Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская «Санта-Барбара»: мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Многія думалі, што сэрыял пад назвай «Мадэрнізацыя дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў» скончыўся судом над дырэктарам «Барысаўдрэва». Аж не. Нарада ў Аляксандра Лукашэнкі 18 чэрвеня па гэтым пытаньні паказала, што беларуская «Санта-Барбара» працягваецца.

Кароткі зьмест папярэдніх сэрыяў. Пачалася гісторыя яшчэ ў 2007 годзе. Тады было прынятае рашэньне правесьці мадэрнізацыю дзевяці дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. На яе была зробленая вялікая стаўка. Гэта быў адказ беларускай мадэлі на крызісныя зьявы ў эканоміцы. Маўляў, без усялякіх рынкавых рэформаў мы ўсім пакажам, як трэба працаваць.

Экзыстэнцыйная каштоўнасьць гэтай сытуацыі ў тым, што вытрыманая чысьціня экспэрымэнту. Былі прынятыя якія толькі магчыма надзвычайныя меры. Прызначаныя самыя лепшыя кадры. Грошай атрымалі, колькі хацелі, у суме выйшла больш за 1 млрд эўра. Нябачаная рэч: прэзыдэнт сваім дэкрэтам забараніў работнікам дрэваапрацоўчай галіны звальняцца да завяршэньня мадэрнізацыі, што незалежныя СМІ назвалі ўвядзеньнем у Беларусі «прыгоннага права».

За рэалізацыю праекту ў дрэваапрацоўчай галіне ўзяўся асабіста Аляксандар Лукашэнка. Паводле плянаў, завяршыць рэалізацыю праекту павінны былі да сьнежня 2009 году. Потым тэрмін завяршэньня шмат разоў адкладаўся. Было заменена шмат кіраўнікоў. 8 лістапада 2013 году Аляксандар Лукашэнка вынес прысуд свайму стварэньню: «Увесь праект мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі правалены... Мы тут загубілі мільёны даляраў».

І вось чарговая нарада. Што высьветлілася? Паводле словаў прэм’ер-міністра Кабякова, мадэрнізацыя дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў у асноўным завершаная. Лягічна было б чакаць, што на новым абсталяваньні заводы нарэшце пачнуць выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, атрымаюць вялікі прыбытак і будуць квітнець.

Дык вось якраз не. Андрэй Кабякоў канстатаваў: «Фінансавая сытуацыя на базавых прадпрыемствах дрэваапрацоўкі складаная. Руху наперад на мадэрнізаваных магутнасьцях перашкаджае закрэдытаванасьць». Маецца на ўвазе вялікі аб’ём запазычанасьці перад банкамі. «Няма плянаванага эканамічнага эфэкту», — адзначыў Андрэй Кабякоў. Паводле ягоных слоў, на сёньняшні дзень у большасьці прадпрыемстваў няма стабільнай рэалізацыі вырабленай прадукцыі, не загружана вытворчасьць, і, як вынік, не хапае сродкаў для разьлікаў па крэдытах.

Аляксандар Лукашэнка дадаў: «Як мне дакладваюць, сытуацыя там нярадасная. Так званыя часовыя цяжкасьці зацягваюцца на даволі працяглы пэрыяд... Зразумела, што рынкі ўпалі, канкурэнты працуюць хутчэй за нас, рэсурсы ў Расіі таньнейшыя і іншае. Але гэта проста размовы і адгаворкі, якія сёньня не прымаюцца. Тыя, хто думае падобнымі катэгорыямі, проста не адчуваюць сытуацыю навакол. У Эўропе рэсурсы яшчэ даражэйшыя, а кошты і якасьць, тым ня менш, больш прымальныя. Таму давайце ня будзем займацца пошукам зьнешніх прычын...»

З выступу кіраўніка дзяржавы высьветлілася цікавая акалічнасьць. Аказваецца, у гэтым годзе на прапанову ўраду ўжо быў падпісаны прэзыдэнцкі ўказ аб рэструктурызацыі даўгоў шэрагу дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Але сытуацыя ў галіне зайшла настолькі далёка, што ўказ праблемы ня вырашыў! Празь месяц зьявіўся новы праект указу, і нарада 18 чэрвеня, уласна, і абмяркоўвала зьмест гэтага дакумэнту. Як паведаміў старшыня канцэрну «Беллеспаперапрам» Юры Назараў, праект новага ўказу прадугледжвае «глыбокую рэструктурызацыю крэдытнай запазычанасьці прадпрыемстваў праз эмісію эмітаваных дзяржавай доўгатэрміновых аблігацыяў для набыцьця гэтых папер банкамі на адпаведных умовах».

То бок можна меркаваць, што калі рыхтаваўся праект мадэрнізацыі, не было ніякага сур’ёзнага бізнэс-пляну, ніхто не займаўся вывучэньнем рынкаў, не было маркетынгу і інш. Мадэрнізацыю рабілі наўздагад. Грошы ж дзяржаўныя, чаго замарочвацца. І цяпер думаюць, што з усім гэтым рабіць.

Праблема закладзеная ў саму беларускую сацыяльную мадэль, якая грунтуецца на сацыялістычных прынцыпах, паводле якіх першасная задача — гэта вытворчасьць. А продаж — гэта другасная задача. Бо сацыялістычная эканоміка была дэфіцытная, і праблемы продажу не існавала. Прынцып функцыянаваньня беларускай мадэлі сфармуляваў Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на зьезьдзе прафсаюзаў 22 траўня 2015 году: «Прадукцыю мы ствараем нармальную, па якасьці, цане адпаведную... галоўнае — яе прадаць. І трэба шукаць, дзе прадаваць».

У рынкавай эканоміцы, наадварот, спачатку робяць аналіз рынкаў, шукаюць, хто зможа купіць, і толькі потым займаюцца вытворчасьцю тавару. У Беларусі ўся эканамічная лёгіка перакуленая дагары нагамі. Таму падобных нарадаў будзе яшчэ шмат. Сэрыял працягваецца.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG