Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пятніца стала выходным днём для шэрагу прадпрыемстваў Гомеля. Прастоі гэтыя змушаныя: прадукцыя не прадаецца, склады затавараныя.

Другі месяц не працуе па пятніцах гомельскі станкабудаўнічы завод «СтанкаГомель». Раней ён насіў імя Кірава і значыўся ў флягманах сваёй галіны. Выпускаў станкі зь лічбавым праграмным кіраваньнем. Тут працавала звыш 4 тысяч чалавек.

Цяпер не набіраецца й тысячы. Сотні чалавек пакінулі завод за апошнія гады. І вось новыя непрыемнасьці — скарочаны працоўны тыдзень.

Апавядае рабочы «СтанкаГомеля», які назваўся Анатолем:

«У пятніцу — вымушаны прастой. Поўнасьцю кастрычнік не працавалі. І на бягучы месяц ужо загад вісіць, што пятніца зноў будзе вымушаным прастоем. Нібыта ў нас станкі не купляюць — тое ды сёе. Брэшуць, відаць».

Рабочы зьдзіўляецца: на прадпрыемстве цяпер абслуговага пэрсаналу нашмат болей, чым вытворцаў, аднак продаж станкоў заўважна скараціўся:

«Нашы, якія гандлююць станкамі, сядзяць у кабінэтах і слаба прапануюць, нягледзячы на тое, што цяпер і ноўтбукі ёсьць. Я быў у Маскве на адным з заводаў. Спэцыяліст папытаўся, адкуль я. Ён паглядзеў — усе станкі нашы ў кампутары ёсьць. Кансольна-фрэзэрныя станкі — усе тэхнічныя характарыстыкі ёсьць. Ня трэба нават езьдзіць у камандзіроўкі — можна й праз інтэрнэт мець стасункі. І ня могуць прадаць — вечна стаяць гэтыя станкі».

Найбольш рабочага ў гэтай сытуацыі засмучае тое, што ў сувязі з выходнымі ўпалі й заробкі. Дзьве траціны тарыфнай стаўкі за вымушаны адпачынак у пятніцу завод, вядома, плаціць. Аднак агулам заробак зьніжаецца:

Да траўня заробак, напрыклад, у мяне быў 4 мільёны, а цяпер — 3 мільёны

«Да траўня заробак, напрыклад, у мяне быў 4 мільёны, а цяпер — 3 мільёны. На мільён заробак зьнізіўся — у мяне на „СтанкаГомелі“, былым заводзе імя Кірава. Упаў заробак».

У заводзкай дырэкцыі скарачэньне працоўнага тыдня тлумачаць адсутнасьцю попыту на станкі, і найперш на ўнутраным, беларускім рынку:

«Асноўная прычына — гэта адсутнасьць заказаў на станочную прадукцыю. Сутнасьць у тым, што нас тармозіць Беларусь. Спажыўцы нашых станкоў зь лічбавым праграмным кіраваньнем — гэта нашы флягманы: трактарны завод, маторны, БелАЗ, „Гомсельмаш“. Яны ня ў самым лепшым фінансавым становішчы. А калі так, то не да заказаў, не да абсталяваньня».

У такой сытуацыі, як лічаць на «СтанкаГомелі», працаваць з заплюшчанымі вачыма не выпадае:

«Гэта і электрычнасьць, і амярцьвелыя матэрыялы. На гэтыя матэрыялы трэба браць крэдыты пад вар’яцкія працэнты. Мы дбаем пра эканоміку. Натуральна, зь людзьмі ўзгадняем. Разумееце, калі чалавек сёньня стаў зарабляць менш, ён хвалюецца, будзе пытацца».

На станкабудаўнічым заводзе сьцьвярджаюць, што імкнуцца больш пастаўляць сваёй прадукцыі на экспарт — у Польшчу, Нямеччыну. Нібыта патрэбныя гомельскія станкі і прадпрыемствам расейскага абароннага комплексу. Таму на заводзе не выключаюць, што неўзабаве паўнавартасны працоўны тыдзень можа аднавіцца.

Са схаванымі і яўнымі дадатковымі выходнымі днямі жывуць цяпер і прадпрыемствы аб’яднаньня «Гомсельмаш». Працоўны тыдзень у аб’яднаньні пачаўся не 10, а толькі 11 лістапада.

Гатовыя камбайны на тэрыторыі Гомсельмашу

Гатовыя камбайны на тэрыторыі Гомсельмашу

Сельмашаўцы маюць вялікія цяжкасьці са збытам прадукцыі. Таму кіраўнікам цэхаў і майстрам адміністрацыя даводзіць заданьні, колькі і хто за месяц павінен дадаткова адпачываць.

Гаворыць майстра галаўнога заводу «Гомсельмаша» Аляксандар:

«Часта выганяюць у адпачынак за свой кошт. Па некалькі дзён кожнага працаўніка штомесяц. Мне даводзяць плян, каб я выправіў сваіх рабочых у адпачынак за свой кошт у зьвязку зь цяжкім становішчам на заводзе. І на ЗЛІНе такая ж сытуацыя».

У аб’яднаньні апошнім часам спахапіліся. Паколькі традыцыйная сельмашаўская тэхніка для ўборкі кармоў і збожжа на зьнешніх рынках асаблівым попытам не карыстаецца, тут узяліся за распрацоўку бавоўнаўборачных камбайнаў. Аднак толькі на праектаваньне такога камбайна трэба ня менш як год. Таму пакуль ёсьць як ёсьць:

«Цяжкая сытуацыя, таму людзей у адпачынак за свой кошт адпраўляюць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG