Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка абяцае не друкаваць грошы пад прэзыдэнцкія выбары. А чаго чакаць пасьля выбараў?


«Мы адкрыта і сумленна сказалі: мы ня будзем пад выбары, друкуючы грошы ці забіраючы з золатавалютных ці іншых рэзэрваў, накручваць заробкі. Але калі мы ня маем такой магчымасьці на павышэньне зарплаты, цэны павінны быць адпаведныя. Гэта ў нашых руках», — заявіў кіраўнік дзяржавы на нарадзе па актуальных унутрыпалітычных пытаньнях.

«Ня дай бог, да канца жніўня — пачатку верасьня прадпрыемствы ня будуць працаваць на поўную магутнасьць і не на склад! Вось на склад нікому ня трэба! Людзі павінны мець працу. Людзі павінны быць упэўненыя ў заўтрашнім дні. Гэта галоўнае для ўлады. Вырашым мы гэта, і тады праблемаў ня будзе з выбарамі», — цытуе Лукашэнку прэзыдэнцкая прэс-служба.

Ён адзначыў, што эканоміка — гэта галоўны крытэр, паводле якога будзе ацэньвацца дзейнасьць кіраўніцтва краіны ў перадвыбарчы пэрыяд.

Ці ўдасца Лукашэнку выканаць абяцанае перад выбарамі? Эканаміст Барыс Жаліба так адказаў на гэтае пытаньне карэспандэнта Свабоды:

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

«Удасца і не. Ну як раптам прадпрыемствы пачнуць працаваць на поўную магутнасьць, калі няма збыту іх прадукцыі? Калі расейскі рынак не купляе ў такіх памерах, як раней? Калі расейская эканоміка ў глыбокім крызісе? Гэта зноў працаваць на склад. Ён кажа, што ня будзе плаціць заробкі пустымі грашыма. Гэта таксама можа атрымацца. Як нам паведамляюць СМІ, сёньня афіцыйны Менск вядзе перамовы з Эўразійскім фондам стабілізацыі і разьвіцьця пра тое, каб да прэзыдэнцкіх выбараў атрымаць новы крэдыт. Нібыта гэтыя перамовы будуць выніковымі, і Лукашэнка гэты крэдыт атрымае. Ну, калі ён атрымае гэты крэдыт, то ня трэба нам перажываць за золатавалютныя рэзэрвы, яны ня зьменшацца. З гэтага крэдыту можна і павялічыць заробкі нейкімі выплатамі, як гэта заўсёды рабілася перад выбарамі».

Калі ж Лукашэнку ўдасца ўтрымаць сытуацыю да выбараў, то чаго чакаць пасьля выбараў?

«Тэндэнцыя застаецца. Краіны Захаду працягнулі санкцыі адносна Расеі да 31 студзеня 2016 году. Таму пакупніцкая здольнасьць расейскага рынку ня зьменіцца. Калі санкцыі працягнулі, то цэны на нафту — а гэта асноўная прычына ўпадку эканомік Расеі і Беларусі, — хутчэй за ўсё, застануцца на нізкім узроўні, у межах 50–60 даляраў за барэль. То бок я ня бачу сьвятла ў канцы тунэля».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG