Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пётар Марцаў, выдавец і рэдактар, у гонар якога я назваў сваю вуліцу


Пётар Марцаў
Пётар Марцаў

14.4.1962, Менск — 13.9.2014, Менск. Пахаваны на менскіх Усходніх могілках.

У Менску пакуль што ёсьць вуліца Маркса, на якой я жыву і якую пасьля сьмерці Габрыэля Гарсія Маркеса перайменаваў для сябе і сяброў у вуліцу Маркеса. Але часам мне хочацца назваць яе і вуліцай Марцава. Асабліва калі праходжу паўзь вядомую кавярню «NewsCafe». Раней там дзень пры дні можна было ўбачыць журналіста, рэдактара і выдаўца Пятра Марцава, якога ведала ўся незалежная Беларусь.

На маладых клёнах распускаліся першыя лісьцікі або вецер гнаў па ходніках срэбную дуйку, а Марцаў — то за вулічным столікам, то за шклом — звычайна ў атачэньні прыгожых жанчын — быў там прысутны, здавалася, заўсёды. Ён сядзеў з лэптопам і кубкам кавы або нечым крыху мацнейшым, і гэтае відовішча дзіўным чынам нараджала ў душы спакой і раўнавагу. Мне ўяўлялася, што зараз генэруецца новая ідэя, пішацца аналітыка, даецца інтэрвію зь ягонымі нярэдка парадаксальнымі, спрэчнымі, але неадменна цікавымі развагамі і высновамі.

Марцаў быў, нягледзячы на ўзрост, жывой легендай.

Пасьля ўдзелу ў гістарычных «Дзядах» 1988 году Пётар мусіў разьвітацца з працай у Беларускім тэлеграфным агенцтве. (У адыёзным часопісе «Политический собеседник», друкаваным органе ЦК КПБ, тады зьявіўся артыкул пад назваю «Кто он, П. Марцев?».)

Прайшоўшы добрую школу карэспандэнта, а затым дырэктара карпункту тыднёвіка «Коммерсантъ» у Беларусі і агенцтва «Постфактум», Марцаў у 1992-м пачаў выдаваць «Белорусскую деловую газету» (БДГ), а затым штотыднёвік «Имя» і штомесячнік «БДГ. Для служебного пользования». Думаю, ня я адзін бачыў, як у шапіках «Белсаюздруку» сьвежыя нумары гэтых газэт разьляталіся, як гарачыя піражкі.

Гэта былі сапраўды зорныя выданьні, дзе працавалі журналісты з Божай іскрай, жывое слова якіх уплывала не адно на чытачоў, на дзелавыя, палітычныя і культурніцкія колы, але і на сытуацыю ўва ўсёй краіне. Я абсалютна згодны з тымі, хто лічыць, што сваёй дзейнасьцю Пётар Марцаў зрабіў для ўмацаваньня сувэрэнітэту Беларусі значна больш за некаторых дэмакратычных палітыкаў.

Пералік тэмаў, артыкулаў, інтэрвію, журналісцкіх расьсьледаваньняў, якія я і цяпер добра памятаю, выйшаў бы занадта доўгі. Асабіста я ўдзячны Марцаву і створаным ім выданьням за фантастычную па колькасьці ўдзельнікаў тэлефонную «наўпроставую лінію», якую мы вялі з адным з найталенавіцейшых, на маю думку, супрацоўнікаў «БДГ» Сяргеем Шапранам. За пэрсанальную рубрыку «С историей на Вы», дзе я адказваў і на досыць наіўныя, і на вельмі падступныя пытаньні чытачоў. За публікацыю з ініцыятывы Пятра газэтнай вэрсіі нашай з Генадзем Сагановічам кнігі «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі». Яна друкавалася ў дадатку «БДГ. Для служебного пользования» і, як скалямбурыў аднойчы рэдактар, зайшоўшы ў бухгальтэрыю, дзе я якраз атрымліваў ганарар, ішла «на пользу» ня толькі аўтару.

Узровень газэт Пятра Марцава быў такі, што ўва ўмовах, калі ўлада ня проста спыніла час, а павярнула яго назад, выхад БДГ нярэдка выглядаў дзівам і нязьменна жывіў надзею на перамены. Тут таксама выяўляўся талент Марцава, ягоная мужнасьць, уменьне ісьці на рызыку.

Быў момант, калі Пятра папярэдзілі, што рыхтуецца яго зьнікненьне-забойства. Ці трэба нагадваць, што ў тыя часы можна было пайсьці ў лазьню, як Віктар Ганчар з Анатолем Красоўскім, або паехаць у аэрапорт сустракаць калегу, як Зьміцер Завадзкі, — і дагэтуль не вярнуцца?

Марцаў, купіўшы квіток на самалёт у Нямеччыну, наняў на ўскраіне кватэру і на месяц лёг на дно...

Увесну 2006-га выпуск «БДГ» быў спынены: беларускія друкарні адмовіліся выпускаць яе, а «Белпошта» і «Белсаюздрук» ужо даўно не распаўсюджвалі. Апрача вострых бескампрамісных публікацыяў, Марцаву прыпомнілі, відаць, і ўдзел у стварэньні вядомага фільму «Звычайны прэзыдэнт»...

У пяцьдзясят два гады ён за лічаныя дні згарэў ад вострага лейкозу.

Разьвітваючыся зь Пятром, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна назвала Марцава і ўсё зьвязанае зь ім «самай яркай старонкай найноўшай беларускай журналістыкі».

На пахаваньнях заслугі тых, хто адплывае ў іншы сьвет, звычайна з найлепшых меркаваньняў перабольшваюцца. Гэта быў ня той выпадак.

Уладзімер Арлоў падрыхтаваў да друку трэцяе выданьне сваёй вядомай кнігі «Імёны Свабоды», якая ўпершыню пабачыла сьвет у 2007-м у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХI стагодзьдзе».

XS
SM
MD
LG