Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь прынялі ў «панэўрапейскі праект» за 5 хвілін


Уладзімер Дунаеў
Уладзімер Дунаеў

Заяўка Беларусі на ўступленьне ў Балёнскі працэс задаволеная. На думку незалежных экспэртаў, гэтае рашэньне было прынятае зыходзячы з палітычных меркаваньняў, а не адпаведнасьці Беларусі патрабаваньням Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

Рашэньне аб далучэньні Беларусі да Балёнскага працэсу было прынятае ў Ерэване на сустрэчы міністраў адукацыі краін, якія ўваходзяць у Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі.

Гэта была ўжо другая спроба Беларусі далучыцца да Балёнскага працэсу. Раней, у 2012 годзе, Беларусь адмовіліся прыняць у Балёнскі працэс, паколькі беларуская вышэйшая школа не адпавядае патрабаваньням ЭПВА.

У лістападзе 2014 году Міністэрства адукацыі Беларусі накіравала паўторную заяўку на ўступленьне ў Балёнскі працэс і далучэньне да ЭПВА. У сваю чаргу, Грамадзкі Балёнскі камітэт выступіў з мэмарандумам, у якім адзначалася, што ў сыстэме адукацыі Беларусі не назіраецца пазытыўных зьменаў у заканадаўстве і практыцы рэалізацыі фундамэнтальных эўрапейскіх акадэмічных каштоўнасьцяў.

Як распавёў у інтэрвію Радыё Свабода сябра Грамадзкага Балёнскага камітэту прафэсар Уладзімер Дунаеў, пра тое, што заяўка Беларусі будзе задаволеная, было вядома загадзя.

«Гэтае рашэньне было відавочнае яшчэ ў сакавіку, таму тут ніякага сюрпрызу няма. На гэтае пытаньне на парадку дня саміту міністраў адукацыі адведзена ўсяго 5 хвілін — то бок зразумела, што там ужо ніякага абмеркаваньня няма. Ці справядлівае гэтае рашэньне? На жаль, Беларусь ня выканала пажаданьняў, якія былі адрасаваныя ёй у 2012 годзе ў дачыненьні да акадэмічных каштоўнасьцяў (унівэрсытэцкай аўтаноміі, акадэмічнай свабоды, удзелу студэнтаў у кіраваньні вышэйшай адукацыяй) — прагрэсу тут практычна няма. Вядома, узьнікае пытаньне: як глядзець на тое, што гэтым разам Беларусі даюць зялёнае сьвятло? Напэўна, трэба было б быць больш прынцыповымі», — кажа прафэсар.

Дунаеў лічыць, што калі ўжо Эўропа вырашыла ўсё ж такі прыняць Беларусь у Балёнскі працэс, то адначасова трэба было падрыхтаваць адпаведную «дарожную мапу» неабходных пераўтварэньняў у сыстэме адукацыі.

«Калі эўрапейцы лічаць, што такім чынам яны могуць стымуляваць рэформы ў Беларусі і спрыяць прагрэсу беларускай вышэйшай адукацыі, то неабходна нешта накшталт адмысловай „дарожнай мапы“, дзе б улады Беларусі ўзялі на сябе нейкія міжнародна значныя абавязаньні па рэфармаваньні сыстэмы адукацыі», — адзначае сябра Грамадзкага Балёнскага камітэту.

Аднак на сёньняшні дзень нічога пра такую «дарожную мапу» невядома.

Дунаеў упэўнены, што цяперашняе рашэньне наконт Беларусі — палітычнае:

«Безумоўна, гэта палітычнае рашэньне. Тут трэба разумець, што Балёнскі працэс і Эўрапейская прастора вышэйшай адукацыі — гэта, акрамя ўсяго іншага, і геапалітычная каштоўнасьць. Яна зьяўляецца вялікай каштоўнасьцю для Эўропы, таму што гэта адзіны пасьпяховы панэўрапейскі праект, праект ад Лісабона да Ўладзівастоку. Вядома, да яго, асабліва ва ўмовах цяперашняга канфлікту ў Эўропе, ставяцца з асаблівым хваляваньнем. Гэта нейкая надзея на тое, што ўсё ж такі Эўропу можна аб’яднаць, нават, можа, заплюшчыўшы вочы на неадпаведнасьць некаторых кандыдатаў патрабаваньням да іх».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG