Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Сіліцкі, палітоляг на доўгай дарозе ад тыраніі


Віталь Сіліцкі

Віталь Сіліцкі

25.12.1972, Менск — 11.6.2011, Менск. Пахаваны на могілках у пас. Калодзішчы, Менскі раён.

Палітолягу, выдатнаму аналітыку Віталю Сіліцкаму заўсёды будзе трыццаць восем.

Адказваючы за некалькі гадоў да свайго такога раньняга сыходу на анкету «Што значыць быць беларусам?», ён напісаў: «Жыць у Беларусі, размаўляць па-беларуску, любіць Беларусь, дбаць пра Беларусь». Любіць для яго і азначала — дбаць.

У васямнаццаць ён з дакладам, прысьвечаным дэмакратычным зьменам ува Ўсходняй Эўропе, стаў пераможцам усесаюзнай алімпіяды юных сацыёлягаў. Надыходзіў час самому акунуцца ў жыцьцё, каб прысьпешваць гэтыя зьмены ўчынкамі і навуковымі штудыямі.

У яго ўсё выходзіла на «выдатна». БДУ — дыплём сацыёляга. Цэнтральнаэўрапейскі ўнівэрсытэт у Будапэшце — магістар паліталёгіі. Ратгэрскі ўнівэрсытэт у ЗША — ужо доктар. Супрацоўніцтва ў інтэрнэт-газэце Naviny. by і «Нашай Ніве». Заснаваньне адной з найаўтарытэтнейшых аналітычных структураў краіны — Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў.

Ягоныя думкі і высновы часта прасіліся ў зборнікі афарызмаў. Напрыклад, гэтая: «Не існуе нацыянальных інтарэсаў, ёсьць інтарэсы групаў, якія прысвойваюць сабе права гаварыць ад імя нацыі».

Ён пакінуў гэты сьвет у чорнае лета 2011 году, калі мы ледзь ня кожны тыдзень разьвітваліся з тымі, хто, як і ён, плённа працаваў дзеля той Беларусі, якая нам пакуль толькі сьніцца. Філёзаф Уладзімер Конан, гісторык-архівіст Віталь Скалабан, зусім маладыя — бліскучы гістарычны картограф Віктар Цемушаў, гісторык і паэт Эдуард Мазько, мастацтвазнаўца Юрась Малаш, гісторык Вольга Рамановіч, што пераклала два тамы францускамоўных мэмуараў Міхала Клеафаса Агінскага, Васіль Храмцоў — адзін з тых, на кім трымалася беларушчына на Полаччыне... Кожны быў непаўторны, а хтосьці — незаменны.

Пасьля ўсяго, што здарылася зь Беларусьсю ў ХХ стагодзьдзі, слой нашай інтэлігенцыі застаецца вельмі тонкі. Гэта значыць, даводзіцца ўскладаць на сябе абавязкі і справы, прызначаныя не для аднаго чалавека. Ня кожны здольны несьці такую ношу доўга...

«Я паміраю. Прашу: зрабіце ўсё, каб жылі тыя ідэі, якімі я жыў», — сказаў ён сябрам у адзін з апошніх дзён.

У Цэнтральнаэўрапейскім унівэрсытэце заснаваная стыпэндыя ягонага імя для беларускіх студэнтаў. Інстытут эўрапейскіх навук у Славаччыне і Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў стварылі сваю стыпэндыяльную праграму імя Віталя Сіліцкага. Сябры заснавалі Фонд Сіліцкага, выдалі ягоную кнігу «Адкладзеная свабода» і падрыхтавалі наступную — «Доўгая дарога ад тыраніі».

Калегі і вучні называлі яго лідэрам навуковага аналізу, які вывучаў Беларусь у кантэксьце ўсясьветнай паліталягічнай навукі, нязьменна прапускаючы праблемы ня толькі праз розум навукоўца, але і праз сэрца патрыёта.

А для мяне Віталь быў яшчэ і апантаным футбольным заўзятарам. Ці здолеў ён пабачыць гістарычную гульню БАТЭ зь мюнхэнскай «Баварыяй», калі нашы выйгралі 3:1?..

Уладзімер Арлоў падрыхтаваў да друку трэцяе выданьне сваёй вядомай кнігі «Імёны Свабоды», якая ўпершыню пабачыла сьвет у 2007-м у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХI стагодзьдзе».

XS
SM
MD
LG