Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці расколе Пуцін Эўразьвяз пры дапамозе Грэцыі?


Алексіс Цыпрас і Ўладзімір Пуцін

Алексіс Цыпрас і Ўладзімір Пуцін

Сёньня адбываецца візыт у Расею прэм’ер-міністра Грэцыі Алексіса Цыпраса. Кіраўнік грэцкага ўраду вядзе перамовы з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.

Грэцкі прэм’ер прыбыў у Маскву за дзень да таго, як яго краіне мае быць пералічаны чарговы транш МВФ, таму мэтай перамоваў, як лічаць экспэрты, можа быць менавіта пытаньне фінансавай дапамогі.

Сёньня Цыпрас усклаў кветкі да магілы Невядомага салдата ў Маскве. Грэцкі прэм’ер заявіў, што такім чынам ён аддаў даніну памяці мільёнам людзей, якія паклалі свае жыцьці за вялікую перамогу народаў Эўропы. Ён адзначыў, што Грэцыя панесла вялікія страты падчас Другой сусьветнай вайны.

«Як вы сказалі, у нас ёсьць глыбокія сувязі паміж двума народамі і з-за агульнай барацьбы, і з-за агульнай традыцыі духоўнасьці. І гэта стаўленьне захавалася паміж нашымі народамі незалежна ад розных абставінаў», — сказаў грэцкі прэм’ер падчас цырымоніі, зьвяртаючыся да прэзыдэнта РФ.

На пачатку перамоваў у Крамлі з грэцкім прэм’ерам Пуцін сказаў: «Ня так даўно Расея была вядучым гандлёвым партнэрам Грэцыі. У пэрыяд ад 2009 да 2013 году гандлёвы зварот паміж дзьвюма краінамі ўзрос удвая. На жаль, летась ён паменшыўся на 40%. Час вашага візыту ня мог быць лепшы, бо мы мусім прааналізаваць, што мы можам зрабіць разам для таго, каб аднавіць папярэднюю дынаміку росту».

«Мэта майго візыту — каб мы разам пастараліся зрабіць новы старт, новы пачатак нашых дачыненьняў на карысьць абодвух народаў, а таксама для пошуку стабільнасьці і бясьпекі ў шырокім сэнсе ў рэгіёне», — адказаў Алексіс Цыпрас.

Назіральнікі лічаць малаверагодным, што Грэцыя атрымае ад Масквы значную фінансавую дапамогу — у першую чаргу праз тое, што Расея сама перажывае эканамічныя складанасьці.

Як паведамляецца, адной з тэмаў перамоваў можа быць аслабленьне харчовых контрасанкцый адносна Грэцыі, якія Расея ўвяла супраць краінаў Эўразьвязу ў адказ на эўрапейскія санкцыі. Санкцыі ЭЗ былі ўведзеныя, каб стрымаць расейскае ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Ўкраіны.

Алексіс Цыпрас — былы камуніст, ягоная партыя Сірыза перамагла на студзеньскіх парлямэнцкіх выбарах. Ён крытыкуе палітыку санкцый Эўразьвязу адносна Расеі. У палітычных колах Эўразьвязу выказваюцца перасьцярогі, што Пуцін можа выкарыстаць пазыцыю Атэнаў як інструмэнт расколу Эўразьвязу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG