Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка гаварыў з прадстаўніцай Эўразьвязу пра расейскую прапаганду


Хэльга Шмід, архіўнае фотав

Хэльга Шмід, архіўнае фотав

24 лютага намесьнік Генэральнага сакратара Эўрапейскай службы зьнешняга дзеяньня Хэльга Шмід сустрэлася ў Менску з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці.

На сустрэчы прысутнічалі

  • Валянцін Стэфановіч (праваабарончы цэнтар «Вясна»),
  • Жана Літвіна (Беларуская асацыяцыя журналістаў),
  • Дзьмітры Чарных (Беларускі Хэльсынскі камітэт),
  • Сяргей Мацкевіч (Асамблея НДА),
  • Андрэй Ягораў (Цэнтар эўрапейскай трансфармацыі),
  • Дзяніс Мельянцоў (Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў),
  • Алена Красоўская-Каспяровіч («Плятформа інавэйшн») і
  • Аляксей Казьлюк (Цэнтар прававой трансфармацыі Lawtrend).

Апроч Хэльгі Шмід, у сустрэчы бралі ўдзел дырэктар Дэпартамэнту па сувязях з краінамі «Ўсходняга партнэрства» Гунар Віганд, а таксама кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Майра Мора.

Паводле Валянціна Стэфановіча, падчас непрацяглай размовы абмеркаваны асноўныя праблемы з правамі чалавека ў Беларусі.

«Нашу размову шаноўныя госьці распачалі з таго, што на іх сустрэчы з кіраўніцтвам Беларусі прэзыдэнт адзначыў, што Рэспубліка Беларусь падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць і незалежнасьць Украіны, але разам з тым былі абмеркаваныя пытаньні, датычныя ня толькі ўкраінскага крызісу, але і правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі. Спадарыня Шмід, у прыватнасьці, адзначыла, што ЭЗ вітае пазыцыю кіраўніцтва Беларусі па Ўкраіне, але гэта не азначае, што яны ня будуць заўважаць таго, што адбываецца ў Беларусі, паколькі ЭЗ заўсёды грунтаваўся на каштоўнасным падыходзе ў пытаньнях правоў чалавека і дэмакратыі», — апавёў сайту spring96 праваабаронца.

Падчас сустрэчы Валянцін Стэфановіч адзначыў, што праваабаронцы таксама падтрымліваюць пазыцыю беларускіх уладаў у дачыненьні да ўкраінскага крызісу:

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

«Але, як было абсалютна справядліва адзначана, гэта не азначае, што мы не павінны заўважаць і крытыкаваць сытуацыю, якую мы маем унутры краіны. Я выказаў занепакоенасьць тым, што, на жаль, ня так шмат пазытыўных момантаў і зьменаў, якія б мы маглі адзначыць. Што асноўныя грамадзянскія і палітычныя правы па-ранейшаму маюць досыць абмежаваны характар — як свабода асацыяцыяў, мірных сходаў, выказваньня сваёй думкі. Што мы вельмі нэгатыўна, крытычна адзначылі апошнія зьмены ў закон аб сродках масавай інфармацыі».

Стэфановіч зазначыў, што праваабаронцы прызнаюць наяўнасьць шасьці палітвязьняў у Беларусі, — а ёсьць інфармацыя, што ў ЭЗ вядуцца размовы толькі пра траіх.

«І асобна спыніўся на справе Мікалая Дзядка, суд у дачыненьні да якога будзе адбывацца заўтра на тэрыторыі магілёўскай турмы, куды мы ня зможам трапіць; нагадаў, што гэты суд пагражае палітвязьню яшчэ адным годам пазбаўленьня волі паводле крымінальнага артыкула 411», — сказаў Стэфановіч.

Праваабаронца дадаў, што беларуская дзяржава дагэтуль выкарыстоўвае сьмяротнае пакараньне, што ў мінулым годзе праваабаронцы зафіксавалі тры выпадкі сьмяротнай кары і, паводле наяўнай інфармацыі, адзін чалавек чакае прысуду ў камэры сьмяротнікаў.

Датычна выбараў ён нагадаў, што рэкамэндацыі Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ, зробленыя па выніках папярэдніх назіральніцкіх місіяў, застаюцца актуальныя, што беларускія ўлады збольшага праігнаравалі гэтыя рэкамэндацыі і праваабаронцы па-ранейшаму настойваюць на іх выкананьні.

Старшыня БАЖ Жана Літвіна, у сваю чаргу, паведаміла БелаПАН, што чыноўніца з Брусэля цікавілася тэмай прэзыдэнцкіх выбараў.

Жана Літвіна

Жана Літвіна

«Я казала, што выбары заўсёды суправаджаюцца пагаршэньнем умоў працы для журналістаў, пагаршэньнем доступу да інфармацыі. На жаль, мы адчулі набліжэньне выбараў і зьвязваем зь імі тыя папраўкі, якія былі прынятыя ў закон аб СМІ ў канцы мінулага году», — сказала Літвіна.

Акрамя таго, Літвіна ўзьняла праблему маніпуляваньня фактамі, якая ў сьвятле расейска-ўкраінскага канфлікту набыла «пагрозьлівы характар для журналістыкі як прафэсіі».

«Шмід адзначыла, што Лукашэнка зь ёй таксама гаварыў пра праблему расейскай прапаганды», — дадала кіраўніца БАЖ.

Гунар Віганд паведаміў пра заплянаваны на 9 сакавіка апошні раўнд кансультацыяў паміж Беларусьсю і ЭЗ у рамках «Дыялёгу аб мадэрнізацыі».

Паводле аналітыка BISS Дзяніса Мельянцова, на перамовах плянуецца абмеркаваць тэмы судовай рэформы, выбарчага заканадаўства і правоў чалавека. Хэльга Шмід адзначыла, што эўрапейскі бок мае намер уздымаць пытаньні правоў чалавека на кансультацыях зь беларускім бокам.

«Гаворачы пра сёньняшнюю сытуацыю, я сказаў, што ўлады, хутчэй за ўсё, ня будуць праводзіць лібэралізацыю, таму што для гэтага няма ніякай патрэбы. Сацыяльны кантракт і так ужо трошкі па-іншаму працуе: калі раней было — дабрабыт у абмен на ляяльнасьць, то цяпер — мір у абмен на ляяльнасьць. Цяпер з-за Ўкраіны няма ніякай патрэбы праводзіць нейкія рэформы або ісьці на саступкі ЭЗ — Эўразьвяз за апошнія чатыры гады і так ідзе на ўсе саступкі, якіх хацеў афіцыйны Менск», — цытуе БелаПАН Мельянцова.

Намесьнік Генэральнага сакратара Эўрапейскай службы зьнешняга дзеяньня Хэльга Шмід наведала Менск 23–24 лютага. Яна правяла сустрэчы зь беларускімі ўладамі, а таксама з прадстаўнікамі беларускага грамадзтва.

Галоўная мэта яе візыту — ацэнка стану спраў у адносінах паміж ЭЗ і Рэспублікай Беларусь.

XS
SM
MD
LG