Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў на дазволены пікет? Заплаці паўмільёна


Віктар Дашкевіч праводзіць пікет у Капылі 14 сакавіка

Віктар Дашкевіч праводзіць пікет у Капылі 14 сакавіка

Актывіст БХД Віктар Дашкевіч мусіць заплаціць амаль паўмільёна рублёў за дазволены ўладамі пікет, які ён зладзіў напярэдадні Дня Канстытуцыі. Як выглядае каштарыс на дэмакратыю і ці законна браць грошы за рэалізацыю грамадзянскіх правоў?

Амаль 450 тысяч рублёў мусіць заплаціць актывіст БХД Віктар Дашкевіч за гадзінны пікет, які ён правёў у мінулую суботу на стадыёне фізкультурна-аздараўляльнага комплексу ў райцэнтры Капыль Менскай вобласьці. Пікет быў дазволены мясцовымі ўладамі. «Але калі б папярэдне не заключыў дамову з патрэбнымі арганізацыямі і не абавязаўся аплаціць іх паслугі, дазволу б не атрымаў», — кажа Віктар Дашкевіч і раскрывае каштарыс мерапрыемства.

Аказваецца, больш за ўсіх грошай з актывіста запатрабавала міліцыя —315 тысяч, па 105 тысяч за гадзіну, хоць пікет доўжыўся ўсяго гадзіну і міліцыянтаў у форме на ім не было — некалькі чалавек у цывільным здымалі акцыю на відэа. Міліцыянты залічылі сабе працы на 3 гадзіны, бо, маўляў, ім трэба было загадзя дасьледаваць тэрыторыю на прадмет бясьпекі.

За прыбіраньне тэрыторыі пасьля пікету раённая ўправа адукацыі, якой належыць стадыён, выставіла рахунак у 75 тысяч, хоць ніводнай паперкі, як сьцьвярджае Віктар Дашкевіч, ён пасьля сябе не пакінуў.

Менш за ўсіх атрымаюць ад актывіста мэдыкі, якія дзяжурылі побач у аўтамабілі — толькі 25 тысяч.

Але яшчэ прыйдзецца аддаць 30 тысяч рублёў за камісію банку, празь які актывіст будзе пералічаць грошы. «Далі 10 дзён на аплату. Яшчэ трэба знайсьці грошы, сваёй заначкі можа не хапіць», — кажа Віктар Дашкевіч.

На просьбу пракамэнтаваць той факт, што за рэалізацыю свайго права на пікет ён мусіць плаціць, Віктар Дашкевіч адкрыў мясцовы «сакрэт».

«Як тут пракамэнтаваць, калі я ведаю такі факт, што ўсім гэтым структурам, і міліцыі, і розным інспэкцыям, кожнаму супрацоўніку даюць заданьне — за месяц мусіш прынесьці пэўную суму штрафаў, налічэньняў ды іншых пабораў. І тады толькі ім будуць прэміяльныя да заробку. Бо на ўсё катастрафічна не хапае грошай. Якія тут правы грамадзянаў? Ніхто з гэтым ня лічыцца».

Браць грошы за пікет з грамадзяніна — законная практыка ці самаўпраўства мясцовых бюракратаў?

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч кажа пра закон «Аб масавых мерапрыемствах», якім сапраўды мясцовай уладзе даецца права ня толькі вызначаць месца мерапрыемства, але і ўсталёўваць аплату за паслугі міліцыі, мэдычных і камунальных службаў. Аднак гэтае палажэньне закону, паводле праваабаронцы, супярэчыць ня толькі Канстытуцыі, бо прымушае грамадзянаў плаціць грошы за рэалізацыю сваіх канстытуцыйных правоў, але і міжнародным абавязаньням Беларусі.

«Ёсьць пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь ратыфікавала. У ім усе абмежаваньні сфармуляваныя, і там гаворкі няма пра аплату паслугаў дзяржаўных органаў, якія мусяць забясьпечваць выкананьне правоў. То бок такога кшталту рэчы цалкам не адпавядаюць міжнародным нормам. Але ў нас спрэс такая практыка, калі налічваюць вялікія сумы за пікет ці іншую акцыю».

Юрась Беленькі

Юрась Беленькі

Намесьнік старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі летась быў тройчы пакараны штрафамі пасьля правядзеньня на Дзяды шэсьця і мітынгу ў Курапатах, а неўзабаве — мітынгу ў Лошыцкім яры. Юрасю Беленькаму належыць заплаціць больш як 9 мільёнаў штрафаў за тое, што як арганізатар ён не пакрыў выдаткі на забесьпячэньне аховай, мэдычнай дапамогай і за прыбіраньне тэрыторыі. Юрась Беленькі ў судах даводзіў, што рашэньні браць грошы за акцыі ўшанаваньня продкаў і ахвяраў рэпрэсіяў — справа амаральная, да таго ж гэтыя рашэньні не былі прынятыя гэтак, як патрабуе закон.

«У адпаведнасьці з законам аб масавых мерапрыемствах такое рашэньне мусіць прымаць калегіяльны орган — выканаўчы камітэт. А старшыня выканкаму толькі дае дазвол ці недазвол на акцыю. Тут ва ўсіх трох выпадках такога рашэньня не было, але старшыня выканкаму браў на сябе функцыю вызначыць, браць за акцыю грошы ці ня браць. Любы нармальны суд мусіў бы пачаць справу супроць старшыні выканкаму за перавышэньне паўнамоцтваў, а ня нас перасьледаваць».

Скаргі палітыка на рашэньні раённых судоў Менскі гарадзкі суд адхіліў, але Юрась Беленькі працягвае судовыя змаганьні зь мясцовымі ўладамі і падаў скаргу на імя старшыні Менскага гарадзкога суду.

Не адмаўляецца ад плянаў праводзіць пікеты, хай сабе і за грошы, і капыльскі актывіст Віктар Дашкевіч. «Наперадзе Чарнобыльскі шлях, буду падаваць заяўку на пікет. Чарнобыльскіх праблемаў шмат, але яны не вырашаюцца і замоўчваюцца», — кажа Віктар Дашкевіч. Пры пэнсіі ў 2 мільёны 800 тысяч рублёў былы будаўнік згодны выдаткаваць на пікет яшчэ паўмільёна.

XS
SM
MD
LG