Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Рубцова: Муж са звычайнай галадоўкі можа перайсьці на сухую


Юры Рубцоў. Архіўнае фота.

Юры Рубцоў. Архіўнае фота.

Ужо два тыдні трымае галадоўку палітвязень Юры Рубцоў, які гэтак пратэстуе супраць завядзеньня супраць яго новай крымінальнай справы.

Што вядома пра стан галадоўніка і ягоную крымінальную справу? Навінамі пра Юрыя Рубцова з карэспандэнтам Свабоды падзялілася ягоная жонка Ядзьвіга Рубцова.

«Днямі там яго наведала адвакат. Яны вывучалі крымінальную справу, якую супраць яго завялі нібыта за ўхіленьне ад адбыцьця „хіміі“. Адвакат сказала, што суд пэўна будзе, але калі дакладна, яшчэ невядома. Муж па-ранейшаму трымае галадоўку і нават не выключае, што пяройдзе на „сухую“, калі перасьлед не спыняць. Баюся пра гэта нават думаць, сама ўжо не магу ні есьці, ні спаць, але ён такі, не саступае».

Юрый Рубцоў пачаў галадоўку 6 красавіка, калі яго са спэцкамэндатуры ў вёсцы Куплін прывезьлі ў Пружанскі райадзел міліцыі, дзе зьмясьцілі ў адзіночную камэру і паведамілі пра завядзеньня супраць яго крымінальнай справы паводле абвінавачаньня ва ўхіленьні ад адбыцьця «хіміі». Рубцоў не прызнае сябе вінаватым. Ён кажа, што не ўхіляўся ад працы, але не пагаджаўся на працу за мізэрны заробак і патрабаваў аплаты на ўзроўні сярэдняга заробку па краіне.

Некалькі дзён таму Юрыя Рубцова з Пружанаў перавезьлі ў сьледчы ізалятар у Баранавічах. Пра ўмовы, ў якіх цяпер трымаюць Юрыя Рубцова, жонка палітвязьня кажа, што «яны звычайныя». «Адвакат паведаміў, што адмыслова папярэдзіў адміністрацыю ізалятара пра тое, што паводле закону яны адказныя за стан здароўя Юрыя і мусяць пры пагаршэньні сытуацыі выклікаць да яго дактароў», — распавяла Ядзьвіга Рубцова.

Як цяпер пачуваецца галадоўнік?

Паводле зьвестак ад адваката, Юры Рубцоў пакуль асабліва не скардзіцца на здароўе, але жонка палітвязьня мяркуе, што насамрэч яму становіцца ўсё горш. Ядзьвіга Рубцова нагадала, што ўвесну 2014 году Юры Рубцоў ужо галадаваў 25 сутак, на якія судзьдзя Савецкага райсуду Менска Кірыл Полулех асудзіў яго да адміністрацыйнага арышту пасьля Чарнобыльскага шляху. «Як выйшаў, дык выглядаў вельмі дрэнна і здароўе было дрэннае. Цяпер, відаць, будзе тое самае. Ня ведаю, як яму дапамагчы. Спатканьня не дазваляюць, лісты ад яго не даходзяць. Тэлефанаваць не даюць», — кажа Ядзьвіга Рубцова.

Грамадзкі актывіст з Гомеля Юрый Рубцоў у канцы 2014 году быў асуджаны да 1,5 гадоў «хіміі» паводле абвінавачаньня ў зьнявазе судзьдзі Кірыла Полулеха, які пагадзіўся судзіць яго ў напалову распранутым выглядзе. Напярэдадні міліцыянт адабралі ў Рубцова майку з надпісам «Лукашэнка сыходзь!» і прывезьлі ў суд напалову аголенага.

На «хіміі» Юры Рубцоў зрабіў сабе тату з тым жа надпісам «Лукашэнка сыходзь». У апошняй перад арыштам тэлефоннай размове з карэспандэнтам Свабоды «хімік» Рубцоў не выключаў, што гэтае тату стала «апошняй кропляй», пасьля якой на яго завялі новую крымінальную справу. Цяпер Юрыю Рубцову пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі.

XS
SM
MD
LG