Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Уладзімер Дунаеў: У траўні Беларусь прымуць у Балёнскі працэс


Уладзімер Дунаеў

Уладзімер Дунаеў

Гэтае рашэньне будзе прымацца зыходзячы з палітычных меркаваньняў, а не адпаведнасьці Беларусі патрабаваньням Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода заявіў сябра Грамадзкага Балёнскага камітэту, прафэсар Уладзімер Дунаеў.

Паводле слоў Дунаева, 14–15 траўня ў Ерэване пройдзе саміт міністраў адукацыі краін, якія ўваходзяць у Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. На гэтым саміце будзе прымацца рашэньне наконт заяўкі Беларусі на далучэньне да Балёнскага працэсу.

Хутчэй за ўсё, рашэньне будзе станоўчым. Прынамсі, усе перадумовы палітычныя для прыняцьця такога рашэньня ёсьць.

«Хутчэй за ўсё, рашэньне будзе станоўчым. Прынамсі, усе перадумовы палітычныя для прыняцьця такога рашэньня ёсьць. Беларусь, хутчэй за ўсё, прымуць, і прымуць ня столькі за тое, у якой ступені Беларусь адпавядае фундамэнтальным прынцыпам і патрабаваньням для краін-кандыдатаў (то бок адпаведнасьць мэтаў і каштоўнасьцяў нацыянальнай палітыкі адукацыі мэтам і каштоўнасьцям Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі), колькі з геапалітычных меркаваньняў. Магчыма, у нейкай ступені на дадзены момант такі падыход апраўданы», — адзначыў прафэсар.

Але Грамадзкі Балёнскі камітэт падкрэсьлівае, што з часоў разгляду мінулай заяўкі Беларусі (2012 год) у фундамэнтальных пытаньнях — акадэмічныя свабоды, унівэрсытэцкая аўтаномія, студэнцкае самакіраваньне — прагрэсу няма.

«Так проста закрыць вочы на гэта нельга. Балёнскі камітэт сустрэў тут разуменьне з боку эўрапейскіх структур, наша прапанова была ў наступным: трэба распрацаваць нейкую дарожную мапу, як сыстэму абавязаньняў беларускага боку па ўкараненьні і імплемэнтацыі фундамэнтальных каштоўнасьцяў. Зусім ня ясна, ці будзе нейкая рэалізацыя нашай прапановы, ці будзе гэта ўвасоблена ў рашэньні аб прыёме Беларусі. Але, на наш погляд, гэта ўмова, безь якой такое чыста палітычнае рашэньне ў дачыненьні да беларускай заяўкі будзе выракаць нашу сыстэму адукацыі на далейшую стагнацыю. У гэтым сэнсе мы думаем, што ўсё ж такі эўрапейцы разумеюць, як важна захаваць інструмэнт для нейкага калі не прымусу, то падахвочваньня беларускіх уладаў да таго, каб яны мадэрнізавалі ня толькі тэхнічна, але і каштоўнасна нашу сыстэму адукацыі. А бяз гэтага беларуская сыстэма адукацыі будзе станавіцца ўсё больш адсталай і менш эфэктыўнай», — упэўнены Дунаеў.

Між тым надзеі на тое, што новы міністар адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў распачне неабходную рэформу адукацыі, у Дунаева няма. Прычым гэта не зьвязана з асобай самога міністра.

рэба памятаць, што прэзыдэнт сфармуляваў пазыцыю, якая зьяўляецца вызначальнай для нашай адукацыйнай палітыкі: ніякіх рэформаў.

«Я разумею межы яго магчымасьцяў і кампэтэнцыі. Мы пераканаліся ў тым, што яго вельмі шматспадзеўны жэст, зьвязаны зь некаторай беларусізацыяй нашай адукацыі, як вы памятаеце, сустрэў рашучае процідзеяньне з боку кіраўніка дзяржавы. Фактычна кіраўнік дзяржавы дэзавуіраваў заяву міністра. Трэба памятаць, што прэзыдэнт сфармуляваў пазыцыю, якая зьяўляецца вызначальнай для нашай адукацыйнай палітыкі: ніякіх рэформаў. Гэта было сказана неаднаразова і вельмі катэгарычна. Таму я думаю, што ў новага міністра вельмі мала магчымасьцяў для таго, каб нават пры наяўнасьці нейкіх рэфарматарскіх ідэй іх рэалізаваць», — адзначыў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG