Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2.10.1965, Менск — 17.5.2014, Менск. Пахаваны на менскіх Заходніх могілках.

Вы ведаеце, што такое Камэлот?

Так, слушна, гэта замак караля Артура, дзе знаходзіўся ягоны круглы стол, за якім зьбіраліся найвядомейшыя рыцары Эўропы. Хтосьці ўспомніў аднайменны кінасэрыял. Хтосьці — амэрыканскую групу, вядомую сваім сымфанічным паўэр-мэталам.

Чалавек жа, абазнаны ў нашай сучаснай музыцы, адразу скажа: «Камэлот» — папулярны ў першай палове 1990-х этна-рок-гурт.

Яго лідэрам быў Зьміцер Сідаровіч, асоба, якая спалучала ў сабе рэчы амаль несумяшчальныя. Атрымаўшы дыплём Беларускага політэхнічнага інстытуту, інжынэр-будаўнік Сідаровіч абараніў кандыдацкую дысэртацыю і да апошняга працаваў па спэцыяльнасьці, але заўсёды, яшчэ ад школы, пісаў песьні.

У сярэдзіне 1980-х, пасьля паездкі на Беласточчыну і сустрэч з тамтэйшымі беларусамі, ён, ужо даволі вядомы бард, перайшоў на мову і праславіўся немудрагеліста-шчыраю песьняй «Які ж я беларус?», якую натхнёна сьпявала ўся адраджэнская моладзь:

Які ж я беларус,

Скажыце мне, панове,

Калі я гавару

Паўсюль на рускай мове?..

Але ён быў створаны для песьняў іншага кшталту. Зьмітра вабіла Сярэднявечча, Вялікае Княства Літоўскае, вольны дух рыцарства. Разам з такімі ж маладымі музыкамі Ігарам Войнічам, Валянцінам Агеевым і Алесем Кішкіным, які захапляўся Толкінам, што было якраз у тэму, Зьміцер і стварыў «Камэлот».

Яны гралі выключна акустычную музыку — на гітарах, флейтах, бубнах, віялянчэлі, скрыпках, клявэсіне, дудзе, чэлесьце... Заплюшчыўшы на канцэрце вочы, можна было ўявіць, што ты на прыдворным сьвяце ў віленскім вялікакняскім палацы Жыгімонта Аўгуста.

Гурт выпусьціў усяго адзін альбом «У Краіне талераў», затое песьні зь яго хутка пачалі ўспрымацца як сучасныя апрацоўкі старадаўніх народных, створаных у асяродзьдзі жаўнераў або месьцічаў — «Грай, дудар!», «А дзе ж тыя ваяры?», «Ясна панна мая».

Вы, напэўна, таксама слухалі, а мо і сьпявалі:

Ясна панна мая,

Сонцу час прачынацца,

Ды ня ведаю я,

Як з табою расстацца...

Гурт распаўся пасьля рэфэрэндуму 1996 году. Сябры прыгадваюць, што падзеі ў краіне выклікалі ў Зьмітра глыбокі і доўгі крызіс.

Але ён вярнуўся да творчага жыцьця і, як быццам прадчуваючы, што часу няшмат, зьяўляўся «на людзях» у розных іпастасях. Запісваў песьні з гуртам «Стары Ольса». Дасьледаваў гісторыю музыкі і складаў даведнік «Вялікія музыкі ХХ стагодзьдзя». Разам зь сьпявачкай Тацянай Грыневіч выпусьціў два «Дзіцячыя альбомы». Выдаў кнігу вершаў «Тры жалуды». Тысячы гледачоў, якія хутка рабіліся ўдзельнікамі, прайшлі праз ладжаныя ім «Шляхецкія фольк-вечарыны» і штотыднёвыя вечары народных танцаў у менскай кавярні «Жар-птушка».

На сорак дзявятым годзе жыцьця Зьміцер сышоў у сваю «Краіну талераў»: яго знайшлі ў кватэры нежывым.

Ёсьць зьвесткі, што ён пакінуў вялікі архіў песьняў, якія яшчэ трэба давесьці да сустрэчы з публікай.

І, вядома, неабходна перавыдаць славуты альбом «Камэлота», які музычны крытык Сяргей Будкін заслужана прылічыў да клясыкі сучаснай беларускай музыкі.

Уладзімер Арлоў падрыхтаваў да друку трэцяе выданьне сваёй вядомай кнігі «Імёны Свабоды», якая ўпершыню пабачыла сьвет у 2007-м у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХI стагодзьдзе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG