Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турфірмы і рыэлтары страчваюць кліентаў, банкі — рублёвых укладчыкаў


Істотныя курсавыя ваганьні адбіваюцца на шмат якіх сфэрах жыцьця. Практычна спаралізаваная праца турыстычных агенцтваў, якія спэцыялізуюцца на выязных турах і аплочваюць замежныя кантракты ў валюце, але ад кліентаў мусяць прымаць аплату ў рублях.

Так, напярэдадні ў карпаратыўнай рассылцы кампаніі Smok Travel было папярэджаньне: «У сувязі зь нестабільнасьцю каціровак валют на міжбанкаўскім рынку аплата за заяўкі прымацца ня будзе. Курс будзе вядомы заўтра». Сёньня на сайце зьявіліся абяцаныя лічбы: даляр — 19 000, эўра — 22 000 рублёў.

Тым ня меней ёсьць некалькі турфірмаў, для якіх рублёвы абвал толькі на карысьць. Вось што расказала Свабодзе кіраўніца кампаніі «Віаполь», кандыдат геаграфічных навук Галіна Патаева:

Мы займаемся турызмам, можна сказаць, нацыянальным, гэта значыць — уязным і ўнутраным. Частка грошай да нас паступае якраз у валюце, а тут мы за ўсё плацім у беларускіх рублях.

«Мы займаемся турызмам, можна сказаць, нацыянальным, гэта значыць — уязным і ўнутраным. Частка грошай да нас паступае якраз у валюце, а тут мы за ўсё плацім у беларускіх рублях. То бок гэта лічыцца як экспарт паслугаў. Іншымі словамі, наша турфірма, можа, ці не адзіная ў Беларусі, для якой цяперашні момант ня вельмі цяжкі. Натуральна, калі не пачнуць гатэлі ці рэстараны рабіць больш дарагімі свае паслугі. Мы працуем на тэрыторыі краіны, для турыстаў замаўляем аўтобусы, наймаем экскурсаводаў, наведваем музэі, кавярні — усё гэта аплочваецца ў рублях. Для ўнутранага і ўязнога турызму будзе складаны момант толькі з таго пункту гледжаньня, калі, як я казала, пачнуць падвышаць кошты музэі, гатэлі. Вось для нас гэта будзе праблема. Ну, а хто займаецца імпартам, там цяпер на самой справе жах. Мы ж працуем на экспарт, гэта крыху іншае».

Карэспандэнт: «Тых, хто займаецца імпартам, у турыстычнай галіне Беларусі 90%, калі ня болей, так?»

«Калі сказаць, што 99,5% — наўрад ці будзе вялікай памылкай».

Зацішша наступіла на рынку нерухомасьці. Як апавяла супрацоўніца аднаго са сталічных рыэлтарскіх агенцтваў Натальля Крывальцэвіч, на тле рублёвага абвалу банкі замарожваюць нават ужо ўхваленыя крэдытныя лініі:

«Вядома, з пакупнікамі праблематычна. Іх і так было няшмат, а цяпер і таго меней. Апроч гэтага, паўстаюць новыя праблемы. Учора, прыкладам, сутыкнуліся з такім фактам. У нас ёсьць пакупніца, якая хоча набыць кватэру, у яе пэўная частка крэдытных сродкаў. Але ў крэдыце ёй банк адмовіў, у выніку зьдзелка на няпэўны час прыпынілася. Не магу пакуль сказаць, наколькі гэта зацягнецца — баюся, што можа стаць увогуле тэндэнцыяй. Цяпер складана ўзяць нават невялікія сумы, а нешта большае — ужо пад пытаньнем. Ня будзеш жа браць пяць спажывецкіх крэдытаў, каб закрыць гэтую нішу. Тым больш, самі ведаеце, якія працэнты пад такія пазыкі. Складана спрагназаваць, што нясе рынку нерухомасьці рэзкі скачок рубля ўніз, але ня выключана, што ўсялякая актыўнасьць будзе спыненая, людзі папросту зоймуць чакальную пазыцыю. Думаю, бліжэйшыя дні нешта пакажуць».

Традыцыйна хаосам, выкліканым дэвальвацыяй, намагаюцца скарыстацца прадпрымальныя асобы. Пакуль не пачалі перапісваць цэньнікі ў крамах, адчувальна падвышаецца попыт на бытавую тэхніку, электронныя прыстасаваньні, будаўнічыя матэрыялы.

у «Электрасіле» яшчэ ёсьць

у «Электрасіле» яшчэ ёсьць

Ад самай раніцы досыць людна ў крамах сеткі «Электрасіла». Найбольш цікаўных ля стэнду з тэлевізарамі — на розьніцы курсаў можна выйграць да 300 даляраў, а то і больш. Як расказаў адзін з кансультантаў, большая частка наяўнага тавару завезеная ў пэрыяд, калі даляр каштаваў у сярэднім 15 000 рублёў. Пры сёньняшнім курсе, блізкім да 18 000, эканомія адчувальная. Малады хлапец маніторыць фотаапараты Nikon коштам крыху больш за 7 мільёнаў рублёў: яшчэ да рублёвага абвалу крама выставіла зьніжку ў эквіваленце 100 даляраў, на цяперашняй розьніцы можна выйграць яшчэ столькі ж. У выніку замест першапачатковых 600 даляраў апарат абыдзецца ў 400.

Тым часам працягваецца адток рублёвых укладаў — людзі здымаюць грошы дачасна ці канвэртуюць зьберажэньні ў даляры ці эўра. Пакуль гэта праява ня масавая, але, як лічыць эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц, калі цяперашнія тэндэнцыі на валютным рынку будуць захоўвацца, банкам давядзецца нешта рабіць, каб утрымаць кліентаў:

Непрыемны сюрпрыз, які можа прыўнесьці хваляваньне на валютны рынак, — гэта паводзіны ўкладчыкаў. Справа ў тым, што некалькі мільярдаў даляраў насельніцтва захоўвае ў выглядзе рублёвых зьберажэньняў.

«Непрыемны сюрпрыз, які можа прыўнесьці хваляваньне на валютны рынак, — гэта паводзіны ўкладчыкаў. Справа ў тым, што некалькі мільярдаў даляраў насельніцтва захоўвае ў выглядзе рублёвых зьберажэньняў. Гэта азначае, што калі працэнтныя стаўкі па рублёвых дэпазытах ня будуць адлюстроўваць узровень дэвальвацыйных чаканьняў укладчыкаў, яны пачнуць свае рублі канвэртаваць. І вось тут ёсьць патэнцыйная рызыка для валютнага рынку. Думаю, што ў залежнасьці ад паводзінаў укладчыкаў Нацбанк будзе рэагаваць на сытуацыю. Кіраваць цэнамі на нафту і сытуацыяй у Расеі Беларусь ніяк ня можа, таму адзінае, што застаецца, — гэта падстройвацца пад расейскі сцэнар і ў гэтай сувязі праводзіць тую грашова-крэдытную палітыку, якая б забясьпечвала стабільнасьць. Асабіста я не выключаю росту працэнтных ставак па рублёвых укладах, калі сытуацыя ў Расеі, адмоўная для Беларусі, для валютнага рынку, зацягнецца».

25 жніўня на Беларускай валютна-фондавай біржы зафіксаваныя чарговыя рэкорды. Рубель працягнуў зьніжэньне да кошыка валют, апусьціўшыся на 2,25%. Даляр вырас на 235 рублёў да адзнакі 17 836, эўра ўмацаваўся на 539 рублёў — да 20 474. Валюта ў абменных пунктах ёсьць, але пэрыядычна ўзьнікаюць чэргі з ахвотных канвэртаваць рублі, якія штодзень абясцэньваюцца.

XS
SM
MD
LG