Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік беларускай дзяржавы зноў заяўляе, што ўлада забясьпечыць правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году «на найвышэйшым роўні», «адпаведна тым абавязаньням, якія мы ўзялі перад міжнароднымі арганізацыямі».

Пра гэта Лукашэнка казаў 23 чэрвеня на нарадзе, прысьвечанай выбарам. Фактычна ён паўтарыў тыя ж абяцанкі, якія даваў на папярэдняй аналягічнай нарадзе ўвесну, і тое, у чым запэўніваў у чэрвені высокіх чыноўнікаў з АБСЭ.

Свабода параўнала сёлетнія выказваньні кіраўніка дзяржавы з тымі, якія ён рабіў перад папярэднімі прэзыдэнцкімі выбарамі, якія праходзілі ў сьнежні 2010 году і скончыліся брутальнымі дзеяньнямі ўлады адносна як часткі кандыдатаў на прэзыдэнта, так і пратэстоўцаў.

Аляксандар Лукашэнка ўпэўнены: усе выбары, якія праводзіліся, калі ён кіраваў дзяржавай, былі выключна дэмакратычнымі. Пра гэта ён наўпрост заявіў 2 лістапада 2010 году, калі сустракаўся ў Менску зь міністрамі замежных спраў Польшчы й Нямеччыны. Тады Радаслаў Сікорскі й Гіда Вэстэрвэле перадалі беларускім уладам пажаданьне Эўразьвязу, каб выбары прэзыдэнта ў сьнежні былі дэмакратычнымі. На гэта Лукашэнка адказаў, што інакш нават і быць ня можа:

«Ніколі ў нашай краіне не было так, каб парлямэнт ці прэзыдэнта абіралі недэмакратычна. Гэтыя выбары будуць дэмакратычнымі, таму што вы гэтага хочаце», — сказаў Лукашэнка.

Гэты эпізод амаль пяцігадовай даўніны згадаў сёньня ў размове са Свабодай палітоляг, намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец:

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

«У Лукашэнкі вельмі своеасаблівае разуменьне дэмакратыі, якое не суадносіцца з агульнапрынятым, цывілізаваным разуменьнем свабодных і справядлівых выбараў. Такія абяцанкі ён дае пад кожную прэзыдэнцкую кампанію. Можна згадаць, як ён размаўляў і з Даляй Грыбаўскайце, і з Радаславам Сікорскім, і з Гіда Вэстэрвэле. Ім ён абяцаў супэрдэмакратычныя выбары ў 2010 годзе.

Натура Лукашэнкі, як і натура яго рэжыму, амаль не зьмяняльная. І чакаць, што ў 2015 годзе тут будзе нешта іншае, не выпадае. Гэта ўсё гульня на публіку, спроба прыхарошыць палітычны рэжым, які існуе ў Беларусі.

Гэта і чарговае запаўненьне выбарчай тэмы ў мэдыйнай прасторы. Паколькі Лукашэнка манапаліст у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, то ён спрабуе данесьці свае погляды да бальшыні беларусаў. Адначасова ён хоча пагуляць і зь міжнароднай супольнасьцю. Але калі браць крытэры АБСЭ адносна свабодных і справядлівых выбараў, то бачна, што лукашэнкаўскі рэжым аніяк не дацягвае і ня хоча дацягвацца да гэтых стандартаў».

Сярод прэтэнзіяў, якія міжнародныя экспэрты выстаўляюць да беларускага выбарчага заканадаўства, нязьменна гучыць тэма датэрміновага галасаваньня. Неверагодна, калі траціна выбарцаў ідзе да скрыняў раней за асноўны дзень галасаваньня.

У сьнежні 2010 году Лукашэнка заяўляў:

«Катэгарычна недапушчальна кіраўнікам прадпрыемстваў, установаў і арганізацыяў ціснуць на народ і прымушаць ісьці на датэрміновае галасаваньне. Людзей трэба папрасіць. Хочуць яны ісьці датэрмінова галасаваць — няхай ідуць. Ня хочуць — мы чакаем іх 19 сьнежня на ўчастках для галасаваньня. Няма ніякай неабходнасьці сёньня падштурхоўваць людзей да датэрміновага галасаваньня».

Прымушаюць людзей галасаваць датэрмінова ці яны самі жадаюць зрабіць гэта, вельмі лёгка вызначыць, кажа сустаршыня грамадзянскай кампаніі «За справядлівыя і свабодныя выбары» Віктар Карняенка. Актывісты кампаніі назіралі за выбарамі кіраўніка дзяржавы ў 2010 годзе:

Віктар Карняенка

Віктар Карняенка

«Ёсьць вельмі дакладны трэнд. Там, дзе інтэрнаты, студэнцкія асабліва, там вельмі і вельмі шмат выбарцаў галасуюць датэрмінова. І можна зрабіць выснову, што там, дзе людзі залежаць тым ці іншым чынам ад адміністрацыі, іх прымушаюць прагаласаваць датэрмінова. Вядома шмат фактаў, калі студэнтаў нават адпускалі на невялікія вакацыі. То бок, калі яны прагаласуюць у аўторак, то могуць ехаць дадому да канца тыдня.

Такім чынам, гэтыя словы Лукашэнкі пра тое, што нельга гнаць людзей на датэрміновае галасаваньне, ня маюць пад сабой ніякага рэальнага грунту. Насамрэч адбываецца прымус.

І я хачу ўзгадаць словы старшыні Цэнтравыбаркаму, якая казала, што нічога дрэннага ня бачыць у тым, што кіраўнікі, адміністрацыя прымушаюць галасаваць датэрмінова: „С их же спрашивают“. Такім чынам, канстытуцыйнае права грамадзян менавіта ў гэтым аспэкце ў нашай краіне парушаецца».

Лукашэнка ўчора гаварыў пра забесьпячэньне парадку і спакою ў краіне падчас выбарчай кампаніі. Ён запатрабаваў дысцыпліны, максымальнай каардынацыі дзеяньняў з боку вэртыкалі ўлады і сілавых структураў:

«Ня трэба дурных, бесталковых, непатрэбных ініцыятываў накшталт таго, што не туды пайшоў, ня там стаў, хапаць, цягнуць і гэтак далей... Тры месяцы, няшчасныя тры месяцы мы павінны пражыць годна, каб ніхто нас ня мог папракнуць... Мы не павінны дапусьціць пры гэтым ані найменшай дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне!».

У шчырасьць гэтых словаў кіраўніка дзяржавы ня верыць шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна:

Сьвятлана Калінкіна

Сьвятлана Калінкіна

«Я падобныя абяцаньні Аляксандра Лукашэнкі ўсур’ёз не ўспрымаю. І ўспрымаць не магу. Хоць бы таму, што ў нас недэмакратычнае выбарчае заканадаўства. І калі выбары праходзяць у адпаведнасьці з гэтым заканадаўствам, то яны апрыёры ня могуць быць дэмакратычнымі.

Што тычыцца загаду прадстаўнікам сілавых структураў не цягнуць людзей, не хапаць людзей і паводзіць сябе, зноў жа, дэмакратычна. На жаль, сыстэма складалася дзесяцігодзьдзямі. І за адзін дзень, па адным загадзе яна ня можа зьмяніцца. Яна будзе працаваць і на новых выбарах, так, як працавала раней.

Таму гэта — такі рытуал, цырымонія напярэдадні выбараў. Лукашэнка зноў абяцае дэмакратычныя выбары. Але зноў не сыходзіць у адпачынак. Ён зноў гадзінамі будзе на тэлеэкранах, а ўсім астатнім кандыдатам дадуць па некалькі хвілінаў. Вось такое ў нас разуменьне дэмакратыі».

Мяркуецца, што 30 чэрвеня чарговыя прэзыдэнцкія выбары будуць прызначаныя на 11 кастрычніка 2015 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG