Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея «ў прынцыпе» супраць стварэньня трыбуналу па катастрофе «Боінга»


На месцы катастрофы "Боінга" кампаніі Malaysia Airlines, ліпень 2014 году

На месцы катастрофы "Боінга" кампаніі Malaysia Airlines, ліпень 2014 году

Нідэрлянды выступілі з ініцыятывай стварэньня міжнароднага трыбуналу пры ААН для судовага перасьледу асобаў, якія маюць дачыненьне да гібелі пасажырскага авіяляйнэра «Боінг» кампаніі Malaysia Airlines ў ліпені мінулага году пад Данецкам.

Расея «ў прынцыпе» ня згодная з ідэяй правядзеньня міжнароднага трыбуналу па справе аб катастрофе малайзійскага «Боінга» ў Данецкай вобласьці ў ліпені мінулага году, заявіў намесьнік міністра замежных спраў Генадзь Гацілаў.

Расьсьледаваньне яшчэ працягваецца, і ніякіх канчатковых высноваў ня зроблена. У гэтай сувязі «прыняцьце нейкіх рэзалюцыяў са стварэньнем трыбуналаў выглядае вельмі заўчасным і нелягічным», растлумачыў расейскі дыплямат. Паводле яго слоў, Нідэрлянды павінны прадставіць даклад аб прычынах катастрофы да канца году.

Раней Нідэрлянды выступілі з ініцыятывай стварэньня міжнароднага трыбуналу пры ААН для судовага перасьледу асобаў, якія маюць дачыненьне да гібелі пасажырскага авіяляйнэра «Боінг» кампаніі Malaysia Airlines. Улады Малайзіі падтрымалі гэтую ініцыятыву і заявілі, што маюць намер унесьці адпаведную рэзалюцыю ў Раду Бясьпекі ААН.

Самалёт, які рухаўся з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, разьбіўся пад Данецкам 17 ліпеня мінулага году. Ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце самалёта, загінулі. Большасьць загінулых былі падданымі Нідэрляндаў.

Прыярытэтнай у міжнародных экспэртаў застаецца вэрсія пра тое, што ляйнэр быў зьбіты зь зямлі зэнітна-ракетным комплексам «Бук» расейскай вытворчасьці і, хутчэй за ўсё, з удзелам расейскага экіпажу. Масква абвяргае абвінавачваньні ў датычнасьці да гібелі «Боінга».

XS
SM
MD
LG