Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Дзядок парэзаў вены на руках і жывот


Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

Такім чынам палітвязень спрабаваў зьвярнуць на сябе ўвагу адміністрацыі горкаўскай калёніі, дзе адбывае пакараньне.

Як распавяла Радыё Свабода жонка палітвязьня Валерыя Хоціна, 12 траўня Мікалая Дзядка перавялі на новае месца адбыцьця пакараньня — у калёнію ПК-9 у Горках. Стаміўшыся і ня выспаўшыся, хлопец лёг спаць за гадзіну да адбою. За гэта 13 траўня яго зьмясьцілі ў штрафны ізалятар, дзе ён правёў 5 сутак. У якасьці дадатковага пакараньня ён мусіў памыць прыбіральні. Гэтага ён не зрабіў, бо, паводле Валерыі Хоцінай, такі ўчынак перавёў бы яго ў нізкастатусную катэгорыю.

19 траўня Мікалая Дзядка зноў адправілі ў адзіночную камэру штрафнога ізалятара. З-за вельмі нізкай тэмпэратуры Дзядок пакутаваў усю ноч, прасіў перавесьці яго ў іншае памяшканьне. Пра гэта Валерыі Хоцінай паведаміў адвакат, які 26 траўня наведаў Міколу Дзядка ў калёніі.

Валерыя Хоціна

Валерыя Хоціна

Каб зьвярнуць на сябе ўвагу дзяжурных па ШЫЗА і дамагчыся пераводу хоць куды-небудзь, раніцай 20 траўня Мікалай парэзаў сабе вены на руках і жывот. Тады яго зьмясьцілі ў мэдсанчастку.

Пасьля аказаньня першай мэдычнай дапамогі Дзядка зноў замкнулі ў тым жа халодным памяшканьні ШЫЗА, дзе ён быў да 26 траўня.

«Гэта не была спроба самагубства. Ён перадаваў праз адваката, што хоча, каб гэта ўсе ведалі, казаў, што зьбіраецца жыць доўга. Проста ён ня змог па-іншаму прыцягнуць увагу да сябе. Але ў выніку яго патрабаваньне ня выканалі. Мікалаю проста перавязалі раны, і цяпер яго кожны дзень наведвае доктар. Дарэчы, турэмны псыхоляг засьведчыў, што ў Мікалая няма праблемаў, што зь ім усё ў парадку».

Такім чынам, агулам Мікалай Дзядок атрымаў за два тыдні 4 спагнаньні.

Валерыя Хоціна кажа, што раны, якія Мікола Дзядок нанёс сабе, не ўяўляюць пагрозы для яго жыцьця і здароўя.

«Але я лічу, што нават для таго, каб трошкі сябе парэзаць, павінна здарыцца нешта неверагоднае. Відаць, гэта тыя нялюдзкія абставіны, у якіх знаходзіцца Мікола», — кажа Валерыя Хоціна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG