Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грэцыі на выбарах перамагае леварадыкальная «СІРЫЗА»


Прыхільнікі СІРЫЗЫ сьвяткуюць перамогу.

Прыхільнікі СІРЫЗЫ сьвяткуюць перамогу.

У Грэцыі, дзе завяршылася галасаваньне на паралямэнцкіх выбарах, паводле дадзеных экзыт-полаў, лідзіруе радыкальная левая партыя «СІРЫЗА» з 35,5-39,5% галасоў.

За ёй ідзе правацэнтрысцкая «Новая дэмакратыя» 23-27%, на трэцім месцы цэнтрысцкая партыя «Потамі» — 6,4%.

Для самастойнага кіравання «СІРЫЗЕ» неабходна атрымаць 151 месца з 300, інакш партыі давядзецца фармаваць кааліцыю.

Перамога партыі «СІРЫЗА» з 40-гадовым Алексісам Цыпрасам на чале можа зьмяніць умовы атрыманьня грэцкім урадам міжнароднай фінансавай дапамогі.

Партыя «СІРЫЗА», якая лідзіравала ў апытаньнях на працягу апошніх месяцаў, заяўляе аб жаданьні дамагчыся сьпісаньня часткі вялізнай зьнешняй запазычанасьці Грэцыі і зьмякчэньня захадаў жорсткай эканоміі, ад якіх, як сьцвярджаюць у партыі, пацярпелі мільёны людзей.

«Дэмакратыя вернецца ў Грэцыю, — паабяцаў у нядзелю лідэр „СІРЫЗЫ“ 40-гадовы Алексіс Цыпрас, апускаючы свой бюлетэнь у выбарчую скрыню. — Мы хочам заявіць, што наша агульная будучыня ў Эўропе — гэта не ціскі жорсткай эканоміі».

Разам з тым цяперашні прэм’ер-міністар Антоніс Самарас, лідэр правацэнтрысцкай партыі «Новая дэмакратыя», сьцьвярджае, што рэжым жорсткай эканоміі дзейсны і эканоміка краіны аднаўляецца.

Ён заклікаў суайчыньнікаў ня весьці Грэцыю да магчымага дэфолту і не адмаўляцца ад эўра.

Аднак верагоднасьць менавіта такога разьвіцьця падзеяў сур’ёзна адбілася на фінансавых рынках і прывяла да засьцярогаў, што зь «СІРЫЗАЙ» на чале Грэцыя можа выйсьці з эўразоны.

ВУП Грэцыі сур’ёзна скараціўся пасьля фінансавага крызісу 2008 году, што прывяло да росту ўзроўню беспрацоўя і істотна павялічыла лік грэкаў, якія жывуць у беднасьці.

Алексіс Цыпрас заяўляе, што яго партыя «адновіць годнасьць Грэцыі», адмяніўшы некаторыя непапулярныя рашэньні, у прыватнасьці скарачэнне працоўных месцаў, заробкаў і пэнсіяў, ад якіх, паводле яго, пацярпелі мільёны людзей па ўсёй краіне.

Высокая верагоднасьць перамогі «СІРЫЗЫ» выклікала асьцярогі, што Грэцыя можа абвясьціць дэфолт па сваіх запазычанасьцях і адмовіцца ад эўра.

Такія асьцярогі ўзьнікаюць нягледзячы на тое, што «СІРЫЗА» зьмякчыла сваю рыторыку з моманту піку крызісу эўразоны і цяпер заяўляе, што хоча захаваць эўра.

XS
SM
MD
LG