Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Літанкета Свабоды: Тацяна Барысік


Тацяна Барысік

Тацяна Барысік

Тацяна Барысік нарадзілася ў 1977 у Магілёве. Дзяцінства і маладосьць правяла паміж Магілёвам і Бабруйшчынай. У 1999 годзе скончыла МДУ імя А. Куляшова па спэцыяльнасьці «сацыяльны пэдагог, мэтадыст дашкольнага навучаньня». Працавала ў вясковых школах Бабруйскага і Магілёўскага раёнаў. Цяпер адзінаццаты год працуе ў сыстэме камунальнай гаспадаркі апаратчыкам ачысткі сьцёкавых водаў. Гадуе дачушку. Піша вершы і прозу. Аўтарка вершаванага зборніка «Гаркну ў бліскучы мацюгальнік» (2003) і зборніка апавяданьняў «Жанчына і леапард» (2014). Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Чалавек з жыцьцёвым досьведам, не расьпешчаны ўмовамі штодзённага існаваньня. Узровень адукацыі, род заняткаў і месца жыхарства значэньня ня маюць.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Тады, калі ніхто не балбоча над вухам, калі ня надта заядаюць хатнія клопаты, калі напярэдадні добра выспалася. На жаль усё пералічанае рэдка супадае. Працую па начных і дзённых зьменах, малое дзіця гадуючы.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Няхай ужо напісанае належыць таму, хто яго напісаў, бо самае цікавае — працэс напісаньня твору, паўтарыць немагчыма. Таму, пэўна, ніякай. Канешне, хацелася б уславіць сваю малую радзіму, гэтак жа хораша, як гэта зрабіў бабруйчанін Абрам Рабкін у кнізе «Уніз па Шасэйнай», але, бадай што не атрымаецца, душэўнай шчодрасьці ня хопіць.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Героі апавяданьня Юры Станкевіча «Ваўчыца», якія атаясамліваюць сябе са зьняволеным зьверам. Даволі часта мне, як і шматлікім маім суайчыньнікам у грамадзкім жыцьці, калі нехта настойліва чарговы раз спрабуе зрабіць з мяне Бураціну, даводзіцца ператварацца ў салдата Швэйка. Супэрадказны пэрсанаж зь вядомай показкі (жанр вуснай народнай творчасьці), які не пайшоў на ўласнае вясельле празь дзяжурства на лесьвічнай пляцоўцы — гэта таксама пра мяне.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Іх багата. Як пералічваць сучасных беларускіх пісьменьнікаў — паўстаронкі ня хопіць. Нікога не хачу пакрыўдзіць, выпадкова запамятаваўшы. З замежных — Бунін, Муракамі, Мэір Шалеў, Гашак.

6. Што вы цяпер чытаеце?

М. Зошчанка «Выбранае»; складанку твораў пісьменьнікаў паўночнай Афрыкі.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Калісьці няблага ведала ангельскую, але не было на ёй з кім і дзе размаўляць, таму зараз па-ангельску хіба што шыльды, надпісы на адзеньні і інструкцыі прачытаю.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Яна яшчэ не напісаная.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Кнігу, у якой былі б чутныя выбітныя думкі і развагі, тых маіх землякоў, што не былі агучаныя нідзе апроч прыгарадных цягнікоў, завадзкіх гардэробаў, вясковых жалобных сталоў, але па сваёй мудрасьці і дакладнасьці не саступаюць, а па прыдатнасьці да тутэйшага жыцьця нават перавышае старажытных грэкаў.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

У час пісаньня твораў, у сьне, на могілках падчас Радаўніцы. Калі асіповіцкія-клічаўскія балоты на дызелі праяжджаю або іду пяць-сем кілямэтраў на малой радзіме, па дарозе ходжанай-пераходжанай маімі продкам і не сустракаю за ўвесь гэты час ніводнае душы.

XS
SM
MD
LG