Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Івацэвічдрэве» скарачэньні, заробкі ўпалі ў разы, прадукцыя на складах


Дрэваапрацоўчы завод, на якім прайшла мадэрнізацыя, — у крызісе. Рабочыя заяўляюць пра звальненьне 300 чалавек, а адміністрацыя масавыя звальненьні адмаўляе.

Пра звальненьні Радыё Свабода апавёў грузчык Сяргей Дубойскі, які таксама трапіў пад скарачэньне.

На ААТ «Івацэвічдрэў» у Івацэвічах Брэсцкай вобласьці працуе каля 1000 чалавек. Некалькі гадоў таму тут адчынілі новы цэх. У 2012 годзе з інспэкцыяй сюды прыяжджаў Аляксандар Лукашэнка. Ён зьняў з пасады старога дырэктара Барыса Міхнюка і прызначыў кіраваць прадпрыемствам Уладзімера Шульгу, былога кіраўніка канцэрну «Беллеспаперапрам».

Публічнае звальненьне ганаровага жыхара гораду Барыса Міхнюка жыва абмяркоўвалася ў Івацэвічах. Многія працаўнікі выказвалі жаль з гэтай нагоды.

Крызіс на прамысловым флягмане Івацэвічаў

Адразу з прыходам Уладзімера Шульгі, расказвае Сяргей Дубойскі, на прадпрыемстве падняліся заробкі. Грузчык драўнянастружкавых пліт Сяргей паказвае свае разьліковыя, паводле якіх ён атрымліваў у 2013 годзе 8–9 мільёнаў рублёў.

Сяргей Дубойскі

Сяргей Дубойскі

Цяпер заробкі часам не дасягаюць і трох мільёнаў. За сакавік 2015 Сяргей мае атрымаць 2 мільёны 800 тысяч.

«Кажуць, што калі сыходзіў Міхнюк, то пакінуў „заначку“ — недзе 5 мільярдаў. Тыпу, на „чорны дзень“. Шульга гэтую заначку адразу раскінуў, каб падняць заробкі. Ну, а як падняць? З чаго ж ён падняў?» — мяркуе Сяргей Дубойскі.

Крызіс на прадпрыемстве Дубойскі зьвязвае з пастаўкамі ў Расею:

«Калі паглядзець — то ўсе склады ў горадзе заваленыя драўлянай плітой, то бок збыту няма. Працы няма. Адчынілі новы цэх па выпуску дошак на старым заводзе. Але дошкі таксама нікому не патрэбныя. Усё завалена і стаіць гніе. З плітой ДСП таксама збыту няма — на мінулым тыдні амаль зусім вагонаў не было. Расея адмовілася, бо вялікая цана».

Пісаў лісты Лукашэнку — трапіў пад скарачэньне

У Сяргея Дубойскага двое дзяцей, меншаму — усяго 8 месяцаў, жонка ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. Ён кажа, што фактычна быў кармільцам сям’і.

Пытаюся: ці не баіцца так адкрыта распавядаць пра праблемы на прадпрыемстве журналісту? Сяргей тлумачыць, што яму няма чаго губляць. Страціўшы працу на «Івацэвічдрэве», ён мяркуе пераяжджаць у іншы горад, бо ў Івацэвічах іншай працы так і не знайшоў.

«Калі папраўдзе, то я не павінен трапляць пад скарачэньне, бо ў мяне малое дзіця ды жонка ў дэкрэце. Але я ўжо не спрачаюся, ня бачу пэрспэктыў на гэтым прадпрыемстве, буду выяжджаць. А чаму звальняюць? Бо незалюбілі. Усё пачалося яшчэ тады, калі я пісаў скаргі ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Тут пабудавалі ад заводу новы інтэрнат, і я спрабаваў выбіць там кватэру, хадзіў да дырэктара, і мне адмовілі. Ну, а ў мяне ж дзіця, то я і вырашыў напісаць Лукашэнку», — апавядае Сяргей Дубойскі.

Калі папраўдзе, то я не павінен трапляць пад скарачэньне, бо ў мяне малое дзіця ды жонка ў дэкрэце

Зварот з адміністрацыі Лукашэнкі быў перанакіраваны ў Івацэвіцкі райвыканкам, але і там праблему Сяргея ня вырашылі. Ён так і жыве на найманай кватэры, плаціць 50 даляраў.

Пасьля скаргі Лукашэнку начальства пачало ставіцца да Сяргея насьцярожана. Ён яшчэ некалькі разоў выказваў пратэст, калі рабочых змушалі выконваць працу, якая не ўваходзіць у іхнія абавязкі. Цяпер Сяргей трапіў пад першую хвалю звальненьня:

«Адпрацаваў без спагнаньняў, ніколі п’яным ня бачылі, я не злоўжываю алькаголем. Лягічна — хто першы будзе трапляць пад скарачэньні? Тыя, хто мае „залёты“. Ёсьць жа і выпівохі, але гэтыя працуюць... А мне намякнулі, што раз такі разумны, пішу лісты Лукашэнку, то і трапіў пад скарачэньне», — тлумачыць Сяргей.

Івацэвіцкі дрэваапрацоўчы завод

Івацэвіцкі дрэваапрацоўчы завод

Адміністрацыя «Івацэвічдрэва» масавасьць звальненьняў адмаўляе

Пракамэнтаваць інфармацыю пра масавае звальненьне Свабода папрасіла намесьніцу генэральнага дырэктара па ідэалягічнай і кадравай працы Людмілу Пытляк. Тая распавяла, што гэта толькі чуткі:

«Гэта дакладна чуткі. Хіба што рабочы, які вам расказаў, болей ведае. Ёсьць нейкія скарачэньні, як усюды, але ня 300 чалавек».

Крызіс на Берасьцейшчыне

Сытуацыя на «Івацэвічдрэве» не ўнікальная на Берасьцейшчыне. У прэсе пэрыядычна зьяўляюцца зьвесткі пра крызісныя зьявы і на шмат якіх іншых прадпрыемствах вобласьці. Канстатуецца падзеньне заробкаў, скарачэньні, перавод на няпоўны працоўны тыдзень.

Рэгіянальная кіраўніца прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці Зінаіда Міхнюк апавяла Свабодзе, што ёй пэрыядычна прыходзяць паведамленьні ад рабочых пра цяжкасьці на прамысловых прадпрыемствах вобласьці:

Зінаіда Міхнюк

Зінаіда Міхнюк

«На „Цьветатроне“ ў нас вялікая пярвічная арганізацыя. І справы там цяпер няважныя. Калісьці там працавала 1300 чалавек, а цяпер і 400 няма. Самая вялікая вытворчасьць там была па вырабе бартавых кампутараў камбайнаў „Гомсельмаша“. Цяпер справы на „Гомсельмашы“ нядобрыя, то гэта адбілася і на берасьцейскім „Цьветатроне“. Прадукцыя ідзе на склад, таму заробкі ўпалі кардынальна, некаторыя і да 2 мільёнаў не дацягнулі. У сакавіку прасілі рабочых пісаць на „добраахвотны“ адпачынак 3 разы на месяц.

Праблемы і на Берасьцейскім электрамэханічным заводзе. Ён калісьці быў флягманам Берасьця. Цяпер там дзесьці 500 працаўнікоў. Вельмі яго падкасіў крызіс 2011 году. І на сёньня завод мае дзесьці 120 мільярдаў даўгоў. Яшчэ да Новага году там быў трохдзённы працоўны тыдзень.

Тэлефануюць і з электрамэханічнага заводу ў Давыд-Гарадку, скардзяцца на заробак да 2 мільёнаў. Нешта спрабаваў там баранавіцкі „Атлант“ выпускаць, але і з гэтай невялікай вытворчасьцю таксама нешта не пайшло», — распавяла Зінаіда Міхнюк.

Спадарыня кажа, што, на яе думку, варта пераходзіць ад вялікіх прадпрыемстваў да разьвіцьця малых, «якім лягчэй выстаяць у крызіс». Як прыклад яна прыводзіць Берасьцейскі радыёзавод, на якім працуе каля 200 чалавек — і ён «яшчэ больш-менш трымаецца».

XS
SM
MD
LG