Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аляксей Кароль умеў пераканаўча размаўляць і з савецкай намэнклятурай і з радыкальнай моладзьдзю» — Лукашук


 Аляксандар Лукашук

Аляксандар Лукашук

У суботу, 12 верасьня 2015 года, спынілася сэрца Аляксея Караля — гісторыка, палітоляга, галоўнага рэдактара газэты «Новы Час».

Пра Аляксея Караля распавядае дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук:

«Памятаю выступ Аляксея Сьцяпанавіча на сустрэчы з сэнатарам МакКэйнам у Вашынгтоне — грунтоўны, упэўнены, годнае прадстаўленьне інтарэсаў беларускай дэмакратыі.

Я ведаў Аляксея Караля гадоў трыццаць — і ўражаньне, што ён ня надта мяняўся: інтэлігентны беларускі інтэлектуал, здольны да выніковай дзейнасьці, які ўмеў пераканаўча размаўляць і з савецкай намэнклятурай і з радыкальнай моладзьдзю. Ён вельмі мне дапамог з публікацыямі маіх дасьледаваньняў пра сталінізм у Беларусі — яго ўнутраныя рэцэнзіі дапамагалі прабіваць цэнзуру ў другой палове 1980-х і сапраўды абаранялі мяне і рэдактараў ад гневу ўсясільнага тады ЦК КПБ — гром грымеў, але маланкі ён адводзіў. Так нараджалася галоснасьць.

Аляксей Кароль быў глыбока прыстойны чалавек і выклікаў у тых, хто яго ведаў, шчырую павагу і давер. Зь ім прымна было ў кампаніі, перад мікрафонам, на мітынгу. Ён мяняўся хіба па лініі словы-справы: дасканалы знаўца беларускага палітычнага ўздыму ў 1920-я і яго разгрому ў 1930-я, ён пакінуў любімыя архівы, заняўся партыйным будаўніцтвам і стварыў газэту. У дэмакратычнай дзяржаве такія асобы зьяўляюцца лідэрамі у парлямэнце, урадзе, прадстаўляюць сваю краіну за мяжой. Вечная памяць».

Апошнія тры месяцы Аляксей Кароль правёў у коле сям’і сына ў Сынгапуры, дзе праходзіў курс лекаваньня. Прах Аляксея Караля будзе пахаваны ў Менску. Дата і месца мэмарыяльнай службы будзе паведамлена пазьней.

XS
SM
MD
LG