Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгляд Вярхоўным судом касацыйнай скаргі гендырэктара «Барысаўдрэва» Ўладзімера Мальцава, зьмяншэньне пакараньня дае падставу вярнуцца да гэтай, па вялікім рахунку, звычайнай для Беларусі крымінальнай справы, каб паразважаць пра яе палітычныя ўрокі. Суд быў адкрыты, што дало магчымасьць сачыць за працэсам і ня толькі бачыць, што чалавека фактычна пасадзілі нізавошта, а зрабіць некалькі высноў.

1. Мальцава судзілі ня ў рамках антыкарупцыйнай кампаніі. Не было доказаў таго, што ён прысвоіў дзяржаўныя грошы. Яго абвінавацілі, хутчэй, у безгаспадарчасьці. Гэта фэномэн савецкага правасудзьдзя. Бо рынкавая эканоміка такога абвінавачаньня ня ведае. Калі суб’ект гаспадараньня выяўляе сябе няўдалым камэрсантам, то цярпіць гаспадар, гэта ягоныя праблемы, якія ня тычацца грамадзтва. Праблема ў тым, што галоўны гаспадар у Беларусі — гэта дзяржава.

2. Справа Мальцава — гэта тлустая рыса пад кампаніяй мадэрнізацыі, якая была так гучна абвешчаная і так ганебна скончылася. На яе зрабілі вялікую стаўку. Мадэрнізацыя прадстаўлялася ўладамі як адказ на крызісныя зьявы ў эканоміцы. За рэалізацыю праекту ў дрэваапрацоўчай галіне ўзяўся асабіста Аляксандар Лукашэнка, ажыцьцяўляючы, як было прынята казаць у савецкія часы, «кіраўніцтва на месцы», у ручным рэжыме.

Былі прынятыя якія толькі магчыма надзвычайныя меры. Прызначаныя найлепшыя кадры. Грошай атрымалі, колькі хацелі — у суме выйшла больш за 1 млрд эўра. Нябачаная рэч — прэзыдэнт сваім дэкрэтам забараніў да завяршэньня мадэрнізацыі работнікам дрэваапрацоўчай галіны звальняцца, што незалежныя СМІ назвалі ўвядзеньнем у Беларусі «прыгоннага права».

Маўляў, паглядзіце, без усялякіх рынкавых рэформаў, да якіх нас падштурхоўваюць розныя местачковыя і замежныя разумнікі, мы ўсім падатром нос, пакажам, як трэба працаваць.

І паказаў. Усе ўбачылі. Узорна-паказальная праграма мадэрнізацыі правалілася на вачах усяго люду. Некалькі разоў Лукашэнка прыяжджаў на «Барысаўдрэў», мяняў кадры, пагражаў турмой. Вынікам стаў крах праекту і вялікі скандал.

За ўвесь гэты правал нехта павінен быў адказваць. І вось знайшлі «стрэлачніка». То бок «справа Мальцава» — гэта прысуд беларускай мадэрнізацыі.

3. Гэты працэс яшчэ раз з усёй нагляднасьцю дэманструе, што ў Беларусі няма прававой дзяржавы, што ўся сыстэма правасудзьдзя — інструмэнт вырашэньня палітычных задач. Калі Лукашэнка загадаў распачаць крымінальную справу, то ўсе праваахоўныя органы павінны выконваць. Сьледчыя, пракуроры, суд — усе літаральна мучыліся ў пошуках, за што б зачапіцца, каб выканаць вышэйшую волю.

4. Урок дырэктарскаму корпусу. Сёньня ў Беларусі быць дырэктарам больш небясьпечна, чым апазыцыянэрам. У турму можа трапіць кожны, абсалютна незалежна ад добрасумленнасьці, эфэктыўнасьці сваёй працы і інш. Нагадаю, што падчас наведваньня «Барысаўдрэва» ў лістападзе 2013 году Лукашэнка прыгразіў крымінальнай справай віцэ-прэм’еру Ўладзімеру Сямашку, адпраўленаму ў адстаўку кіраўніку Менскай вобласці Барысу Батуру, гендырэктару будтрэста № 21, дырэктару праектнага інстытуту, кіраўніку мясцовай санітарнай службы. У выніку ахвярным казлом стаў Уладзімер Мальцаў.

5. Судовы працэс над барысаўскім дырэктарам дазволіў убачыць, як працуе сыстэма ручнога кіраваньня эканомікай у беларускім варыянце. Высьветлілася, што дырэктар ня можа самастойна прыняць ніводнага больш-менш важнага рашэньня на сваім прадпрыемстве. Кожнае значнае зьмяненьне ў першапачатковым праекце мадэрнізацыі трэба было ўзгадняць ва ўрадзе і Адміністрацыі прэзыдэнта. Некаторыя дакумэнты візіраваў прэм’ер-міністар ці ягоны намесьнік. На ўсіх шматлікіх нарадах прысутнічаў прадстаўнік Камітэту дзяржкантролю. У выніку — у сямі нянек дзіця бяз вока.

Вярхоўны суд прыняў кампраміснае рашэньне. Тым больш сам Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі 29 студзеня абяцаў разабрацца. Суд ня мог зусім адмяніць ранейшы прысуд. Бо, як вядома, «нашы органы не памыляюцца», тым больш сам прэзыдэнт. Але з улікам амністыі праз 1–2 месяцы Уладзімер Мальцаў можа выйсьці на волю. У такой сытуацыі ня ведаеш, ці то віншаваць, ці спачуваць.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG