Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Трусаў: ЗША прапаноўвалі грошы для зьнішчэньня ракетных пляцовак, але Лукашэнка ўсё захаваў


Ракеты «Ярс» на рэпэтыцыі параду ў Маскве
Ракеты «Ярс» на рэпэтыцыі параду ў Маскве

Заява расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна пра павелічэньне ядзернага арсэналу Расеі аднавіла апасеньні, што расейцы могуць разьмясьціць частку сваіх ядзерных сіл на тэрыторыі Беларусі. Ці гэта магчыма?

16 чэрвеня Ўладзімер Пуцін заявіў, што на баявое дзяжурства паставяць 40 новых стратэгічных ядзерных ракет. Гэта колькаснае павелічэньне ядзерных сіл ці проста замена старых ракет на новыя? Незалежны вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін кажа пра замену састарэлых мадэляў «Топаль» і «Сатана» на новыя мадэлі «Ярс» і «Рубеж», але адзначае, што гэта будуць ракеты з разьдзяляльнымі боегалоўкамі, таму пра захаваньне ранейшай колькасьці казаць складана.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Расея выводзіць з эксплюатацыі шэраг тыпаў стратэгічных ракет, якія ўжо шмат часу стаяць на баявым дзяжурстве, бо заканчваецца іх гарантыйны тэрмін. У першыя гады пасьля распаду СССР расейцы проста падаўжалі тэрмін службы ракет, некаторых і ў два разы. Як для ракет „Топаль-М“, „Сатана“, УТТХ-100 украінскай вытворчасьці. Але далей цягнуць з заменай немагчыма, і таму яны бяруць на дзяжурства 40 новых ракет, у тым ліку зусім новых мадэляў. „Топалі“ заменяць на „Ярсы“, якія маюць ужо некалькі боегаловак. Але нават у такім выпадку рэзкага парушэньня стратэгічнага балянсу ня будзе. Справа ў тым, што Расея і паводле носьбітаў, і паводле боегаловак не дабірае ліміту, пра які была дамова з ЗША».

Наўпроставы лінк


Паводле экспэрта, у 2016 годзе Расея таксама пачне заменяць частку сваіх састарэлых ракет новай мадэльлю «Рубеж». Гэтыя замены — не сакрэт для адмыслоўцаў. Тое, што пра замену першых 40 ракет Уладзімер Пуцін заявіў цяпер, Аляксандар Алесін назваў прапагандысцкім крокам, накіраваным на запалохваньне Захаду ў сувязі з плянамі ўвядзеньня новых санкцыяў супроць Расеі.

Ці магчымае разьмяшчэньне новых ядзерных ракет Расеі на тэрыторыі Беларусі? Паводле Аляксандра Алесіна, гэта магчыма пры ўмове, што на тэрыторыі Беларусі зьявяцца базы з экстэрытарыяльным статусам, на якіх будуць дзейнічаць законы Расеі. Але што павінна здарыцца, каб Расея выказала намер разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі такія базы, а Беларусь на гэта пагадзілася?

«Гіпатэтычна такое магчыма. Згадваю, што казаў расейскі экспэрт, генэрал-маёр Дворкін. Што ў выпадку, калі ядзерная зброя ЗША зьявіцца ў Вялікабрытаніі, у краінах Заходняй Эўропы, тады ў адказ на заходніх межах Расеі могуць зьявіцца расейскія ракеты тыпу „Піянэр“. Але паколькі гэтых „Піянэраў“ даўно няма, яны ліквідаваныя на пачатку 90-х, дык замест іх расейцы могуць паставіць ракеты „Рубеж“, яны ж СС-26. Тэарэтычна такая зброя можа зьявіцца і ў нас. Бо пры пэўных умовах яна можа стрэліць і на адлегласьць меней за 6 тысяч кілямэтраў».

Наўпроставы лінк


У 1992 годзе, калі Беларусь падпісала Лісабонскі пратакол, паводле якога адмовілася ад ядзернай зброі і пагадзілася перадаць яе Расеі, на тэрыторыі Беларусі знаходзілася 9 мабільных ракетных комплексаў «Топаль» і яшчэ 79 ракет папярэдніх мадыфікацыяў, якія запускаліся ў асноўным з шахтаў. Новыя стратэгічныя ядзерныя ракеты Расеі — гэта выключна мабільныя комплексы, дзеля запуску якіх шахты не патрэбныя, а дастаткова роўнай і падрыхтаванай пляцоўкі. 20 гадоў таму ў Беларусі было некалькі дзясяткаў такіх пляцовак. У якім яны стане цяпер?

Алег Трусаў
Алег Трусаў

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Алег Трусаў згадаў, як на пачатку 1990-х гадоў дэпутаты апазыцыі спрабавалі ўзяць пад кантроль вываз дарагога абсталяваньня з ракетных баз на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку з тэрыторыі базы пад Ваўкавыскам, дзе будаваўся штаб па кіраваньні ядзернымі ракетамі. Але спыніць працэс раскраданьня не ўдалося. Паводле Алега Трусава, падземныя пункты кіраваньня ракетамі былі дашчэнту разрабаваныя. Але што да пляцовак для запуску ракет, то яны маглі захавацца.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:36 0:00
Наўпроставы лінк

«Ракетныя пляцоўкі засталіся. Лукашэнка ня даў разбурыць гэтыя пляцоўкі. Амэрыканцы давалі грошы, але прыйшоў Лукашэнка да ўлады, і шмат дзе гэтыя пляцоўкі засталіся. Яны ёсьць. То бок калі задумаюць тут ставіць расейскія ракеты, дык гэта будзе для іх таньней, чым з нуля пачынаць. І аэрадромы засталіся. Вось, прыкладам, у Быхаве, які быў адным з найлепшых аэрадромаў дальняй авіяцыі ў былым Саюзе. Там могуць сядаць летакі зь ядзернай зброяй. Ён жа дзейнічае, і туды ўжо прыляталі расейскія самалёты. Сёе-тое захавалася. А што да ваўкавыскага штабу, дык яго ўжо не аднавіць. Ды ў ім і няма патрэбы. Расейцы сабе даўно новых штабоў набудавалі».

Паводле экспэртаў, магчымае разьмяшчэньне расейскіх ядзерных ракет на тэрыторыі Беларусі азначала б, што яна зноў стане патэнцыйным аб’ектам ядзернага ўдару, ад пагрозы якога пазбавілася ў першыя гады незалежнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG