Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ядзерны плян Пуціна спрацоўвае — аглядальнік The Wall Street Journal


Расейская атамная падводная лодка «Юры Даўгарукі» на парадзе ў Севераморску 27 ліпеня 2014 года.

Расейская атамная падводная лодка «Юры Даўгарукі» на парадзе ў Севераморску 27 ліпеня 2014 года.

«Адзін расейскі вучоны, які часта распаўсюджвае задумы Ўладзіміра Пуціна на будучыню, агучыў ідэі ядзернай правакацыі і запалохваньня на адрас Захаду, выступаючы перад невялікай групай эўрапейскіх спэцыялістаў па бясьпецы, якія на мінулым тыдні сабраліся ў адным з аналітычных цэнтраў у Парыжы», — сьцьвярджае аглядальнік The Wall Street Journal Джон Вінакур. «Паводле аднаго з удзельнікаў мерапрыемства, расейскі эмісар сказаў: «Цяпер у нас ёсьць ядзерны патэнцыял для канфрантацыі з НАТО ў Эўропе».

ЗША і іх саюзьнікі шукаюць, чым адказаць Расеі, гаворыцца ў артыкуле.

Вінакур мяркуе: для Пуціна вывад НАТО са строю — прыярытэтная задача. У пачатку 80-х СССР ледзь не ўдалося згуляць на страхах эўрапейцаў перад разьмяшчэньнем атамнай зброі ЗША ў Эўропе.

У расейцаў ёсьць усе падставы цешыцца рэцыдывамі сымптомаў нерашучасьці і рознагалосьсяў у Эўропе.

«Цяпер дэбаты саюзьнікаў аб магчымай мадэрнізацыі ядзерных сіл ЗША даюць рускім новую магчымасьць справакаваць абурэньне і заняцца падрыўной працай. Паводле эўрапейскіх крыніц, мадэрнізацыя, магчыма, уключыць у сябе асучасьніваньне існуючай ядзернай зброі ЗША, удасканаленьне яе абарончых магчымасьцяў або нават разьмяшчэньне новых ядзерных узбраеньняў у Эўропе. У расейцаў ёсьць усе падставы цешыцца рэцыдывамі сымптомаў нерашучасьці і рознагалосьсяў у Эўропе», — гаворыцца ў артыкуле.

Мяркуючы па нядаўнім сацыялягічным апытаньні, у Нямеччыне, Францыі і Італіі іх грамадзяне ня хочуць абараняць «памежныя краіны НАТО» ад расейскай атакі. Падмуркі НАТО хістаюцца, заключае аўтар.

На думку аўтара, Пуціна падбадзёрвае той факт, што адміністрацыя Абамы ўстрымліваецца ад ужываньня зброі ў адказ.

«Украіна не атрымае зброі. Меркаваны плян ЗША па разьмяшчэньні цяжкай бронетэхнікі і вайскоўцаў ЗША ў прыфрантавых краінах НАТО, якія мяжуюць з Расеяй — гэта, падобна, дазаваны кампраміс у адказ на просьбу гэтых краін аб стварэньні пастаянных ваенных баз НАТО», — піша аўтар.

Вінакур таксама лічыць амаль неверагодным, што Нямеччына, якая ня церпіць ядзернай зброі, эфэктыўна ўзначаліць Эўропу «перад абліччам Расеі, якая стварае паўсядзённую пагрозу са свайго ядзернага прывіду».

А курс ЗША ў дачыненьні да Расеі выклікае давер толькі ненадоўга, лічыць аўтар. Белы дом запэўніваў, што здолеў ізаляваць Маскву, але выказваньні дзяржсакратара Кэры пасьля візыту ў Расею «межавалі зь нізкапаклонствам», лічыць аўтар.

Цяпер жа «ЗША зноў хочуць трымацца напалову жорстка ў дачыненьні да Расеі», заўважае аўтар, іранічна прапаноўваючы чытачам «афіцыйна выдыхнуць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG