Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Нью-Ёркскай біржы працягваецца падзеньне курсаў акцыяў


Нью-Ёркская фондавая біржа
Нью-Ёркская фондавая біржа

Аналітыкі прагназуюць новыя ўзрушэньні на фондавых біржах пасьля чарговага падзеньня курсаў акцыяў на Уол-стрыт.

Таргі на Нью-Ёркскай фондавай біржы завяршыліся ў аўторак чарговым падзеньнем рынкавых індэксаў. Індэкс Dow Jones панізіўся на 204 пункты.

У пачатку гандлёвай сэсіі, аднак, індэкс узьняўся на 442 пункты. Прычынай, як лічаць аналітыкі, была навіна пра чарговае паніжэньне стаўкі рэфінансаваньня Цэнтральнага банку Кітая. Зараду аптымізму хапіла на некалькі гадзінаў таргоў. Незадоўга да закрыцьця рынкаў курсы акцыяў зноў пайшлі рэзка ўніз. Няўдалы фініш узмацніў чаканьні інвэстараў, што падзеньне курсаў акцыяў працягнецца.

Асноўнай прычынай абвалу курсаў лічыцца запаволеньне эканамічнага росту ў Кітаі, краіне, якая зьяўляецца важным рынкам збыту прадукцыі амэрыканскіх прадпрыемстваў. За апошнія чатыры дні таргоў капіталізацыя кітайскіх кампаній на кітайскіх біржах зьнізілася на 1 трыльён даляраў.

Гандлёвы дзень на эўрапейскіх фондавых рынках скончыўся павышэньнем курсаў акцыяў: у Нямеччыне вядучы індэкс вырас на 5 адсоткаў, у Францыі — на 4,1 працэнта, у Вялікабрытаніі — на 3,1 працэнта. Цана нафты маркі Brent павысілася на 0,8 адсотка да 43,06 даляра за барэль.

Паказчык настрояў амэрыканскіх спажыўцоў узняўся ў жніўні да самага высокага ўзроўню за апошнія паўгады. Але паказчык заснаваны на замерах, якія рабіліся да 13-га жніўня, і яго значэньне не адлюстроўвае біржавых стратаў апошніх дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG