крыху іншы. Вядома, ён будзе блізкі, таму што стратэгія, якую сёньня праводзіць дзейны прэзыдэнт, на 100% мяне задавальняе. Але нейкія тактычныя моманты могуць абмяркоўвацца. А потым, зразумейце правільна: я ж з так званых «чырвоных дырэктараў», чалавек, які прайшоў савецкую школу дырэктарства. Шмат што мяне зьдзіўляла ў наступным жыцьці, але, аб’ектыўна кажучы, школа была ня самая горшая. Рынкавая эканоміка мяне таксама не палохае, бо я ўсё жыцьцё, па сутнасьці, у рынкавай эканоміцы — будаўнікі заўсёды жылі за кошт таго, што напрацуюць. Нам грошы не плацілі за тое, што мы размаўляем, вядзём палітычную барацьбу ці пішам у газэтах. Але ўносяцца карэктывы, і я, прыкладам, увасобіў сваё вялікае жаданьне — выдаў газэту «Личность». І гэта я, які больш тэхнар і ў другой палове недзе гуманітарый, дамогся, каб праз нацыянальную годнасьць, нацыянальныя традыцыі нашага беларуса, якога ў сьвеце паважаюць, паказаць яго як асобу. Не таго затурканага, які вылез зь зямлянкі, а інтэлігентнага чалавека. Я карэнны мянчук, і мне вельмі крыўдна, што жыхары горада слаба ўдзельнічаюць у грамадзка-палітычным жыцьці краіны — ва ўсіх выбарных кампаніях менчукі выявілі сябе найменей актыўнымі. Ня ўпэўнены, што і гэтым разам яны возьмуць вельмі бурны ўдзел, але думаю, што ўсё ж страпянуцца.

Мікалай Улаховіч

Мікалай Улаховіч

— Як ацэньваеце выказваньні лідэраў шэрагу палітычных рухаў, якія адпачатку называлі прэзыдэнцкія выбары фарсам з загадзя прадказальным вынікам?

— Мы падтрымліваем прэзыдэнта, але ў сувязі са складанай сытуацыяй, у асноўным эканамічнай, выбары будуць няпростыя. І калі хтосьці хоча з гэтых выбараў зрабіць балаган, вылазяць нейкія незразумелыя кандыдаты, то гэта агідна. Адзінае — закон ёсьць закон, кожнага трэба выслухаць, хоць не зусім ёмка было нават сядзець у шэрагах гэтых сяброў. Сяброў каго і чаго — незразумела, ці то зьвяроў, ці то людзей. Я таксама люблю жывёл — і коцікаў, і сабачак, але ж гэта ня значыць, што трэба ператвараць важную кампанію ў танны фарс, вельмі непрыемна. А калі гэта робіць беларус, за такога беларуса крыўдна ўдвайне. Нельга так. Не падабаецца цяперашняя палітыка, не падабаецца наш сёньняшні лідэр, але ж ты мусіш заставацца законапаслухмяным грамадзянінам. Прабачце, калі захацеў пажартаваць, дык выйдзі на плошчу і пажартуй. Навошта перціся да ЦВК і рабіць заявы? Мне гэта незразумела, проста сорамна за самога сябе, бо я таксама нібыта саўдзельнічаю ў такога кшталту «гумары». Няпраўда: я на выбары іду з сур’ёзнай праграмай, з сур’ёзнымі задачамі, якія стаяць перад радзімай. Пры гэтым разумею, што сёньня любая праграма будзе складаная для выкананьня. Але я маю багаты досьвед кіраўніка, арганізатара вытворчасьці і ў пэўнай меры палітычнага лідэра — няпроста бяз грошай прыцягваць людзей у партыю і ў казацтва, рабіць, каб яны шлі самі, добраахвотна, — і страху няма. Магчыма, калі-небудзь і ў нас сыстэма палітычная зьменіцца, зьявяцца новыя думкі, але пажывём — пабачым.

— Было б лягічна ўявіць, што галоўнымі вашымі прыхільнікамі будуць людзі, якія прадстаўляюць разгалінаваныя арганізацыі «беларускіх казакоў». Але, наколькі вядома, з калегамі ў вас спрэчкі, што называецца, не на жыцьцё...

Усе бачылі, як учора быў яшчэ нейкі цырульнік, а сёньня ён, прабачце, ужо ледзь не есаул

— У мяне прэтэнзія збольшага адна — адразу агалашу, бо шмат хто пытаецца. У прынцыпе, казацтва — гэта саслоўе, гэта ж не нацыянальнасьць, правільна? І першае, што мяне не задавальняе ў некаторых нашых казаках, — тое, што яны «ряженые». Начапляюць на сябе пагонаў, ордэнаў-мэдалёў — героі. Зьвярніце ўвагу, што я вельмі рэдка гэтым бравірую, хоць у мяне шмат узнагародаў і расейскіх, і ўкраінскіх, і розных іншых. Я маю на ўвазе ўзнагароды ад усясьветнага казацтва, бо ёсьць нават чэскія, францускія, што заўгодна можна знайсьці. Дарэчы, сябры-нумізматы толькі вакол і ходзяць, мараць выманіць які-небудзь ордэн ці мэдаль, каб потым папоўніць сваю калекцыю. Дык вось асобныя дзеячы бяздумна вешаюць чыны і пагоны, што толькі адштурхоўвае людзей. То бок усе бачылі, як учора быў яшчэ нейкі цырульнік, а сёньня ён, прабачце, ужо ледзь не есаул, пад’есаул, а то і вышэй. Разумееце, вось гэта мяне не задавальняе. Калі вы праверыце ўсіх казакоў, ніхто зь іх ня мае такога высокага вайсковага званьня, як я. Прынамсі, ведаю, што зь ліку лідэраў такога званьня ні ў кога няма дакладна. Яны могуць быць капітанамі, маёрамі, але палкоўнікаў сярод іх няма. Няхай бы былі і палкоўнікі, і генэралы, але натуральныя, а ня «ряженые». Непрыгожай справай займаюцца.

— Некаторыя палітолягі лічаць, што ў Беларусі паўстае гэткі сярэднеазіяцкі варыянт выбараў, калі «прызначаныя» ўладай прэтэндэнты імітуюць альтэрнатыўнасьць, а насамрэч наперабой хваляць дзейнага прэзыдэнта і ў любы момант гатовыя зьняцца на яго карысьць.

— Чытаў тыя камэнтары. Справа ў тым, каб я пачаў хаваць, крывіць душой, віхляць, што, маўляў, у мяне зь дзейным прэзыдэнтам нейкія рознагалосьсі — было б адно. Але ўсё гэта ерунда. Столькі гадоў адслужыўшы верай і праўдай у ягоных органах улады, у кіраўніцтве дзяржаўных прадпрыемстваў, як я магу казаць нешта адваротнае? Гэта адно.

Няма ніводнага рэальнага кандыдата на прэзыдэнцкую пасаду, апроч Аляксандра Лукашэнкі!

Па-другое, нешта драбнавата яны бяруць. Ня трэба мяне прыніжаць, лічыць драбнатой. На гэтую ролю — сярэднеазіяцкую — можна кандыдатаў на вуліцы набраць. Ідзеш — і амаль любога бяры, кожны другі пагодзіцца. Усё нашмат больш складана. Нават больш скажу: я ў нейкім пляне падвёў людзей. Калі ў 1994-м адбыліся прэзыдэнцкія выбары, я «заглух», стаў вялікім начальнікам і займаўся толькі сваёй справай. Дарэчы, пішуць, што я заўсёды быў нейкай драбнатой. Нічога падобнага. Начальнік упраўленьня Менаблвыканкаму — 36 тысяч падначаленых, начальнік галоўнага ўпраўленьня капбудаўніцтва Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, у навукова-прамысловым аб’яднаньні адных заводаў было колькі ў падпарадкаваньні, ня кажучы пра філіі ў абласьцях. Але я ніколі не выходзіў на палітычную арэну — не было неабходнасьці. Гэтая ўлада цалкам мяне задавальняла і задавальняе. Яна дала мне працу, акрамя якой не хацелася чымсьці займацца. А сёньня прыйшоў час, бо я бачу, што за публіка ідзе на выбары. Ну няма ніводнага рэальнага кандыдата на прэзыдэнцкую пасаду, апроч Аляксандра Лукашэнкі! Таму лягічна «вырадзіць» некага і з нашага асяродзьдзя — хто не ягоныя супернікі, а маглі б дапамагчы яму стаць яшчэ больш магутным і моцным. Каб ён не пакутаваў у кадравых рашэньнях, мяняючы месцамі адных і тых жа чыноўнікаў. Гэта ж таксама няпроста: людзі прыйшлі, ён на іх ускладаў спадзяваньні, а яны часам аказваюцца не зусім гатовыя да такой працы.

— То бок у выпадку перамогі Лукашэнкі гатовыя прыняць прапанову на нейкую пасаду ў органах улады?

— Ну а чаму б з маім досьведам, з маімі ведамі не заняць пэўную пасаду? Я цалкам рэальны арганізатар вытворчасьці. Тым больш усе, хто сёньня працуе ў структуры вэртыкалі — і маладыя, і старэйшыя — практычна ўсе мяне ведаюць (хоць, спадзяюся, і шырокае насельніцтва таксама ведае). А назавіце любога губэрнатара — можа, новыя крыху меней, а старыя дык пэўна абазнаныя. Ці нават любога прэм’ер-міністра — ад ранейшых да цяперашняга — думаю, усе таксама ведаюць. Шмат зь якімі міністрамі я працаваў на розных пасадах. Дык чаму я ня мог бы ў іх шэраг стаць на нармальную працу, калі б яна задавальняла наша кіраўніцтва, нашу дзяржаву? Я б пайшоў на такую пасаду, якія пытаньні? Я ж прафэсіянал, працаваў у розных сфэрах, чаго мне баяцца? Тут пытаньне больш у тым, што ў нас пэнсійны ўзрост і ўсе з гэтай прычыны задумваюцца. Але ж мы ведаем, што ў той жа Гішпаніі ў такіх катэгорыях, як мая, — пэнсія настае ў 70 гадоў. А мне да 70 яшчэ рабіць ды рабіць. Галоўнае, каб здароўе дазваляла. Пакуль, дзякуй богу, здароўе ёсьць, — буду працаваць. Ня будзе здароўя — я чэсна і без пытаньняў сыду.

Мікалаю Ўлаховічу 63 гады. Цягам 1970–1992 гадоў служыў ва Ўзброеных сілах СССР, скончыў кар’еру ў Беларусі ў званьні палкоўніка. Пасьля звальненьня з арміі пачынаў галоўным інжынэрам жыльлёва-камунальнай гаспадаркі МТЗ, потым працаваў гендырэктарам навукова-вытворчага аб’яднаньня «Жылкамунтэхніка», начальнікам упраўленьня ЖКГ Менскага аблвыканкаму, начальнікам галоўнага ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, генэральным дырэктарам Рэспубліканскага цэнтру ўліку і рэгістрацыі нерухомасьці. Цяпер — намесьнік старшыні Менскага абласнога спажывецкага саюзу.

Старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, Вярхоўны атаман грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае казацтва». Удзельнік міжнародных кангрэсаў усясьветнага казацтва, зьездаў партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў Расеі і Беларусі, канфэрэнцыяў Рускай праваслаўнай царквы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG