Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замкнёнае кола: каб атрымаць дазвол гарвыканкаму — трэба дамова зь міліцыяй, і наадварот


Сяргей Гоўша ў Берасьцейскім абласным судзе.

Сяргей Гоўша ў Берасьцейскім абласным судзе.

Праваабаронца Сяргей Гоўша абскарджваў у калегіі Берасьцейскага абласнога суду забарону Баранавіцкім судом пікету на ўгодкі прыняцьця Дэклярацыі правоў чалавека.

У судзе спадар Гоўша даводзіў, што баранавіцкія актывісты ўжо некалькі гадоў ня могуць атрымаць дазволу на масавую акцыю. Сяргей Гоўша распавёў, што склалася практыка, калі гарвыканкам паведамляе, што пікет забаронены, бо не прыкладзеная дамова зь міліцыяй, а ў міліцыі паведамляюць, што не заключаць дамову, пакуль ня будзе дазволу з гарвыканкаму.

Калегія пад старшынствам судзьдзі Ніны Ўсьцінчук выслухала аргумэнты праваабаронцы, але пакінула ў сіле рашэньне Баранавіцкага суду аб забароне пікету.

Камэнтуючы такі разгляд справы, Сяргей Гоўша сказаў:

«Што тут можна сказаць? Няма незалежнага баранавіцкага суда, няма незалежнага Берасьцейскага суда. І адзін, і другі не зьвяртаюць увагу на Канстытуцыю. Суд кіруецца інтарэсамі мясцовай улады. Відаць, судзьдзям трэба карміць сваю сям’ю».

Каля 6 гадоў баранавіцкія ўлады забараняюць масавыя акцыі мясцовых дэмакратычных актывістаў. Праваабаронцы дабіваюцца зьмены рашэньня гарвыканкаму аб правядзеньні масавых акцыяў у горадзе, але пакуль беспасьпяхова.

XS
SM
MD
LG