Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў выгнала Арт Сядзібу, каб адкрыць там сэкс-шоп


7 сьнежня пад назваю «Добро пожаловать или Посторонним вход воспрещен» у былым памяшканьні культурніцкай пляцоўкі «Арт Сядзібы» адбылося адкрыцьцё сэкс-шопу.

Зь Інструмэнтальнага завулку «Арт Сядзіба» вымушана зьехала 1 траўня 2014-га. Перад гэтым установа ўпарта змагалася за месца. Атрымаўшы ў студзені 2014-га паведамленьне аб скасаваньні дамовы, адстаяла права дзейнічаць у гэтым памяшканьні аж да 1 траўня. За гэты час арганізавала школу арт-мэнэджараў «Ад ідэі да падзеі», правяла сэрыю сустрэчаў зь беларускімі творцамі «Салідарныя з Арт Сядзібаю» ды запусьціла кампанію па зборы сродкаў на новае памяшканьне «Будуем Арт Сядзібу разам!».

Доўгі час пасьля гэтага памяшканьне заставалася пустым. Так і не зьявіўся ў ім швейны цэх, як сьцьвярджалі ўласьнікі будынку — «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў». А 7 сьнежня, пасьля некалькіх месяцаў прастою, ў памяшканьні адбылося ўрачыстае адкрыцьцё сэкс-шопу amor.by.

У сэкс-шопе ведаюць, што раней у гэтым памяшканьні знаходзілася Арт Сядзіба, але сваёй віны ў гэтым ня бачаць:

«Гэтае памяшканьне доўга пуставала. Калі нічога не знайшлі, то прапанавалі нам яго зьняць у арэнду. У нас тут эратычная бялізна, адмысловыя тавары эратычнага характару. Мы іх не прадаем тут, у нас прэзэнтацыйная заля. Адпраўляем кур’ерам ці поштай».

Дырэктар Арт Сядзібы Павел Белавус адзначыў у інтэрвію Радыё Свабода:

«Мы ня супраць сэкс-шопаў. Мы супраць хлусьні: калі кіраўніцтва Таварыства паляўнічых і рыбаловаў „б’е сабе ў грудзі“ і кажа, што „вы тут ні пры чым і мы з вамі скасоўваем арэнду, бо нам выгодней і зараз вельмі трэба ўзнавіць швейны цэх, што адпаведнае абсталяваньне ўжо набытае“, а ў выніку памяшканьне стаіць некалькі месяцаў пустым, а пазьней там адкрываецца сэкс-шоп!»

Аб’яднаньне «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» зьяўляецца ня толькі дзяржаўным, а наўпрост падпарадкоўваецца Ўпраўленьню справамі Адміністрацыі прэзыдэнта.

На Інструмэнтальным завулку «Арт Сядзіба» правяла сотні мерапрыемстваў. Там неаднойчы безь перашкодаў выступаў забаронены тады Зьміцер Вайцюшкевіч, паказваў спэктаклі Свабодны тэатар, прэзэнтаваў сваю кнігу Уладзімір Някляеў, выступалі маладыя беларускія гурты і літаратары, адбываліся моўныя сустрэчы, праводзілі выставы, круглыя сталы і прэзэнтацыі Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Асамблея НДА, Беларуская асацыяцыя журналістаў ды іншыя грамадзкія арганізацыі, рухі ды ініцыятывы. У гэтым памяшканьні адбылася таксама школа арт-менэджараў «Ад ідэі да падзеі!», удзельнікі якой прыдумалі і рэалізавалі шэраг пасьпяховых праектаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG