Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Альгерд Бахарэвіч


Фота: Юлія Цімафеева

Фота: Юлія Цімафеева

Альгерд Бахарэвіч нарадзіўся ў 1975 у Менску. У 1997 скончыў філялягічны факультэт БДПУ. У 2007-2013 жыў у Гамбургу, ад 2013 зноў у Менску. Аўтар кніг прозы: «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў» (2002), «Натуральная афарбоўка» (2003), «Ніякай літасьці Валянціне Г.» (2006), «Праклятыя госьці сталіцы» (2008), «Сарока на шыбеніцы» (2009), «Шабаны» (2012), «Дзеці Аліндаркі» (2014). У Бібліятэцы Свабоды выдаў «Малую мэдычную энцыкляпэдыю Бахарэвіча» (2011), «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» (2012) і «Каляндар Бахарэвіча» (2014). Ляўрэат прэмій «Гліняны Вялес» (2002) і «Залатая літара» (2014); двойчы атрымліваў другое месца прэміі імя Ежы Гедройця.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Мой ідэальны чытач — я сам; я пішу для сябе і для вузкага кола разумных і чулых, крыху дзіўнаватых людзей, якім няма чаго губляць, апрача літаратуры.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

У адзіноце, у цішы, у ня надта сонечныя дні, у надзейна схаваным ад чужых вачэй месцы.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Напрыклад, «Працэсу» — хаця на яго месцы цалкам мог бы быць і «Карлсан-з-даху».

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Мо той «цыбаты забрында» — Чалавек у Карычневым Макінтошы?

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

За сорак гадоў ніхто не зьдзівіў і не зьмяніў мяне так, як трое вялікіх старых майстроў: Кафка, Джойс, Набокаў, кожны ў свой час і на свой лад.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Як заўжды, адначасова некалькі кніг: «менскія гісторыйкі» («Наш старый добрый Вавілон») ад Міхаіла Валодзіна; грунтоўную, двухтомную, дыхтоўную біяграфію Гітлера, напісаную Ёахімам Фэстам; падручнік літоўскай мовы; а з жонкай увечары — «Нарыс сучаснай эўрапейскай філязофіі» Мэраба Мамардашвілі.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Калі пад чытаньнем разумець занятак, які прыносіць асалоду —
на нямецкай, украінскай і, зрабіўшы пэўныя намаганьні, на польскай; зрэдзьчас спрабую чытаць і на іншых, у тым ліку тых, якія прыдумаў сам.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Вядома, апошняя — «Дзеці Аліндаркі»; па-мойму, найвышэйшая шчырасьць, якую можа дазволіць сабе пісьменьнік — гэта любіць тое, што робіш.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Тоўстую і прыгожую кнігу пра любоў — пісаць іншыя проста ня мае сэнсу.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

У дарозе, у творчасьці, у каханьні.​

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG