Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што даслоўна сказалі кандыдаты на прэзыдэнцтва


Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

Адразу пасьля атрыманьня пасьведчаньня аб афіцыйнай рэгістрацыі кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта тры кандыдаты і кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі выступілі з кароткімі прамовамі. Свабода дае гэтыя выступы ў поўным аб’ёме. Усе чацьвёра прамаўлялі па-расейску.

Караткевіч: «Лукашэнка сёньня стаміўся. Яму трэба адпачыць»


«Маё вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнта стала магчымым дзякуючы маёй камандзе і тым людзям, якія падпісаліся за мяне. Шчыра і ад усяго сэрца сёньня я ім дзякую.

Я ганаруся тым, што сёньня я зьяўляюся адзінай дэмакратычнай альтэрнатывай — адзіная дэмакратычная альтэрнатыва, і прадстаўляю тых людзей, што хочуць мірных перамен. Я цудоўна разумею, што тыя людзі, якія падпісаліся за маё вылучэньне, і тая бальшыня людзей, якія 11 кастрычніка аддадуць свой голас за мяне, яны ведаюць і разумеюць — улада павінна мяняцца. Але мяняцца мірна.

Найбагацейшыя краіны ў сьвеце тыя, дзе прэзыдэнт не перавышае два тэрміны сваіх паўнамоцтваў. Беларусі сёньня патрэбны новы кіраўнік дзяржавы, новая каманда. Апошнія 5 гадоў паказалі, што гэтая каманда была лішняя. Якасьць жыцьця нашых грамадзян стала значна горшаю. А калі згадаць абяцаньне Лукашэнкі пра месячны заробак у адну тысячу даляраў, дык дзе гэты заробак? Давайце паглядзім нашы гаманцы. Там значна меней грошай, чым было 5 гадоў таму. Прычына гэтаму — застой, які прывёў да глыбокага эканамічнага крызісу. Прычына гэтаму — бязьдзеяньне ўлады.

Даць гэтай уладзе яшчэ 5 гадоў, яшчэ адзін тэрмін, гэта значыць пагоршыць наш стан. Нам патрэбны новы лідэр. Нам патрэбныя новыя ідэі. Нам патрэбныя новыя мэтады. Менавіта гэта неабходна, каб Беларусь зрабіла крок наперад, выйшла з крызісу, забясьпечыла эканамічнае разьвіцьцё і дабрабыт беларускім сем’ям. Лукашэнка сёньня стаміўся. Яму трэба адпачыць. Так будзе лепей для ўсіх. Мірныя перамены. Толькі так!»

Гайдукевіч: «Парадак у краіне — гэта дабрабыт у доме»

Сяргей Гайдукевіч

Сяргей Гайдукевіч


«Я ня буду займацца лірыкай. Я найперш зьвяртаюся да беларускіх грамадзянаў. Я ўдзячны ўсім грамадзянам Беларусі, якія аддалі за мяне подпісы. Вялікі вам дзякуй.

Я ганаруся тым, што зьяўляюся лідэрам найбуйнейшай лібэральна-дэмакратычнай партыі ў краіне. Для мяне гэта вялікі гонар. Я ведаю, што калі за мяне зьбіралі подпісы, мяне падтрымала агромністая колькасьць людзей у Рэспубліцы Беларусь.

І гэта добра. Бо я за моцную Беларусь — дэмакратычную, сувэрэнную, каб над нашай краінай было мірнае неба. Каб мы жылі ў міры і згодзе грамадзянаў. Вы памятаеце, як я заўжды гаварыў: парадак у краіне — гэта дабрабыт у доме. Я — за прыстойныя пэнсіі, за прыстойны заробак. Я за моцную Беларусь — квітнеючую, мірную.

І я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, на гэтай прэзыдэнцкай кампаніі, каб людзі пачулі мяне — ад вёскі да гораду Менску. Я спадзяюся, што наша прэзыдэнцкая кампанія пройдзе менавіта ў такім духу, у такім разуменьні. І няхай людзі рашаюць — што яны хочуць бачыць і што яны хочуць чуць. Гэта мы вызначым пасьля прэзыдэнцкай кампаніі. За — Беларусь!».

Мікалай Улаховіч: «Я лічу сябе моцным гаспадарнікам»

Мікалай Улаховіч

Мікалай Улаховіч


«Я хачу падзякаваць усім грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія папярэдне прагаласавалі за мяне. Я спадзяюся, што добрасумленныя сябры ініцыятыўнай групы, якія дапусьцілі памылкі, гэта зразумелі, і нават ім мая падзяка.

Паважаная Цэнтральная выбарчая камісія, паважаная Лідзія Міхайлаўна! Я ўпершыню ўдзельнічаю ў гэтай кампаніі ўжо даволі такім дарослым чалавекам, з дарослымі амбіцыямі. Я ведаю эканоміку не па падручніках, я працую ў ёй усё жыцьцё. Я лічу сябе моцным гаспадарнікам, даволі доўга працаваў на высокіх пасадах, я маю на ўвазе вытворчасьць. Працаваў і кіраваў ЖКГ.

Таму, прыйшоўшы сюды менавіта кандыдатам на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, спадзяюся, што змагу прынесьці карысьць радзіме, улічваючы, што на сёньняшні дзень не такая простая ў нас абстаноўка. Так, сапраўды крызіс закрануў усіх. Шмат хто спрабуе патлумачыць і дапамагчы вырашыць праблему. Я скажу адно: будзем працаваць разам, будзем яго пераадольваць. Я рады, што сёньня стаю перад вамі ў ролі кандыдата на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».

Міхаіл Орда: «Людзі падтрымалі Лукашэнку як нацыянальнага лідэра»

Міхаіл Орда

Міхаіл Орда


«Паважаны старшыня, паважаныя сябры Цэнтральнай выбарчай камісіі, запрошаныя, прысутныя на пасяджэньні! Наша ініцыятыўная група працавала ў гарадах, раённых цэнтрах, пасёлках, вёсках. І з таго, што мы ўбачылі, я хацеў бы абавязкова адзначыць, што людзі ставяцца да гэтых выбараў неабыякава. Людзі разумеюць, што вырашаецца лёс краіны. Мы пабачылі, што праз збор подпісаў кандыдатуры Аляксандра Рыгоравіча аказаная беспрэцэдэнтная падтрымка. Людзі падтрымалі кандыдатуру Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, паставіўшы подпісы за яго як за мудрага і моцнага палітыка. Яны падтрымалі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку як нацыянальнага лідэра, які ніколі не сыходзіў ад праблемаў і заўжды браў адказнасьць за сваю краіну і за свой народ.

Я дзякую за якасную працу ўсім сябрам ініцыятыўнай групы, дзякую сябрам Цэнтральнай выбарчай камісіі за працу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG