Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Палітвязень Дзядок будзе сядзець у турме


Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

Калегія Магілёўскага абласнога суду не задаволіла касацыйную скаргу палітвязьня Мікалая Дзядка. Ён мусіць адседзець яшчэ год у калёніі на дадатак да таго тэрміну, які ўжо адседзеў (чатыры з паловай гады).

«На разглядзе касацыйнай справы сына я ўбачыла намер зьнішчыць людзей, якія думаюць», — маці палітвязьня Дзядка.

Касацыйную скаргу палітвязьня Мікалая Дзядка калегія Магілёўскага абласнога суду па крымінальных справах пакінула без задавальненьня. Дзядок намагаўся адмяніць вырак Ленінскага суду Магілёва, паводле якога яму прысудзілі дадатковы год і тры дні зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым у парушэньні 411 артыкула Крымінальнага кодэксу — «Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».

Судовая калегія пад старшынствам судзьдзі Сьвятланы Буракі не задаволіла хадайніцтва, каб Дзядок прысутнічаў на разглядзе сваёй скаргі. Ягоны адвакат Яўген Маслаў у сваім звароце да суду прасіў адмяніць вырак Дзядку і накіраваць справу на новы разгляд у Ленінскі суд Магілёва.

Паводле адваката, ягонага падабароннага асудзілі несправядліва. У ягоных дзеяньнях, даводзіў ён, не было злоснага і сыстэмнага парушэньня рэжыму. Зь некаторымі парушэньнямі, зазначаў адвакат, ягоны падабаронны пагадзіўся, аднак яны насілі толькі бытавы характар, выкліканы ўмовамі ўтрыманьня асуджаных у камэрах. Адвакат настойваў, што Дзядок не падбіваў іншых асуджаных да непадпарадкаваньня і перайманьня сваіх дзеяньняў, а таксама ў яго не было глябальнай мэты, што павінна быць пры сыстэмных парушэньнях.

«Як неаднаразова адзначаў мой падабаронны, намеру на злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням работнікам адміністрацыі папраўчай установы ён ня меў. Парушэньне формы адзеньня, то бок нашэньне спартовага строю ў неўстаноўлены час, ня носіць грамадзкай небясьпекі, дастатковай для кваліфікацыі дзеяньняў паводле артыкула 411. Факт знаходжаньня ў адной майцы і спартовых нагавіцах, як тлумачыў мой падабаронны, быў выкліканы тым, што ў камэры было больш за 24 градусы і пры вэнтыляцыі, якая кепска працавала, іншых спосабаў, каб уратавацца ад сьпякоты, не было», — казаў суду адвакат Яўген Маслаў.

Паводле адваката, сьведкі на судзе, супрацоўнікі турмы, давалі непасьлядоўныя, блытаныя і неаб’ектыўныя паказаньні. На некаторыя пытаньні суду адмаўляліся адказваць, спасылаючыся на ўнутраныя парадкі, альбо не маглі прыгадаць дэталяў правапарушэньняў, зьдзейсьненых Дзядком, тлумачачы гэта тым, што прамінула багата часу. Некаторыя факты, паводле адваката, так і не былі даказаныя.

Пракурор Тацяна Амосава, у сваю чаргу, заявіла, што 16 эпізодаў правапарушэньняў Дзядка судом Ленінскага раёну даказаныя, а вырак абгрунтаваны. Пракурор заклікала, каб судовая калегія пакінула касацыйную скаргу Дзядка без задавальненьня.

«Па кожным такім парушэньні былі дапытаныя супрацоўнікі турмы, кантралёры, начальнікі атрадаў, якія выяўлялі парушэньні і якімі Дзядку выстаўляліся законныя патрабаваньні аб спыненьні парушэньня правілаў. За даўнасьцю часу асобныя сьведкі зь ліку супрацоўнікаў не змаглі апісаць дэталёва парушэньні, зробленыя Дзядком, аднак яны цалкам пацьвердзілі праўдзівасьць сваіх паказаньняў на дасудовай стадыі. З паказаньняў сьведак устаноўлена, што ў вуснай гутарцы абвінавачаны прызнаваў усе факты парушэньняў, але адмаўляўся ад пісьмовых тлумачэньняў», — даводзіла суду пракурор Тацяна Амосава.

Судовая калегія пасьля паўгадзіннага перапынку вынесла свой вырак — адмовіць Дзядку ў задавальненьні ягонай касацыйнай скаргі.

На разгляд скаргі Дзядка прыехалі ягоная маці Валянціна Міхайлаўна, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч ды Ўладзімер Лапковіч, а таксама прадстаўніца офісу Эўракамісіі ў Беларусі і прадстаўнік швэдзкай амбасады ў Беларусі. Замежныя назіральнікі ад камэнтароў адмовіліся.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч па сканчэньні суду заявіў журналістам, што не чакаў іншага выраку.​

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

«Агульны кантэкст апошніх месяцаў сьведчыць пра тое, што беларускія ўлады не жадаюць вызваляць палітвязьняў і рабіць нейкія крокі насустрач Эўразьвязу. Відавочна, што ўлады расцэньваюць Дзядка як патэнцыйна небясьпечнага актывіста, які можа арганізаваць нейкія масавыя мерапрыемствы. На маю думку, да прэзыдэнцкіх выбараў мы не пабачым вызваленьня палітвязьняў. Як мінімум да прэзыдэнцкіх выбараў, а што там далей будзе, паглядзім», — гэтак пракамэнтаваў вырак Дзядку Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца таксама адзначыў, што выкарыстоўваньне 411 артыкула — заганная савецкая практыка, і яе варта мяняць.

«Мы настойвалі і настойваем, што 411 артыкул не адпавядае міжнародным нормам у галіне правоў чалавека. Ён дае магчымасьць адвольнага выкарыстаньня. То бок любы зьняволены, які пачынае змагацца за свае правы, павінен ведаць, што яго можа чакаць. Пракурор патлумачыла, што чатыры вымовы — дастаткова, каб любога зьняволенага прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці паводле артыкула 411».

Валянціна Дзядок назвала сьмеху вартымі довады абвінавачваньня, што яе сын у камэры хадзіў у спартовай адзежы. Маці палітвязьня зазначае: у калёніях і турмах бальшыня асуджаных ходзяць гэтак, як Мікалай, і ніхто іх не карае, як яго. Гэты артыкул, кажа спадарыня Валянціна, быў скіраваны на тое, каб сына ня выпусьціць з турмы ў час.

Валянціна Дзядок

Валянціна Дзядок

«У разглядзе справы я ўгледзела самы сапраўды намер — намер на зьнішчэньне людзей, якія думаюць. Вырак ужо быў загадзя падрыхтаваны. Я не задаволеная. Мікалая перад выбарамі ня хочуць выпускаць. Гэтак хочуць паказаць, што так у нас разьбіраюцца з разумнымі людзьмі, каб нават не было гаворкі пра нейкую альтэрнатыву ўладзе. Ён сьціплы чалавек, але яшчэ і добры юрыст. Ён расьце, разьвіваецца. І такія, як ён, прафэсіяналы сядзяць у турме», — камэнтуе вырак сыну Валянціна Дзядок.

Мікалаю Дзядку далі год калёніі за некалькі дзён да сканчэньня асноўнага тэрміну зьняволеньня. Судзілі яго ў магілёўскай турме № 4. У яе палітвязень трапіў з Шклоўскай калёніі за нібыта злоснае парушэньне рэжыму.

Актывіста асудзілі на 4,5 года зьняволеньня за нібыта хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў, чаго на судзе ён не прызнаў.​

XS
SM
MD
LG