Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамяльчук: «Палову ашчаджэньняў згубіў на абясцэньваньні беларускага рубля»


«Як вы рэагуеце на чарговае істотнае абясцэньваньне беларускага рубля адносна цьвёрдых валют? Ці спрабуеце нейкім чынам уратаваць свае зьберажэньні ад дэвальвацыі?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Пэнсіянэрка: «Жывём проста і асабліва не рэагуем — як Бог дасьць. Грошы трацім па неабходнасьці Калі застаюцца, зьберагаем дома — частку ў валюце, частку ў беларускіх рублях».

Мужчына ва ўзросьце: «Рэагую, хваравіта рэагую. У мяне ляжаць ашчаджэньні ў беларускіх рублях. А беларускі рубель штодня ўсё больш і больш абясцэньваецца — я ўжо палову згубіў ад таго, што меў. А якія крокі тут зробіш? Калі здымаць з рахунку, то працэнты згубіш. Як выйсьці з гэтага становішча? Толькі спадзяваньні й маем. Кошты на нафту падаюць — я за гэтым сачу. Даляру таксама палітычная сытуацыя не спрыяе. Чорт яго ведае, што з далярам заўтра будзе. Эўра таксама ня надта каціруецца, а даляра таго дык наагул у банках няма. Эўра яшчэ дзе-кольвечы можна купіць, але ж эўра ў адносінах да даляра таксама таньнее. Тут усё незразумела».

Малады сямейнік: «Калі шчыра, то пакуль ніяк не рэагуем. Даходы слабыя. На жаль, ашчаджаць не атрымліваецца».

Мужчына сярэдняга веку: «Даляры купляем — як зьберагаем. У далярах яно надзейней».

Малады мужчына: «Не рэагую. Што мне даляр і што да таго, што ён расьце? Усё прывязана да беларускага рубля. Як купляў усё, так і купляю».

Малады гамяльчук: «Трымаем у далярах, не мяняем іх. Што ёсьць, тое ў далярах. Цяпер не да куплі даляраў — тут хоць бы на прадукты хапіла».

Маладзён: «Пакуль не пераводжу ні ў даляры, ні ў эўра. Што тут зробіш? За далярам не пабяжым».

Жанчына з трохгадовай дачкою: «Ніяк. Эканомім на ўсім — на прадуктах, на рэчах. Імкнёмся менш купляць».

Мужчына ў гадах: «Не рэагуем, бо часу няма на тое, каб рэагаваць. Праца! Відаць, трэба падумаць».

Прадпрымальнік: «Як і ўсе беларусы, пераводзім рублі ў іншую валюту».

Жанчына ва ўзросьце: «Пры нашым жыцьці і з нашымі заробкамі не зэканоміш ні на чым — усё разыходзіцца. Я забыла, калі апошні раз купляла валюту».

XS
SM
MD
LG