Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё больш відавочны кошт санкцыяў супраць Расеі


Міністры замежных спраў краінаў НАТО абмяркоўваюць пытаньне аб пашырэньні санкцыяў супраць Расеі, якая ўступае ў рэцэсію.

Санкцыі не зьмянілі пазыцыі Масквы ў дачыненьні да Ўкраіны, але іх наступствы адчувальна адгукнуліся на расейскай эканоміцы, заявіў у аўторак на прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі дзяржаўны сакратар ЗША Джон Кэры.

Паводле слоў людзей зь ягонага атачэньня, на сустрэчы зь міністрамі замежных спраў краінаў-сябраў НАТО дзяржсакратар будзе абмяркоўваць пытаньне пашырэньня санкцыяў, якія, хутчэй за ўсё, зьяўляюцца адной з важных прычынаў надыходзячай у Расеі рэцэсіі.

Заява Джона Кэры пра тое, што санкцыі не займелі адчувальнага ўзьдзеяньня на Маскву ў справе расейска-ўкраінскага крызісу стала, па-сутнасьці, першым адкрытым прызнаньнем адміністрацыяй Барака Абамы таго, што першапачатковая мэта, якую ставіў Вашынгтон,— прадухіленьне маштабнага ўмяшаньня Расеі ў справы Ўкраіны — ня дасягнутая.

Аднак, як заявіў дзяржсакратар падчас прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі, расейская «эканоміка адчула ціск гэтых санкцыяў», і ў Масквы ёсьць «магчымасьць зрабіць іншы выбар». "Расея ня выканала свае абяцаньні спыніць падтрымку сэпаратыстаў, вывесьці свае войскі і ўзбраеньне, вызваліць закладнікаў, дазволіць інспэктарам АБСЭ заняцца сваёй справай і паважаць украінскі сувэрэнітэт і цэласнасьць",— растлумачыў Джон Кэры.

Згодна з камэнтаром неназваных памочнікаў Кэры, ЗША маюць намер абмеркаваць са сваімі саюзьнікамі ў НАТО варыянты пашырэньня рэжыму санкцыяў, працягваючы рабіць стаўку на эканамічны ціск.

Ці можна ацаніць, наколькі важкім апынуўся ўнёсак санкцыяў у цяперашнія эканамічныя цяжкасьці Расеі? Ці можна лічыць, што эканамічны спад у наступным годзе, які прагназуе ўжо і сам расейскі урад, зьяўляецца збольшага цаной за анэксію Крыма і падтрымку сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны? Вось як адказаў на гэтыя пытаньні Радыё Свабода прафэсар эканомікі, супрацоўнік Гувэраўскага інстытута ў Каліфорніі Міхаіл Бэрнштам:

— Сапраўды, нечакана нават для іх арганізатараў эфэкт санкцыяў апынуўся калясальным, паколькі расейская эканоміка ў выніку адтоку капіталу, немагчымасьці рэфінансаваньня пазыкаў заходнімі банкамі апынулася ў вельмі цяжкім фінансавым становішчы. Дзяржава была вымушана для забесьпячэньня выплаты гэтых пазыкаў заходнім банкам прадаваць расейскім прадпрыемствам і банкам рэзэрвы цэнтральнага банку, гэта адцягвала грашовую масу і скарачала попыт. У выніку Расея, якой у пачатку гэтага году міжнародныя фінансавыя арганізацыі прагназавалі эканамічны рост, скажам, у паўтара працэнты, у рэальнасьці заканчвае год з нулявым ростам, а ў 2015 годзе, паводле ўсіх наяўных прагнозаў, апынецца ў рэцэсіі. У сукупнасьці за апошні год санкцыі (цяпер ужо ў спалучэньні з падзеньнем кошту нафты) адабралі ў расейскай эканомікі прыблізна паўтара працэнты валавога ўнутранага прадукту. Спалучэньне гэтых фактараў вядзе да зацяжнога эканамічнага крызысу. Колькасна ён невялікі — можна меркаваць пра паўтарапрацэнтнае штогадовае падзеньне эканомікі. Але такое кшталту падзеньне назапашваецца.

— Гэта значыць, вы лічыце, што апошнія прагнозы расейскага ўрада пра тое, што эканамічны спад у наступным годзе не складзе аднаго працэнта, занадта аптымістычныя?

— Хутчэй за ўсё, у іх недастаткова улічаны эфэкт, які аказвае на расейскую эканоміку скарачэньне грашовай масы. А мы маем прэцэдэнт 2008-2009 гадоў. Цяпер грашовая маса ўпала на 3,5 працэнты, значыць, можна чакаць падзеньня эканомікі ад 1,5 да 2 працэнтаў у наступным годзе.

— І адным годам, Вы лічыце, гэта падзеньне не абмяжуецца?

— Адным годам яно не абмяжуецца, мне здаецца. Таму што расейская эканоміка пакутуе ад дэфіцыту інвэставаньня, а цяпер зьніклі асноўныя заходнія крыніцы, зь якіх вялося рэінвэставаньне. Унутраных крыніцаў у Расеі вельмі мала. Расея ў фінансавым пляне на працягу апошніх 25 гадоў заставалася вельмі адсталай краінай. Яна вельмі залежала ад заходніх крыніцаў фінансаваньня. Невыпадкова рэсурсныя прадпрыемствы, якія, здавалася б, былі вельмі пасьпяховымі, пазычалі грошы на Захадзе, а не карысталіся айчыннай банкаўскай сыстэмай ці не пазычалі ва ўласнага насельніцтва, як гэта адбываецца ў любой нармальнай краіне, а Расея — краіна не нармальная. І Захад перакрыў гэты кран у выніку санкцыяў.

— Ну а наколькі небясьпечнымі для Масквы могуць быць новыя санкцыі, якіх не выключаюць заходнія саюзьнікі?

— Усё залежыць ад канкрэтнага мэханізму санкцыяў. Якія санкцыі — такі эфэкт. Калі наступным крокам будзе замарожваньне замежных актываў расейскіх кампаніяў, як гэта было ў выпадку з Іракам ці Іранам, то гэта яшчэ больш пагоршыць іх фінансавае становішча.

— Сёй-той у Расеі кажа, што насамрэч Расея стала ўсяго толькі ахвярай падзеньня коштаў нафты, а ня санкцыяў?

— Падзеньне сусьветнага кошту нафты згуляе сваю ролю пазьней, у 2015 годзе. Пачалося ўсё гэта з унутраных прычын: тэхналягічная адсталасьць і потым зьніжэньне інвэстыцыяў. Гэта ўсё пачалося да ўвядзеньня санкцыяў. Санкцыі дадалі сілы гэтым працэсам.

XS
SM
MD
LG