Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БДУ: цану за навучаньне для расейцаў паменшаць, а для беларусаў павялічаць


Галоўны корпус БДУ

Галоўны корпус БДУ

Рэктар БДУ Сяргей Абламейка заявіў, што для расейскіх студэнтаў трэба паменшыць плату за навучаньне, а для беларускіх, наадварот, павялічыць.

Як ён адзначыў падчас прэс-канфэрэнцыі ў Менску 24 сакавіка, цяпер навучаньне ў БДУ для беларускіх грамадзянаў каштуе ў сярэднім прыкладна 16 мільёнаў рублёў за год. Гэтую суму трэба падвышаць, бо «павялічыліся кошт камунальных паслуг і заробкі. Павелічэньне будзе складаць 15-20%».

Рэктар паведаміў, што ў БДУ навучаюцца 300 расейскіх грамадзян, палова зь якіх паступілі на роўных зь беларускімі грамадзянамі ўмовах.Іншая палова вучыцца на ўмовах для замежных грамадзян, для якіх цана за год навучаньня складае 3300 даляраў ЗША. Ён заявіў, што цану для расейцаў неабходна зьніжаць, бо з-за падзеньня расейскага рубля яна стала для іх занадта высокай.

«Кошт становіцца неканкурэнтаздольным. Ужо былі выпадкі, калі расейцы забіралі дакумэнты, зьяжджалі вучыцца ў расейскія ВНУ, дзе цана ніжэй», — цытуе БелаПАН Абламейку.

Паводле рэктара, сёлета расейскія грамадзяне атрымалі зьніжку ў 10% ад цаны на навучаньне ў БДУ, у наступным навучальным годзе яна можа скласьці 15%.

Ці справядліва, што беларускім студэнтам падвышаюць плату за навучаньне, а расейскім памяняшаюць? Кіраўнік грамадзкага Балёнскага камітэту, прафэсар Уладзімер Дунаеў так пракамэнтаваў сытуацыю карэспандэнту Свабоды:

Уладзімер Дунаеў

Уладзімер Дунаеў

«Гэта даволі дзіўная пазыцыя, бо звычайна прывілеі даюць нацыянальным студэнтам, а не замежным, калі наогул не захоўваецца роўнасьць умоваў. Бо ёсьць розныя стратэгіі ў сьвеце, якія прадугледжваюць розныя ўмовы для замежных студэнтаў і для сваіх. Альбо калі існуе розьніца, то звычайна яна на карысьць нацыянальных студэнтаў. Бо ўсё ж нацыянальная сыстэма адукацыі накіраваана на тое, каб забясьпечыць найперш рост нацыянальнага чалавечага капіталу. А што тычыцца гэтай сытуацыі, то яна, магычма, і мае свае камэрцыйныя сакрэты, але выглядае даволі дзіўна. Па першае, меркаваньне, што беларускія студэнты лепш забясьпечаныя і што дэвальвацыя ня тычыцца беларусаў, абсалютна абсурднае. У цэлым, я разумею, што гэта спроба вырашыць фінансавыя праблемы ўнівэрсытэту за кошт прыцягненьня замежных студэнтаў, паколькі, маўляў, беларускіх студэнтаў яўна не хапае і яны ня могуць забясьпечыць патрэбы бюджэту ўнівэрсытэту. То бок такая стратэгія даволі незвычайная».

XS
SM
MD
LG