Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская стужка — замест георгіеўскай. У Менску раздалі 12 тысяч стужак з арнамэнтам


Арганізатары акцыі сьцьвярджаюць, што гэта толькі пачатак. Шукаюць спонсараў для набыцьця стужкі і рыхтуюцца да Дня вышыванкі 13 сьнежня.

Актывісты і валянтэры Арт-сядзібы раздалі ў Менску больш за 12 тысяч бела-чырвоных стужак зь беларускім арнамэнтам. Агулам у акцыі ўзялі ўдзел больш за 100 валянтэраў. Акцыя праходзіць пад споклічам «Пазнач сябе беларусам».

Напярэдадні на сайце Арт Сядзібы зьявілася інфармацыя пра 30 пунктаў у Менску, дзе можна бясплатна атрымаць стужкі. Гэта офісы грамадзкіх арганізацыяў, гандлёвыя цэнтры, унівэрсытэты ды інтэрнаты, крамы і цырульні. Акрамя гэтага, 6 сьнежня працавалі і некалькі мабільных кропак. У розных частках Менску ў вызначаны час актывісты раздавалі беларускія стужкі, заклікалі «пазначаць сябе беларусам», запрашалі на Дзень вышыванкі.

Акцыя прайшла без затрыманьняў, за выключэньнем адзінага выпадку каля Камароўскага рынку. Там была самая шматлюдная акцыя з удзелам журналістаў. Прыкладна а 12-й гадзіне супрацоўнікі міліцыі затрымалі фотакарэспандэнта Уладзіміра Грыдзіна, пасьля Францішка Вячорку і Паўла Белавуса.

У Савецкім РУУС затрыманыя далі тлумачэньні. Дырэктар Арт Сядзібы Павал Белавус патлумачыў сутнасьць акцыі, што яна адпавядае заканадаўству і мае прамацыйны характар. У затрыманых абшукалі рэчы, у Паўла Белавуса канфіскавалі 30 стужак «на праверку». Праз тры гадзіных затрыманых вызвалілі без складаньня пратаколу.

У гэты час акцыя адбывалася ў іншых месцах Менску, самыя масавыя — у раёне станцыяў мэтро Кастрычніцкая, плошча Перамогі, Няміга, Каменная горка.

Людзі пазытыўна рэагавалі, дзякавалі словамі «Жыве Беларусь!» Некаторыя далучаліся да валянтэраў і дапамагалі раздаваць.

«Папоўніць» запасы стужак валянтэры прыяжджалі у Арт Сядзібу. Але ўжо а 15-й гадзіне ўсе стужкі, а гэта больш за 12 тысяч штук, скончыліся.

Цягам акцыі кожны ахвотны мог апублікаваць свой здымак са стужкай у сацыяльных сетках, пазначыўшы хаштэг #беларускаястужка. Такім чынам, было апублікавана больш за 500 фотаздымкаў.

Вось, напрыклад, некаторыя здымкі з instagram:

Акрамя гэтага, людзі актыўна апісвалі хаду акцыі ў твітэры:

Некаторыя публікавалі здымкі сваіх жывёлаў:

Да акцыі далучыліся і музыкі:

Свае "сэлфі" даслалі і беларускія салдаты:

Арганізатары зьбіраюцца і працягваць акцыю і просяць падтрымаць яе адным з трох спосабаў. Арт Сядзіба таксама шукае спонсараў для набыцьця стужкі. Паводле актывістаў, чым большая сума будзе сабраная, тым большая колькасьць стужкі будзе набытая для раздачы.

13 сьнежня рыхтуецца вялікі фэстываль Дзень вышыванкі, які пройдзе зь 15:00 да 22:00 у менскім Палацы мастацтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG