Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менск як новая дыпляматычная сталіца


Перамовы ў Менску ў лютым 2015 году.

Перамовы ў Менску ў лютым 2015 году.

Пасьля гадоў ізаляцыі сталіца «апошняй дыктатуры Эўропы» раптам адчула сябе цэнтрам сусьветнай дыпляматыі. Піша карэспандэнтка Радыё Свабода Дэйзі Сіндэлар.

Дэйзі Сіндэлар піша, што хаця вы, магчыма, і не былі ніколі ў штаце Агаё, але, безумоўна, чулі пра Дэйтанскае пагадненьне, якое ў 1995 годзе паклала канец басьнійскай вайне.

Тое ж самае тычыцца Шэнгену — невялікай вінаробнай вёскі ў Люксэмбургу, якая вядомая як радзіма бязьвізавага пагадненьня. Можна прыгадаць Маастрыхт, сталіцу галяндзкай правінцыі Лімбург, дзе была падпісаная дамова, якая ў выніку прывяла да стварэньня Эўразьвязу.

Цяпер сталіца Беларусі — апошні горад, які можа стаць у гэты сьпіс і быць назаўсёды прывязаным да акту дыпляматыі, які цяпер шырока абмяркоўваецца: Менск-1 і Менск-2, пагадненьні аб спыненьні агню, накіраваныя на ўсталяваньне міру ва Ўсходняй Украіне.

Да ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне, Менск быў вядомы ў сьвеце пераважна як сталіца краіны-захавальніцы савецкіх традыцыяў і ў зьвязку зь дзеяньнямі Аляксандра Лукашэнкі, рэжым якога зьбіў і кінуў за краты сотні актывістаў апазыцыі пасьля скандальнага пераабраньня 2010 году.

Але цягам некалькіх месяцаў Лукашэнка зьмяніў імідж «апошняга дыктатара Эўропы» на гасьціннага гаспадара. У інтэрвію расейскаму тэлеканалу на другі дзень менскіх перамоваў у лютым Лукашэнка распавёў пра мэню з мясцовых прадуктаў для Ангелы Мэркель, Франсуа Алянда і Ўладзімера Пуціна.

Па дадзеных аналітычнага фірмы Topsy, слова «Менск» у гэты дзень ўзгадавалася больш як 325.000 разоў на расейскай і ангельскай мовах, куды больш, чым словы «Пуцін» або «Мэркель».

Да нядаўняга часу, пэрспэктыва афіцыйнага Менску складаць мэню для пачастунку некаторых з самых магутных сусьветных лідэраў выглядала нерэальнай. Лукашэнка і амаль 200 іншых службовых асобаў гадамі знаходзяцца пад візавымі санкцыямі Эўразьвязу пасьля скандалу на выбарах у 2010 годзе.

Слова «Менск» у гэты дзень ўзгадавалася больш як 325.000 разоў на расейскай і ангельскай мовах, куды больш, чым словы «Пуцін» або «Мэркель»

Забарона прымусіла Лукашэнку задаволіцца паездкамі ў Кітаі, Лацінскай Амэрыку і ў Ватыкан. Але новая роля Лукашэнка, як паслухмянага дыпляматычнага гаспадара, спарадзіла надзеі, што сувязі паміж Беларусьсю і Захадам могуць нармалізоўвацца.

Латвія, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, дала зразумець, што можа запрасіць Лукашэнку ў Рыгу на саміт Усходняга партнэрства. А сувязі Менску і Пэкіну абярнуліся такім чынам, што нават ЭЗ ня можа ігнараваць новы «Шаўковы шлях» чыгуначнай лініі, якая праходзіць праз Беларусь і зьвязвае Кітай з Заходняй Эўропай. У 2014 годзе ў Менску прайшоў чэмпіянат сьвету па хакеі з шайбай.

І — у якасьці постфактуму. У мінулым месяцы міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей правёў перамовы са сваім іранскім калегам Махамадам Джавадам Зарыфам. На гэтым тыдні Макей сустрэўся з паўночнакарэйскім міністрам замежных справаў Ры Су-Юнам, і сустрэча мела на мэце «пабудову канструктыўных стасункаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG