Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калякін ня будзе сьпяшацца з рэгістрацыяй ініцыятыўнай групы


Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Беларусі, лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін не панясе дакумэнты аб рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы на самым пачатку ліпеня, як гэта прапаноўвае Цэнтральная выбарчая камісія. Пра гэта ён заявіў Свабодзе:

«Мы правялі паседжаньне бюро Цэнтральнага камітэту. Гэта — выканаўчы орган нашай партыі. Заслухалі прадстаўнікоў абласьцей пра тое, як ідзе фармаваньне ініцыятыўнай групы. Яно ідзе нармальна. Ужо ёсьць у складзе групы прыкладна 1400 чалавек.

І яшчэ мы абмяркоўвалі пытаньне пра час здачы дакумэнтаў у ЦВК. Ярмошына казала, што гатовая іх прымаць з 1 ліпеня. Таму мы разглядалі як варыянт — перадаць усю неабходную дакумэнтацыю на самым пачатку месяца, напрыклад, 2 ліпеня. Але мы палічылі, што гэта немэтазгодна рабіць, бо ад гэтага мы нічога ня выйграем. Збор подпісаў пачынаецца толькі 23 ліпеня, калі б ты ні здаў дакумэнты. І таму нашы людзі сказалі: давайце ня будзем сьпяшацца і здадзім дакумэнты па групе чысла 13–14-га».

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік сказаў Свабодзе, што ў гэтым пытаньні Сяргей Калякін мае рацыю:

«Згодна з Выбарчым кодэксам збор подпісаў пачынаецца за 80 дзён і закачваецца за 50 дзён да пачатку выбараў. То бок, калі выбары прызначаць на 11 кастрычніка, то зьбіраць подпісы за кандыдатаў можна будзе сапраўды не раней за 23 ліпеня».

Чакаецца, што прэзыдэнцкія выбары пройдуць 11 кастрычніка. А афіцыйна выбарчую кампанію зьбіраюцца абвясьціць 30 чэрвеня.

XS
SM
MD
LG