Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На 25 сакавіка хочуць сьвята. Але разумеюць, што цудаў ня будзе


Пасьля другога паседжаньня аргкамітэту адзначэньня Дня Волі арганізатары заявілі, што «абмеркавалі новыя захады для прыцягненьня большай колькасьці ўдзельнікаў на акцыю».

У прыватнасьці, гутарка вядзецца пра запрашэньне на шэсьце і мітынг музыкаў, якія б аздобілі падзею, зрабіўшы яе больш падобнай да сьвята, а не да пратэстнай акцыі.

«Мы запросім на акцыю музыкаў і дадзім ім магчымасьць выступіць перад прысутнымі. Такім чынам мы хочам перавесьці мерапрыемства ў шэраг сьвятаў, а не пратэстнай акцыі. На думку моладзі, якая сёлета актыўна бярэ ўдзел у падрыхтоўцы Дня Волі, новыя элемэнты сьвяткаваньня 25 сакавіка прыцягнуць большую колькасьць удзельнікаў», — адзначыў намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

Якія музыкі будуць граць на Дзень Волі, арганізатары пакуль ня кажуць. Бо калі затрымаюць гукаўзмацняльную апаратуру, то канцэрт на плошчы Бангалор будзе мець вельмі сьціплы фармат, і гэта трэба загадзя ўзгадніць з музыкамі:

Тут усё вельмі моцна ўпіраецца ў магчымасьці, якія, з аднаго боку, абмежаваныя заканадаўствам, а зь іншага — практыкай перашкодаў з боку праваахоўных органаў.

«Тут усё вельмі моцна ўпіраецца ў магчымасьці, якія, з аднаго боку, абмежаваныя заканадаўствам, а зь іншага — практыкай перашкодаў з боку праваахоўных органаў. Я нагадаю, што цягам апошніх пяці гадоў кожны раз гукаўзмацняльная апаратура затрымлівалася і не магла быць дастаўленая на месца правядзеньня акцыі», — падкрэсьлівае Юрась Губарэвіч.

Што да зьмястоўнага складніку, то, паводле арганізатара, акцыя будзе мець традыцыйны характар — будуць уздымацца тэмы незалежнасьці Беларусі. Аднак, як і мінулым годам, удзельнікі змогуць выказацца і пра вайну ва Ўкраіне, а таксама пра палітычнае забойства расейскага апазыцыянэра Барыса Нямцова:

Акцыя на 25 сакавіка — гэта вольная пляцоўка, дзе кожны можа выказаць сваё меркаваньне.

«Людзі імгненна адгукаюцца на бягучыя палітычныя падзеі і прыходзяць на акцыі з плякатамі і расьцяжкамі, якія выказваюць іх пазыцыю. На жаль, за апошні год сытуацыя ва Ўкраіне не палепшылася. Таму абсалютна нельга выключаць, што і на бліжэйшых мерапрыемствах людзі будуць выказваць сваю пазыцыю адносна Ўкраіны. Напэўна, адрэагуюць і на забойства Барыса Нямцова. Акцыя на 25 сакавіка — гэта вольная пляцоўка, дзе кожны можа выказаць сваё меркаваньне. Арганізатары ня будуць чыніць ніякіх перашкодаў для ўдзельнікаў. Адзінае, што ёсьць абмежаваньні на ўзроўні заканадаўства, таму не павінна быць ніякіх экстрэмісцкіх заклікаў», — падсумаваў Юрась Губарэвіч.

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Адзін з арганізатараў шэсьця і мітынгу, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што акцыя 25 сакавіка ў цяперашніх умовах ня можа быць арганізавана ярка і з выкарыстаньнем нечаканых фарматаў. Разам з тым, падкрэсьлівае палітык, ніякай іншай магчымасьці для беларусаў выйсьці на вуліцу і выказацца няма:

«Мы абмяркоўваем на аргкамітэце, што нібыта ёсьць нейкія людзі, якія былі б згодныя далучыцца да акцыі ў выпадку новага, больш цікавага фармату, калі б акцыя 25 сакавіка не асацыявалася з апазыцыяй, каб быў іншы маршрут, іншае аздабленьне.

Але я лічу, што пара сказаць беларусам: „Людзі, у вас ня будзе іншай краіны, у вас ня будзе іншай апазыцыі, у вас ня будзе іншага дня, апроч 25 сакавіка, калі пройдзе адзіная дазволеная палітычная акцыя. І калі вы сапраўды хочаце выказаць сваё стаўленьне да таго, што адбываецца ў краіне, заявіць пра падтрымку беларускай незалежнасьці, абавязкова прыходзьце на гэтае мерапрыемства, таму што іншых проста ня будзе“.

Так, сапраўды мы будзем імкнуцца да таго, каб акцыя была цікавая, яркая і бачная. Але ўсе павінны разумець, што пры цяперашнім стане грамадзтва немагчыма зрабіць нейкія надзвычайныя захады, нейкія цуды, каб зрабіць так ідэальна, як нехта хоча».

Марына Хоміч

Марына Хоміч

Старшыня Моладзі БХД Марына Хоміч таксама лічыць, што ў Дзень Волі 25 сакавіка павінна праходзіць традыцыйная палітычная акцыя:

Я перакананая ў тым, што звычайны фармат гэтай акцыі цалкам нармальны ў нашых умовах. На жаль, Дзень Волі пакуль ня ёсьць афіцыйным дзяржаўным сьвятам.

«Я перакананая ў тым, што звычайны фармат гэтай акцыі цалкам нармальны ў нашых умовах. На жаль, Дзень Волі пакуль ня ёсьць афіцыйным дзяржаўным сьвятам. Дзень Волі застаўся палітычнай акцыяй, і, на жаль, гэта адзіная акцыя на год, на якую мы можам выйсьці і выказацца. Таму палітычны кантэкст акцыя ня згубіць».

Усе арганізатары падкрэсьліваюць, што самыя галоўныя тэмы, якія будуць уздымацца падчас акцыі, — гэта незалежнасьць Беларусі, салідарнасьць з Украінай і супрацьдзеяньне расейскаму імпэрыялізму.

У аргкамітэт акцыі 25 сакавіка ўваходзяць Партыя БНФ, рух «За свабоду», БХД, АГП, грамадзянская кампанія «Гавары праўду», моладзь руху «За свабоду», моладзь БХД і моладзевае крыло АГП.

Мяркуецца, што заяўку на правядзеньне шэсьця і мітынгу пададуць 9 сакавіка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG