Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавіцкі сьледчы ізалятар пра галадоўку Рубцова: У нас ніхто не галадуе


Юры Рубцоў

Юры Рубцоў

Ці працягвае галадоўку Юры Рубцоў?

Жонка палітвязьня Ядвіга Рубцова кажа, што зьвестак пра яго ня мае ўжо амаль два тыдні.

«Апошні раз зь ім бачылася адвакат 17 красавіка, тады ён галадаваў. А што цяпер — ня ведаю. Днямі сама званіла ў сьледчы ізалятар у Баранавічы, дык дзяжурны сказаў, што ў іх ніхто не галадуе. Але што яны мне па тэлефоне маглі іншага сказаць? Лістоў ад яго няма, званкоў таксама. Днямі адправіла яму ліст, але ці дойдзе, сумняваюся. Што рабіць — ня ведаю. Вельмі за яго турбуюся. Ехаць мне самой туды бессэнсоўна, бо ўсё роўна ня пусьцяць. Чым дапамагчы?»

Што вядома пра стан здароўя Юрыя Рубцова?

17 красавіка зь Юрыем Рубцовым сустракалася абаронца. Вось што яна распавяла пра стан здароўя палітвязьня.

«Тады ён выглядаў ужо досыць дрэнна. Спрабавала яго адгаварыць, але ж ён ня з тых, хто саступае. І цяпер ня думаю, што ён сапраўды спыніў галадоўку. Бо гэта такі чалавек».

17 красавіка адвакат разам з Рубцовым скончылі азнаямленьне з матэрыяламі крымінальнай справы. Паводле падлікаў абаронцы, на пачатку тыдня справу павінны былі з пракуратуры перадаць у суд. Дзень суду яшчэ не паведамілі, але адвакат мяркуе, што яго прызначаць на другую палову траўня. Працэс над Юрыем Рубцовым адбудзецца ў Пружанах.

З пачатку году гомельскі актывіст Юры Рубцоў адбываў у Пружанскім раёне 1,5 года «хіміі» за зьнявагу судзьдзі. Працаваць Юры Рубцоў не пачаў, бо патрабаваў працы з заробкам не ніжэйшым за сярэдні па краіне. Пасьля таго як Юры Рубцоў зрабіў сабе тату з надпісам «Лукашэнка, сыходзь», на яго завялі крымінальную справу нібыта за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня і зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар. 6 красавіка Юры Рубцоў абвясьціў, што на знак пратэсту супроць перасьледу пачынае галадоўку. Падчас апошняй сустрэчы з адвакатам Юры Рубцоў не выключаў, што яму давядзецца са звычайнай галадоўкі пераходзіць на гэтак званую «сухую», калі галадоўнік адмаўляецца і ад вады.

«Калі была ў сьледчым ізалятары, дык папярэдзіла адміністрацыю, што яны адказныя за стан здароўя вязьня і мусяць забясьпечыць яму рэгулярныя мэдычныя агляды і хуткую дапамогу, калі спатрэбіцца. Мяне запэўнілі, што ўсё будзе нармальна, але ці будзе гэтак, прагназаваць цяжка», — сказала адвакат Юрыя Рубцова карэспандэнту Свабоды.

Ці выклікалі да Юрыя Рубцова мэдыкаў, адвакату невядома.

XS
SM
MD
LG