Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчыя зь Нідэрляндаў: «Боінг» у Данецкай вобласьці зьбілі сэпаратысты


Пасажырскі самалёт «Боінг» кампаніі «малазійскія авіялініі» MH-17 быў зьбіты ў ракетай, выпушчанай з занятай данецкімі сэпаратыстамі тэрыторыі. Пра гэта гаворыцца ў праекце дакладу Нідэрляндзкай Рады па бясьпецы палётаў, які апынуўся ў распараджэньні тэлекампаніі CNN. Канчатковы тэкст дакладу яшчэ не распаўсюджаны, аднак тэлекампаніі ўдалося высьветліць некаторыя падрабязнасьці гібелі самалёта на ўсходзе Украіны 17 ліпеня 2014.

Праект дакладу займае некалькі соцень старонак. У дакумэнце пазначаны дакладны графік палёту авіяляйнэра, тып ракеты, якая зьбіла самалёт, а таксама апісаная яе траекторыя. Крыніца, знаёмая з дэталямі справаздачы, паведамляе: у дакладзе ня толькі ёсьць дадзеныя аб пункце, адкуль ракета была выпушчаная, але і паказана, хто менавіта кантраляваў тэрыторыю, зь якой быў зроблены запуск. «Боінг» зьбілі прарасейскія сэпаратысты — да такой высновы, паводле CNN, прыйшлі аўтары дакладу.

Складальнікі дакумэнту ўскладаюць частку адказнасьці за тое, што здарылася, на кіраўніцтва кампаніі Malaysia Airlines, якое, насуперак папярэджаньням, ігнаравала рэкамэндацыі пазьбягаць авіяпалётаў над зонай канфлікту.

Паводле крыніц, знаёмых з хадой расьсьледаваньня, праект сьледчай справаздачы перададзены на разгляд зацікаўленым адрасатам па ўсім сьвеце, уключаючы Нацыянальную раду ЗША па бясьпецы на транспарце, Фэдэральную авіяцыйную адміністрацыю ЗША і авіякампанію «Боінг».

«Боінг» зьдзяйсьняў палёт па маршруце Амстэрдам — Куала-Лумпур. Большасьць з 298 загінулых пасажыраў і членаў экіпажу былі падданымі Нідэрляндаў. І ўкраінскія вайскоўцы, і кіраўніцтва самаабвешчаных усходнеўкраінскіх рэспублік адмаўляюць дачыненьне да гібелі самалёта.

XS
SM
MD
LG