Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы фоткаюцца зь беларускай стужкай і выкладваюць здымкі ў сеціва (ФОТАГАЛЕРЭЯ)


Пасьля акцыі раздачы стужак 6 сьнежня ў інтэрнэце зьявіўся новы трэнд. Ахвотныя робяць здымкі зь беларускай стужкай і выкладваюць гэта ў сацыяльныя сеткі, пазначаючы хаштэг #беларускаястужка.

6 сьнежня актывісты і валянтэры Арт-сядзібы раздалі ў Менску больш за 12 тысяч бела-чырвоных стужак зь беларускім арнамэнтам. Агулам у акцыі ўзялі ўдзел больш за 100 валянтэраў. Акцыя праходзіць пад споклічам «Пазнач сябе беларусам».

Напярэдадні на сайце Арт Сядзібы зьявілася інфармацыя пра 30 пунктаў у Менску, дзе можна бясплатна атрымаць стужкі. Гэта офісы грамадзкіх арганізацыяў, гандлёвыя цэнтры, унівэрсытэты ды інтэрнаты, крамы і цырульні. Акрамя гэтага, 6 сьнежня працавалі і некалькі мабільных кропак. У розных частках Менску ў вызначаны час актывісты раздавалі беларускія стужкі, заклікалі «пазначаць сябе беларусам», запрашалі на Дзень вышыванкі.

Акцыя прайшла без затрыманьняў, за выключэньнем адзінага выпадку каля Камароўскага рынку. Там была самая шматлюдная акцыя з удзелам журналістаў. Прыкладна а 12-й гадзіне супрацоўнікі міліцыі затрымалі фотакарэспандэнта Уладзіміра Грыдзіна, пасьля Францішка Вячорку і Паўла Белавуса. Праз тры гадзіны затрыманых вызвалілі.

Арганізатары зьбіраюцца і працягваць акцыю. Таксама 13 сьнежня рыхтуецца вялікі фэстываль Дзень вышыванкі, які пройдзе зь 15:00 да 22:00 у менскім Палацы мастацтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG