Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Год вяртаньня да каштоўнасьцяў». Беларускія НДА выберуць сваіх чэмпіёнаў


13 студзеня Асамблея няўрадавых арганізацыяў назаве пераможцаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці» 2014 году. Прэміяй ужо шосты раз уганаруюць выбітных асобаў, арганізацыі ды падзеі, якія летась былі знакавымі для разьвіцьця беларускага трэцяга сэктару.

Але дзейнасьць некаторых асобаў і арганізацыяў, якія трапілі ў шорт-ліст, шырэйшая — яна закранае палітычны і каштоўнасны аспэкты, лічыць старшыня асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч:

«Сёлета адбыўся скачок у бок каштоўнасных кампаніяў і акцыяў, якія ладзілі грамадзкія арганізацыі. Такая зьмена ў пэўным сэнсе набліжае іх дзейнасьць да палітычнай сфэры. Разам з тым я б не казаў, што ў 2014 годзе адбыўся нейкі пік грамадзкай дзейнасьці. Але быў моцны ўхіл у бок каштоўнасна арыентаваных кампаніяў. Нас гэта радуе. Раней мы падкрэсьлівалі недахоп каштоўнаснага складніка ў дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў».

Сяргей Мацкевіч патлумачыў, што ў 2014 годзе было шмат кампаніяў, скіраваных на тое, каб дапамагчы беларусам зрабіць свой каштоўнасны і цывілізацыйны выбар, каб беларусы не былі «ні рыба ні мяса», а сьвядома займалі пэўную пазыцыю.

«Справакавана гэта было падзеямі ва Ўкраіне, канфлікт у якой паказаў, што нельга быць аморфным чалавекам», — дадаў кіраўнік Асамблеі.

Як паведамляе сайт Асамблеі НДА, на званьне «Грамадзкі лідэр году» прэтэндуюць: Алена Анісім (ТБМ), ініцыятарка гомельскай кампаніі «Новая Беліца» Галіна Краўчанка, Гары Паганяйла (БХК), Зінаіда Цімошак («Утульны край»), праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Алена Танкачова, а таксама вядоўцы моўных шоў «Мова ці кава», «Мова нанова», «МоваВеда» і «Мова tut». Летась гэтую ўзнагароду атрымаў Сяргей Міхалок.

Прыз у намінацыі «Кампанія году» ўручаць ініцыятарам найбольш значнай агульнанацыянальнай кампаніі, праведзенай НДА ў 2014 годзе. На ўзнагароду прэтэндуюць: кампанія «Пазнач сябе беларусам», адзначэньне 500-годзьдзя бітвы пад Воршай, кампанія «НЕ жорсткасьці ў адносінах да жывёлаў», кампанія ў абарону менскага раёну Асмалоўка, маніторынг стану беларускай мовы ад ТБМ, а таксама дзьве кампаніі праваабарончых арганізацыяў супраць сьмяротнага пакараньня — «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» і «Несмертная казнь: потому что мы люди». За 2013 год такую ўзнагароду атрымала агульнанацыянальная кампанія «Зробім лепш!».

Таксама прэміямі будуць адзначаныя «Крэатыў году», «Новая ініцыятыва», «Рэгіянальная падзея», «Мэдыя/журналіст году» і «Найлепшы сайт НДА». Будзе вызначаны і «Гарбуз году» — «узнагарода» за нэгатыўныя дзеяньні ў дачыненьні да арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і іх прадстаўнікоў.

Паводле традыцыі, пераможцы вызначаюцца па выніках супольнага падліку галасоў, пададзеных за намінантаў сябрамі Працоўнай групы Асамблеі, а таксама спэцыяльна запрошанымі экспэртамі. Усяго ў журы 100 чалавек, у тым ліку асобы, вядомыя ў Беларусі і за мяжой.

XS
SM
MD
LG