Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ціхан Чарнякевіч

У Антона Францішка Брыля нестандартная літаратурная рэпутацыя. Сёньня на ягоным рахунку кніга вершаў, дзьве кнігі перакладаў («Каваль зь вялікага Вутану» Толкіна і «Бэўвульф») і вось нядаўна зьявілася яшчэ і проза — казка «Ян Ялмужна».

Па першым часе пра яго гаварылі як пра нэаклясыка, захопленага старажытнымі тэкстамі сагаў і антычнай паэзіяй. Пасьля, з кнігі вершаў «Ня ўпаў жолуд», стала відавочным імкненьне Антона Брыля да эпікі: у дадатак да пары дзясяткаў выдатных вершаў публікаваліся ўзоры больш аб’ёмных жанраў, дзякуючы чаму зноў узьніклі размовы пра «беларускі гераічны эпас», які па-ранейшаму гісторыкам літаратуры бачыцца нязьдзейсьненым і недапраяўленым. Творы Брыля як бы абяцалі ў далёкай пэрспэктыве вялікую эпічную паэму, якая б, магчыма, і сталася ўзорам жанру і прадметам натхненьня вучнёўскай моладзі — такім жа, як «Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча. Пэўным подступам і сыгналам, што абяцанае ўцялесьніцца, быў і фэнамэнальны па ўкладзенай працы пераклад стараангельскага «Бэўвульфа».

Але займелі — казку.

Маё найгалоўнейшае перакананьне, ўзьніклае адразу як адклаў прачытаную кніжыцу: гэта можна было сказаць і ў вершах. То бок я лічу «Яна Ялмужну», скажам так, «прозай паэта» — жанрам даволі добра асьветленым у літаратуразнаўчай навуцы. Але з пэўнымі агаворкамі (як і ва ўсякай прозе паэта, тут таксама маецца пэўная нераўнамернасьць аповеду). Рэч ня ў тым, што Брыль часьцяком рытмізуе прозу, а ў тым, што ў самую тканку некаторых разьдзелаў «Яна Ялмужны» ўкладаецца сюжэт ліра-эпічны (гл. напрыклад главу «Размова з дрэва» — тое самае мог бы прасьпяваць-распавесьці ў балядзе і паэт-рамантык (ці то ягоны наступнік), ня важна, ад першай асобы ці вуснамі якогась гусьляра-песьняра). Гэта не адмоўная рэакцыя. Як казала Зінаіда Гіпіус, «у добрага паэта ня можа быць зусім кепская проза, як і ў добрага празаіка-стыліста — зусім кепскіх вершаў; але для абодвух гэта не галоўная, а другая іх форма». Так і ў прозе Брыля можна ўбачыць адгалоскі вершаў — зь іх гістарычнымі загадкамі і, часам, красвордамі.

Разам з тым, ці ўласьцівы для звычайнай казкі — літаратурны красворд? У казцы, кім бы яна ні пісалася, усё раскладзена і разжавана. Але для Антона Брыля было б занадта проста ўзяць трывіяльны казачны сюжэт і матыў (бедны служка запальваецца каханьнем да багатай арыстакраткі, праходзіць праз шэраг выпрабаваньняў і ўрэшце атрымоўвае блаславеньне бацькі-магната). На такі кручок мог бы трапіцца хіба Якуб Колас — і ён на яго трапіўся ў «Сымоне-Музыку». Паэма, цьху ты, казка Брыля — гэта ўсё-такі літаратура ХХІ стагоддзя, таму ў «Яне Ялмужне» адчуваецца дух фундамэнтальнай схаванай часткі айсбэргу (якую, мажліва, да канца бачыць будзе толькі сам аўтар, а крытыкі і чытачы стануць бегаць па паверхні). Сам матыў тут быў бы расьпісаны (як трывіяльная казка) на трох старонках. Цікавей, як зроблены гэты «шынэль», а менавіта — якія гістарычныя пласты тут ахоплены, наколькі дакладна аўтар узнаўляе выгляд Геранёнскага замку, у якім і ў ваколіцах якога адбываецца дзеяньне; як суаднесены рытмізаваныя часткі тэксту з нерытмізаванымі; як узаемадзейнічаюць цытаты з антычных паэтаў з асноўным сюжэтам казкі; чым, якімі крыніцамі карыстаецца аўтар, каб імітаваць мову беларусаў часоў Францішка Скарыны. Усе гэтыя прыёмы рытарычнай рэтардацыі надзвычай цікава было б прааналізаваць сучасным філёлягам у выглядзе якой курсавой, а нават і дыплёмнай працы.

Цікавым мне падаўся і сам падыход да разгортваньня сюжэта: праз 12 дыялёгаў ці, паводле аўтара, «размоваў». Гэта, несумненна, прыхамаць паэта, а не празаіка ці казачніка (хоць, хто ведае, можа наступнай у Брыля будзе кніга п’есаў). Такая арганізацыя для беларускай літаратуры ня новая — успомніць хаця «Апавяданьне аб іконьніку і залатару» Максіма Багдановіча ці іншыя яго празаічныя нарысы, у якіх ён ставіць зусім не празаічныя мэты, а менавіта — ператварае іх у эстэтычныя трактаты, зашыфраваныя ў апавяданьні. Дыялёг двух пэрсанажаў сустракаецца і ў жанры ананімных гутарак ХІХ стагодзьдзя, але там часьцей гаворыць адзін пэрсанаж; Багдановіч жа бліжэйшы да «Яна Ялмужны», і наагул «Іконьніка і залатара» можна было б ставіць у тэкст асобнай «размовай» і ніхто не заўважыў бы стылістычных перакосаў, бо там нашанівец таксама стылізуе свой тэкст, улічваючы рытарычную культуру эпохі Вялікага Княства. Аднак, зноў жа, ёсьць і адрозьненьне, бо ў Багдановіча кожны такі дыялёг самадастатковы (у Платона, зрэшты, таксама), а ў «Яне Ялмужне» яны павінны ўтвараць цэльную казку. Вядома, яны яе ўтвараюць, і тым ня менш, разасобленасьць разьдзелаў адчуваецца пры чытаньні вельмі моцна: заўжды даводзіцца вяртацца да «загадак» іншых разьдзелаў, а рабіць гэта, пры такой насычанасьці казкі ўсялякамі ўпрыгожаньнямі, даволі складана.

Нягледзячы на гэтыя мінусы (якія для нейкага іншага чытача могуць стацца і плюсамі), казка мяне захапіла. Чытаць яе трэба сапраўдным літаратурным гурманам: ёсьць тут і «дух эпохі», міталягічна-магічны антураж, і прывязка да традыцыйных казачна-фэнтэзійных матываў, і паэзія, і проза. Увогуле ў такую Беларусь хочацца трапіць — як у нейкі ангельскі Хогвартс (хіба што навучацца ў ім будуць не дзеткі, а асьпіранты гістфакаў і філфакаў). Ды і самая ідэя магічнай трансьляцыі ўлады над месцам празь сёмага сына — вельмі цікавая (у кнізе ёсьць легенда пра тое, што сёмы сын рымскага арыстакрата Палямона заблукаў у ліцьвінскім лесе і быў прыняты добрымі духамі, якія пазьней выправілі яго да людзей, надзяліўшы магічнымі здольнасьцямі). Казка Антона Францішка Брыля — і лягічная галаваломка, і проста цікавае зьявішча для беларускай «прозы паэта» — укаранёнае ў традыцыі.

Чытайма. Варта.

XS
SM
MD
LG