Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт у газэце «Белорусы и рынок». БАЖ сьпяшаецца на дапамогу

абноўлена

Адзінае, на што пагадзіліся новыя ўласьнікі дзелавога выданьня і калектыў рэдакцыі, — стварыць камісію па рэдакцыйнай палітыцы.

Паўтара месяца таму адбылася зьмена складу акцыянэраў закрытага акцыянэрнага таварыства «Мэдыярынак», якое выступае заснавальнікам штотыднёвіка «Белорусы и рынок».

Новыя акцыянэры прызначылі і новага галоўнага рэдактара — колішнюю журналістку «Эканамічнай газэты», былую рэдактарку часопіса «Белорусское сельское хозяйство» Валянціну Вештарт.

Заснавальнік, распрацоўнік канцэпцыі і галоўны рэдактар Вячаслаў Хадасоўскі, які кіраваў газэтай на працягу ўсіх 25 гадоў існаваньня, перайшоў на пасаду шэф-рэдактара. Вячаслаў Хадасоўскі прадаў частку сваіх акцыяў некалькім прыватным асобам, у ліку якіх — генэральны дырэктар «Эўрарадыё» Зьміцер Новікаў.

Новая галоўная рэдактарка Валянціна Вештарт адразу ж паспрабавала перафарматаваць выданьне — скасаваць разьдзел палітыкі, увесьці іншыя падыходы, з чым журналісты газэты прынцыпова ня згодныя. Па-другое, гэтае перафарматаваньне можа прывесьці да таго, што частка журналістаў проста страціць працу.

11 сакавіка Беларуская асацыяцыя журналістаў запрасіла на сваю пляцоўку ўласьнікаў, новага кіраўніка рэдакцыі і журналістаў выданьня, каб высьветліць пазыцыі. Прысутнічалі фактычна новы ўласьнік, генэральны дырэктар «Эўрарадыё» Зьміцер Новікаў, новая кіраўніца рэдакцыі Валянціна Вештарт, шэф-рэдактар Вячаслаў Хадасоўскі, а таксама журналісты выданьня.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец распавёў Радыё Свабода падрабязнасьці размовы ў БАЖ:

«Мы разам абмяркоўвалі гэты канфлікт, спрабавалі знайсьці нейкія шляхі вырашэньня, але нельга сказаць, што мы дасягнулі вялікага посьпеху. Калі адкінуць усе прэтэнзіі, якія выказваліся там, і часам надзвычай эмацыйна, скажу па сутнасьці: спрабавалі мы стварыць камісію па вырашэньні канфлікту паміж адміністрацыяй і журналістамі, у якую трэба ўключыць прадстаўнікоў абодвух бакоў, каб яны спрабавалі шукаць кампрамісу (гэта была прапанова БАЖ). Але наймальнік на гэта не пайшоў, адмовіўся. Адзінае, чаго мы дамагліся, — гэта стварыць камісію па рэдакцыйнай палітыцы. Распрацаваць канцэпцыю — як мае выглядаць газэта надалей, якія будуць рубрыкі, ці павінна яна прытрымлівацца ранейшай лініі, ці пераарыентавацца. Каб бліжэйшым часам разам з наймальнікам і журналістамі абмеркаваць і да канца сакавіка прадставіць сваю канцэпцыю акцыянэрам».

Асноўныя ўласьнікі — генэральны дырэктар «Эўрарадыё» Зьміцер Новікаў і некалькі грамадзянаў Польшчы — валодаюць цяпер большасьцю акцыяў, таму і маюць магчымасьць прымаць рашэньні, у тым ліку і з прызначэньнем галоўнага рэдактара выданьня, і з вызначэньнем рэдакцыйнай палітыкі. На думку Андрэя Бастунца, сустрэча ўсё ж такі была карысная, бо была магчымасьць выказаць меркаваньні, паслухаць адзін аднаго. А камісія па выпрацоўцы рэдакцыйнай палітыкі — адзін з ключавых момантаў:

Калі насамрэч гэтая камісія будзе створана і запрацуе, то гэта будзе вынік. Ня самы лепшы, але вынік. А пакуль наймальнік ня бачыць тут працоўнага канфлікту, а калектыў выданьня бачыць.

«Калі насамрэч гэтая камісія будзе створана і запрацуе, то гэта будзе вынік. Ня самы лепшы, але вынік. А пакуль наймальнік ня бачыць тут працоўнага канфлікту, а калектыў выданьня бачыць. Склад камісіі яшчэ трэба сфармаваць. Я ўчора прапанаваў, каб было 2 чалавекі з боку адміністрацыі і 2 чалавекі з боку рэдакцыі. Я ведаю, што сёньня рэдакцыя мусіць вызначыцца, хто з боку журналістаў увойдзе ў склад. Бо там насамрэч вельмі прафэсійныя журналісты працуюць, эканамічная эліта беларускай журналістыкі».

Вештарт: «Белорусы и рынок» было, ёсьць і будзе дзелавым выданьнем

Валянціна Вештарт адзначыла ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што канфлікту паміж адміністрацыяй і журналістамі не існуе.

«І для такіх гучных заяваў няма падстаў. Усё можна вырашыць у працоўным парадку».

Што да стварэньня камісіі па рэдакцыйнай палітыцы пры ўдзеле БАЖ, Валянціна Вештарт мяркуе, што гэта ўсё рабочыя пытаньні.

«У БАЖы ёсьць добрыя экспэрты, гэта паважаная арганізацыя. Чаму не скарыстацца інтэлектам экспэртаў? Гэта заўсёды добра. Адна галава добра, а дзьве яшчэ лепш. Калектыўны розум.

Калі ў рэдакцыі ёсьць рэдакцыйная палітыка — гэта нармальна. Гэта ёсьць ва ўсіх рэдакцыях. Будзем фармуляваць рэдакцыйную палітыку, што ў гэтым такога незвычайнага? На паперы яна не была сфармуляваная, таму ўзьніклі пэўныя розначытаньні. Кожны думаў пра сваё. Проста яе трэба пакласьці на паперу, і ўсё. Прыходзіць новы кіраўнік, і яму трэба зразумець, як і што працуе, людзям патрэбны час, каб прывыкнуць. Людзі павінны зразумець адзін аднаго».

Валянціна Вештарт так пракамэнтавала закіды, што яна нібыта хоча перафарматаваць выданьне — скасаваць разьдзел палітыкі, увесьці іншыя падыходы.

«Гэта інсынуацыі. Газэта „Белорусы и рынок“ была, ёсьць і будзе дзелавым выданьнем. Ніякіх радыкальных і кардынальных зьменаў не чакаецца. Абсалютна. Калі толькі паляпшэньне, паглыбленьне, пашырэньне. Пашырэньне чытацкай аўдыторыі, паглыбленьне некаторых тэмаў. Але я не лічу, што гэта нешта радыкальнае».

Карэспандэнт: «Але некаторыя журналісты могуць страціць працу пры гэтым?»

Працы хопіць на ўсіх. Калі чалавек жадае працаваць, то ён будзе працаваць. А прымусіць я нікога не магу

Вештарт: «Ну, калі нехта не захоча. Я ж нікога не магу прымусіць. Гэта выключна па асабістым жаданьні. Працы хопіць на ўсіх. Калі чалавек жадае працаваць, то ён будзе працаваць. А прымусіць я нікога не магу».

Апошнім месцам працы Валянціны Вештарт, якая мае эканамічную адукацыю, быў дзяржаўны часопіс «Белорусское сельское хозяйство», які яна рэдагавала.

«Часопіс „Белорусское сельское хозяйство“ — гэта было адзінае дзяржаўнае месца маёй працы больш як за 20 гадоў. Гэты часопіс не датаваўся. На яго не было ніякай абавязковай падпіскі. Ён існаваў у абсалютна рынкавых умовах. У нас былі абсалютна магутныя канкурэнты, якія не дазвалялі спаць у шапку. Гэта вельмі добрае выданьне. І рабіць глянцавы часопіс пра сельскую гаспадарку — гэта няпростая задача. Я не разумею пэўнай грэблівасьці і адносна сельскай гаспадаркі, і адносна часопіса. Добра рабіць можна любы праект. І пісаць добра і якасна можна пра любую галіну».

Раней Валянціна працавала ў часопісе «Директор» і «Национальной экономической газете», а таксама ў Інтэрфаксе. А як яна трапіла ў «Белорусы и рынок»?

«Уласьнікі мяне нанялі на працу. Гэта іх рашэньне. Адпаведна, я праводжу ў жыцьцё іх палітыку, іх бачаньне. Паўтару, што ніякага радыкалізму ў гэтым няма. Вядома, любое папяровае выданьне разьлічвае на тое, каб наклад рос, а аб’ём рэклямы павялічваўся. Такія ж задачы ставім і мы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG