Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей: «Беларусь не імкнецца атрымаць палітычныя дывідэнды ад сваёй пазыцыі па Ўкраіне»


Уладзімер Макей

Уладзімер Макей

Аднак ня ўсе вераць у шчырасьць “міратворчых намаганьняў” афіцыйнага Менска.

У эфіры праграмы «Галоўны эфір» 15 сакавіка на тэлеканале «Беларусь 1» так выказаўся міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей:

«Сёньня ў палітыцы не хапае шчырасьці, шэраг канфліктаў, якія цяпер адбываюцца, выкліканы, напэўна, нейкімі палітычнымі амбіцыямі. Але ў Беларусі няма такіх амбіцыяў, мы не імкнёмся атрымаць палітычныя дывідэнды з-за таго, што займаем тую ці іншую пазыцыю па сытуацыі ва Ўкраіне. Кіраўніцтва краіны займае шчырую пазыцыю па ўкраінскім і іншых канфліктах, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў. Напэўна, гэта і падкупляе, прымушае нашых партнэраў надаваць большую ўвагу Беларусі», — адзначыў ён.

Раман Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі такім чынам пракамэнтаваў выказваньні міністра Макея пра «шчырую пазыцыю Беларусі»:

Некалі, у залатыя часы менскага „Дынама“, футбол, у які тады гулялі беларускія футбалісты, называўся „шчырым“.

«Некалі, у залатыя часы менскага „Дынама“, футбол, у які тады гулялі беларускія футбалісты, называўся „шчырым“. Такі тэрмін быў — „шчыры футбол“. Што тычыцца палітыкі, то, на мой погляд, шчырай яна быць ня можа. Бо палітыка сатканая зь вялікага мноства пэўных інтарэсаў.

Калі міністар Макей кажа, што мы не імкнёмся атрымаць нейкія альбо пэўныя дывідэнды, гэта ня так. Гэтыя дывідэнды атрымліваюцца. Сёньня толькі сьляпы можа не заўважыць, што стасункі паміж Менскам і аб’яднанай Эўропай, як кажуць самі эўрапейцы, нармалізуюцца. Не паляпшаюцца, а менавіта нармалізуюцца, гэта больш дакладны тэрмін. І гэта вынік такой стрыманай палітыкі Беларусі адносна вайны ва Ўкраіне. Стрыманасьць гэтая праяўляецца ў тым, што менавіта менская пляцоўка для кантактаў стала ўсясьветна вядомай. І тут трэба адзначыць, што далей за Менск гэтых данецкіх і луганскіх сэпаратыстаў не пускаюць, і ў гэтым таксама сэнс палітыкі кіраўніцтва Беларусі: у Менску могуць быць і Мэркель з Аляндам, і ўкраінскія сэпаратысты. Так што спадар Макей, кажучы пра шчырасьць у палітыцы, крыху хітруе.

Дарэчы, хацелася б больш шчырасьці ад самога беларускага МЗС, асабліва ў дачыненьні да сродкаў масавай інфармацыі. Бо ў МЗС існуе такая практыка, калі пра важныя візыты самога міністра Макея мы даведваемся ў рэжыме „постфактум“, калі ён вяртаецца. А гэтая таямніца і ёсьць адсутнасьць шчырасьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG