Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні сябры БНФ прапанавалі ўладам разам адзначыць Дзень Волі


Дзень Волі ў Менску, 2014 год

Дзень Волі ў Менску, 2014 год

Прадстаўнікі гарадзенскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ падалі заяўкі на правядзеньне пікетаў у гонар Дня Незалежнасьці.

Адзін зь пікетаў заплянаваны непасрэдна ў Дзень Волі 25 сакавіка ў парку імя Жылібэра, у цэнтры гораду, а другі на 22 сакавіка — у Калоскім парку.

Паводле кіраўніка гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Вадзіма Саранчукова, заяўку на 22 сакавіка падалі з прычыны таго, што дата прыпадае на выходны дзень, а гэта, маўляў, магчымасьць прыцягнуць увагу большай колькасьці людзей да сьвята 25 сакавіка.

Саранчукоў: «Канешне, нам бы хацелася, каб у Горадні адбыліся сапраўдныя ўрачыстасьці з шэсьцем па цэнтральных вуліцах і сьвяточным мітынгам у гэты дзень, але ў сёньняшніх умовах правядзеньне пікета — гэта рэальны фармат. І вельмі хацелася б, каб улады пайшлі нам насустрач».

Калоскі парк, паводле Саранчукова, гэта месца, вызначанае гарвыканкамам для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. А вось у парку імя Жылібэра масавыя мерапрыемствы дазволена праводзіць толькі ў выпадку, калі ў іх бяруць удзел дзяржаўныя арганізацыі. Дзеля таго, каб улады дазволілі правядзеньне Дня Волі ў парку імя Жылібера, паводле Саранчукова, яны запрасілі мясцовыя ўлады разам адзначыць урачыстасьці.

Цягам апошніх пяці год гарадзенскія ўлады не давалі дазволу сябрам БНФ на правядзеньне масавых акцыяў з нагоды Дня Волі, у тым ліку пікетаў.

XS
SM
MD
LG