Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асанж можа неўзабаве выйсьці на волю


Заснавальнік інтэрнэт-парталу WikiLeaks Джуліян Асанж, які хаваецца ў эквадорскім пасольстве ў Лёндане, можа выйсці на волю ўжо на будучым тыдні. Тут ён знаходзіцца з чэрвеня 2012 году, атрымаўшы палітычны прытулак Эквадору.

Швэдзкая пракуратура, якая абвінавачвае Асанжа ў сэксуальных злачынствах, распаўсюдзіла заяву, у якой патлумачыла, што паводле швэдзкіх законаў, тры з чатырох пунктаў абвінавачваньня Асанжа страчваюць сілу за даўнасьцю гадоў. Абвінавачаньне ў сэксуальным дамагальніцтве і адно з двух абвінавачваньняў у незаконным прымусе да сэксу страціць сілу ўжо ў наступны чацьвер, калі сканчаецца пяцігадовы тэрмін іх даўнасьці. Другое абвінавачваньне ў незаконным прымусе да палавога акту страчвае сілу 18 жніўня. Аднак чацьвёртае абвінавачаньне — у згвалтаваньні — мае сілу на працягу дзесяці гадоў, і яго тэрмін даўнасьці захоўваецца да 2020 году. Камэнтатары адзначаюць, што яно таксама можа быць зьнятае.

Афіцыйна абвінавачваньні Швэцыі Асанжу не былі прад’яўленыя ў сувязі зь яго ўцёкамі ў Брытанію. Швэдзкая пракуратура выпісала ордэр на яго арышт толькі ў сувязі з неабходнасьцю яго дапытаць. У Брытаніі яго абвінавачваюць у парушэньні падпіскі аб нявыездзе і ва ўхіленьні ад яўкі ў суд. У сакавіку сёлета Швэцыя ўжо пайшла на саступкі Асанжу, прапанаваўшы правесьці яго допыт у пасольстве Эквадора ў Лёндане, аднак эквадорскія ўлады да гэтага часу не далі на гэта дазволу. Кругласутачная паліцэйская ахова эквадорскага пасольства, дзе хаваецца Асанж, ужо каштавала брытанскім уладам 25 мільёнаў даляраў. Асанж, які адмаўляе сваю віну, не зьяўляўся ў швэдзкі суд з асьцярогі, што яго могуць выдаць ЗША. Там, як ён лічыць, за публікацыю многіх сакрэтаў яго могуць прысудзіць да смяротнага пакараньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG